Вы тут

Сіражыддзін Саід: Беларусь нас прыцягвае і ўзвышае...


Днямі ў Мінску пройдуць Дні культуры Узбекістана. Сярод гасцей з Ташкента — і старшыня Саюза пісьменнікаў Узбекістана Сіражыддзін Саід.

Мы набралі напярэдадні падзеі ташкенцкі нумар спадара Сіражыддзіна і пацікавіліся складам дэлегацыі, намерамі ўзбекскіх сяброў у сувязі з візітам у Беларусь. І вось што пачулі ў адказ:


— Па-першае, хачу пазнаёміць вас, чытачоў урадавай газеты «Звязда», з удзельнікамі той групы нашай дэлегацыі, якая, пэўна, лепей за астатніх ведае Беларусь. Гэта — і старшыня Камітэта па міжнацыянальных адносінах і сяброўскіх сувязях з замежнымі краінамі пры Кабінеце міністраў Рэспублікі Узбекістан Рустамбек Курбанаў, і старшыня Акадэміі мастацтваў Узбекістана Акмал Нурыддзінаў, і рэктар Ташкенцкага дзяржаўнага ўніверсітэта ўзбекскай мовы і літаратуры Шухрат Сіражыддзінаў, і старшыня Ташкенцкага гарадскога беларускага нацыянальнага цэнтра «Світанак» Святлана Дудзюк, і прафесар кафедры рускай мовы і літаратуры Узбекскага дзяржаўнага ўніверсітэта сусветных моў Анатоль Ліхадзіеўскі. Мы прымем удзел у Форуме рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Узбекістан ад імя ўсёй творчай і навуковай інтэлігенцыі нашай краіны.

Па-другое, мы едзем да сяброў. Мы ўжо навялі пэўныя масты, якія ўсё болей збліжаюць нашы краіны, нашы народы і нашы культуры. Летась я браў удзел у Дні беларускага пісьменства ў Іванаве на Берасцейшчыне. Вельмі ўражаны гэтым святам. Яму папярэднічаў і міжнародны круглы стол «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго», які праходзіў ва ўзноўленай сядзібе геніяльнага творцы Напалеона Орды. З таго часу мы пачалі выбудоўваць стасункі з пісьменнікамі Беларусі. У Ташкенце выйшаў беларускі выпуск часопіса «Сусветная літаратура».

Узбекская дэлегацыя прыняла ўдзел у лютаўскай Мінскай кніжнай выстаўцы-кірмашы і міжнародным сімпозіуме літаратараў «Пісьменнік і час». Беларусь нас прыцягвае і ўзвышае... Гасцявала ў Мінску і пісьменніца Рысалат Хайдарава. Цяпер яна працуе над перакладам анталогіі сучаснай беларускай дзіцячай літаратуры на ўзбекскую мову. Нядаўна пабываў у Мінску, наведаў іншыя куточкі вашай краіны пісьменнік і публіцыст Кучкор Наркабіл. Ён працуе над кнігай пра Беларусь 1941 года.

— Сапраўды, тэма Вялікай Айчыннай вайны ці не самая важкая ў збліжэнні нашых народаў, ва ўзнаўленні гістарычнай памяці, аднолькава важная і для ўзбекаў, і для беларусаў...

— Так, ведаю, што ў вашым выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» рыхтуецца да выдання кніга пра ўзбекаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную на тэрыторыі Беларусі... Мы ўдзячны вам за такі клопат, за праяву такой увагі да агульнай праблематыкі. Летась, дарэчы, выйшаў узбекскі выпуск часопіса «Беларусь». І сёлета гэтае выданне таксама толькі што прысвяціла Узбекістану спецыяльны нумар. У часопісе «Беларусь», безумоўна, ёсць старонкі пра літаратуру, пра пісьменнікаў Узбекістана і Беларусі.

А ў нядаўнім гадавіку беларускага альманаха «Далягляды» пабачыла свет падборка паэзіі розных мастакоў слова з Узбекістана ў перакладзе на беларускую мову. Сярод іншых вылучаецца паэзія народнага паэта Узбекістана, героя Узбекістана Эркіна Вахідава. Цяпер, дарэчы, вядомы беларускі паэт Навум Гальпяровіч працуе над перакладам паэмы Эркіна Вахідава «Паўстанне бессмяротных», прысвечанай бенгальскаму паэту-пакутніку Казі Назруло Ісламу.

У час Дзён культуры Узбекістана ў Беларусі ў Літаратурным музеі Янкі Купалы пройдзе круглы стол, прысвечаны беларуска-ўзбекскім літаратурным сувязям. Мяркую, што нам будзе пра што пагаварыць з беларускімі калегамі.

— У складзе вашай дэлегацыі і беларусы...

— Так, тыя беларусы, хто прадстаўляе яшчэ і грамадскую супольнасць вашых землякоў у Ташкенце. Святлана Дудзюк узначальвае беларускую грамаду ва Узбекістане. А доктар філалагічных навук Анатоль Сцяпанавіч Ліхадзіеўскі — сын славутага беларускага і ўзбекскага вучонага Сцяпана Ліхадзіеўскага, які доўгія гады таксама жыў у Ташкенце. Менавіта ён пераклаў творы многіх узбекскіх паэтаў на рускую і беларускую мову. А ўзбекістанцаў пазнаёміў з Анатолем Франсам, вывучэнню жыцця і творчасці якога аддаў шмат сіл і часу. Уражанне такое, што мы вельмі блізкія адны да адных — узбекі і беларусы. І таму, як на маю думку, наша гуманітарная дзейнасць шмат у чым павінна быць супольнай.

— Дзякуй, спадар Сіражыддзін, за добрыя словы. Добрага чарговага знаёмства з Мінскам і з Беларуссю ўвогуле!

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.