Вы тут

Больш за 50 гадоў сталічны клуб самадзейных мастакоў злучае прыроду і фантазію


Мінчанін Аляксандр Лейко шмат гадоў кіруе клубам мастакоў-аматараў «Прырода і фантазія» — гэтаму творчаму аб'яднанню, дарэчы, летась споўнілася ажно 50 гадоў. А яшчэ ён ладзіць выстаўкі майстроў у дзясятках беларускіх гарадоў, вядзе фоталетапіс клуба, збірае і беражліва захоўвае прыродную скульптуру і біжутэрыю, вырабленую адной з былых удзельніц творчай суполкі, знакамітай актрысай Стэфаніяй Станютай.


Стэфанія Станюта і яе «журавок», знойдзены на марскім беразе. Вялікая актрыса часта ўдзельнічала ў выстаўках секцыі «Прырода і фантазія» і з задавальненнем дарыла свае работы тым, каму яны падабаліся.

— Мы пазнаёміліся са Стэфаніяй Міхайлаўнай у 1984 годзе на адной з выставак цалкам выпадкова, — згадвае Аляксандр Аляксандравіч. — Убачыўшы мае работы, зробленыя з каранёў, якія я знайшоў у тарфяніку, яна сказала: «Гэты чалавек павінен быць у нас у клубе». А на той час лясной скульптурай яшчэ ніхто ў клубе не займаўся, толькі разьбярствам, і мае творы, пакрытыя масцікай, усім спадабаліся, бо яны захоўваюць жывую структуру дрэва.

Паміж рамеснікамі і элітай

Секцыя «Прырода і творчасць» стала дзейнічаць пры сталічным Доме прыроды яшчэ ў 1968 годзе. А вось выстаўкі сваіх работ мастакі-аматары ладзілі не толькі ў Мінску і іншых беларускіх гарадах, але і на ВДНГ у Маскве, і ў галерэі Патсдама. З 1970 года адной з пастаянных удзельніц мастацкай суполкі, якая ў 1980-х ператварылася ў клуб, была і народная артыстка СССР і БССР Стэфанія Станюта, якая захаплялася вырабам біжутэрыі з прыродных матэрыялаў.

У 1990 годзе клуб ледзьве не спыніў існаванне — са 150 удзельнікаў у ім засталося ўсяго сем. «Тады Стэфанія Міхайлаўна сказала мне: «Шаноўны Алесь, бяры справу ў свае рукі і кіруй». — «Кім? — пытаюся. — Людзей амаль не засталося». — «Я восьмая, ты дзявяты, збяром пакрысе іншых. Трэба ісці да людзей і несці ім творчасць, тады майстры падцягнуцца». І сапраўды, падцягнуліся: сярод цяперашніх удзельнікаў клуба — звыш 50 майстроў ва ўзросце ад 17 да 85 гадоў, якія займаюцца рознымі відамі вышыўкі, вязаннем, стужкавым дэкорам, бацікам, выпальваннем па дрэве і тканіне, разьбярствам, керамікай, фларыстыкай, прыроднай скульптурай, жывапісам... Практычна ўсіх кіраўнік ведае пайменна і прасоўвае іхнія творы ў мастацкія экспазіцыі, што выстаўляюцца, напрыклад, у сталічных і раённых бібліятэках, дамах культуры, цэнтрах народнай творчасці, у школах і гімназіях. Мінск, Полацк, Івянец, Мар'іна Горка, Навагрудак, Мядзел, Лагойск, Бабруйск, Іўе... Толькі за апошнія дзесяць гадоў выстаўкі клуба «Прырода і фантазія» прайшлі ў 60 беларускіх гарадах і мястэчках.

Каралі з маісу і вікі

— Стэфанія Міхайлаўна пайшла з жыцця ў лістападзе 2000 года, але нават пасмяротна засталася ганаровым членам нашага клуба: на дзень яе нараджэння, 13 мая, штогод мы збіраемся і едзем на могілкі — прыносім кветкі, дзелімся ўспамінамі. І аднойчы зразумеў для сябе, што нельга, каб яе работы згубіліся (яна сама з задавальненнем насіла ўласнаручна зробленыя ўпрыгожанні, але шмат якія і дарыла). І я пачаў гэтыя рэчы збіраць. Хтосьці прыносіў проста так, адна жанчына, помню, папрасіла хоць шакаладку ўзамен. Цалкам бескарысліва перадала многія работы і напісала дароўную на іх нявестка Стэфаніі Станюты, Ірына Аляксееўна Міхайлава-Станюта. Больш за ўсё ў маёй калекцыі — біжутэрыі, зробленай з прыродных матэрыялаў, — 60 адзінак. Некаторыя з тых работ ужо рассыпаліся, бо ім больш чым 40 гадоў, а ўмоў для рэстаўравання і захоўвання асабліва ніякіх, так і ляжаць у адзіным куфры. Таксама ёсць сем лясных скульптур і 18 пластык прыродных формаў Стэфаніі Міхайлаўны. Не падумайце, што я збіраю гэтыя творы проста дзеля збірання і валодання, — калекцыя час ад часу выстаўляецца разам з рэдкімі фотаздымкамі і рэчамі, што належалі Стэфаніі Станюце. Амаль да канца гэтага года такая выстаўка, напрыклад, будзе праходзіць у Мар'інай Горцы.

«Паглядзіце, такую форму назнарок не прыдумаеш!» — паказвае Аляксандр Аляксандравіч творы прыроднай пластыкі.

З усіх паездак, гастроляў і водпускаў, згадвае Аляксандр Лейко, вялікая актрыса прывозіла не якія-небудзь дэфіцытныя тавары або ласункі, а матэрыялы для работы: карэньчыкі, карчакі, насенне экзатычных раслін, з якіх нараджаліся бранзалеты, каралі, завушніцы... Некаторыя работы даюць больш уяўлення аб прыродзе, чым урокі біялогіі: хто з нас без падказкі помніць, як выглядаюць каробачкі і насенне брызгліны альбо, скажам, зярняткі вікі? «Да ўсяго, што яна рабіла, падыходзіла з мяккім гумарам і цеплынёй і, магчыма, таму, што вырасла ў сям'і вядомага мастака, умела бачыць прыгажосць там, дзе многія іншыя прайшлі б і не заўважылі, — перабірае экспанаты калекцыі Аляксандр Лейко. — Яна любіла дарыць свае творы, каб тыя прыносілі радасць іншым. А на сходы нашага клуба, зноў жа дзеля радасці і кампаніі, часта прыносіла «Ленінградскія» тарты, каб жыццё было смачнейшае. Паэтычная натура Стэфаніі Станюты праяўлялася і ў арыгінальных назвах, якія яна давала сваім творам. Вось паглядзіце: тут у нас «Лежабока», «Сівы лунь», «Грацыя»... Кожны бачыць у іх нешта блізкае для сябе».

Не пра грошы, а пра душу

Адзінае, аб чым сумуе кіраўнік клуба — у «Прыроды і фантазіі» ёсць больш за 1,5 тысячы разнастайных твораў, ёсць мастацкі вопыт і жаданне перадаць яго іншым энтузіястам, але няма рэгістрацыі і пастаяннай «прапіскі». Абяцалі знайсці куток у сядзібе Лошыцкага парку, але пасля рамонту прапанавалі толькі ўзяць пакойчык у арэнду. Зразумела, што рыначны падыход, стасункі з гледачамі на ўмовах арэнды памяшканняў і выставачных залаў мастакі-аматары не пацягнуць. Вось і грукае Аляксандр Лейко ў дзверы розных інстанцый, спрабуючы знайсці прытулак для клуба. А ён тым часам працягвае існаванне і быццам па ланцужку перадае ўсё новым людзям натхненне і ўменне бачыць прыгажосць навокал. «Можа, у гэтым стагоддзі справа з месца і не зрушыцца — але раптам, калі я ўжо сыду на пакой, знойдзецца чалавек або арганізацыя, якія змогуць узяць наш клуб пад крыло? — дзеліцца марай кіраўнік клуба. — Калі хтосьці пажадае да нас прымкнуць, то мы заўжды гатовыя паказаць і навучыць, што такое піраграфія, прыродная скульптура альбо стужкавы дызайн. Галоўнае, я так лічу, трэба несці людзям прыгажосць, пакуль ты здольны гэта рабіць, пакуль не выпрацаваў свой рэсурс».

У сваіх каралях, завушніцах, брошках Стэфанія Міхайлаўна магла скарыстаць самы розны матэрыял: зярняткі брызгліны, кавы, маіс, сплюснутую шышку, мускатны ці грэцкі арэх і нават... смажаныя да рознай ступені макаронныя зорачкі!

Ці мастацтва гэта? Безумоўна. Няхай наіўнае, але заўжды запатрабаванае, якое і мае не проста права на існаванне, а кола сваіх прыхільнікаў. А яшчэ, на маю думку, клуб «Прырода і фантазія» — з'ява сацыяльна-культурная, гэта не толькі адкрыццё новых мастацкіх самародкаў, але таксама своеасаблівая арт-тэрапія і прафілактыка адзіноты сучаснага чалавека, не важна, у малым ці вялікім горадзе. І вельмі хацелася б, каб на 50 гадах існавання гісторыя клуба не скончылася, а працягнулася з новай старонкі.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Філасофія прыгажосці

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візітам у Егіпет

Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візітам у Егіпет

Чакаецца падпісанне пакета двухбаковых дакументаў.

Грамадства

Прадпрымальнікі запусцілі сацыяльную ініцыятыву, каб сэканоміць сродкі бюджэту, але вымушаны за гэта плаціць

Прадпрымальнікі запусцілі сацыяльную ініцыятыву, каб сэканоміць сродкі бюджэту, але вымушаны за гэта плаціць

На ўпарадкаванне пасля прыклееных паперак выдаткоўваюцца велізарныя сродкі.