Вы тут

Сёння Прэзідэнт прызначыў і ўзгадніў кандыдатуры шэрагу службовых асоб


На вакантную з красавіка гэтага году пасаду старшыні Гомельскага аблвыканкама кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка прызначыў Генадзя Салаўя, які дагэтуль займаў пасаду першага намесніка старшыні аблвыканкама і курыраваў на Гомельшчыне развіццё аграпрамысловай галіны, ахову навакольнага асяроддзя і землеўладкаванне.


Генадзь Міхайлавіч Салавей нарадзіўся ў вёсцы Туполы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці ў 1963 годзе. Скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Працоўную дзейнасць пачынаў заатэхнікам калгаса імя Леніна Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. З 1989 па 2012 год працаваў старшым заатэхнікам, намеснікам старшыні, старшынёй СПК, затым дырэктарам ААТ «Лань-Нясвіж». З сакавіка 2012-га — першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Нясвіжскага райвыканкама. У 2012 — 2018 гадах кіраваў Клецкім райвыканкамам Мінскай вобласці, у сакавіку 2018 годзе вярнуўся ў Нясвіж у якасці старшыні раённага выканаўчага камітэта, а ў лістападзе гэтага ж года быў прызначаны на пасаду першага намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама.

Гомельская вобласць заставалася без губернатара з вясны гэтага года, пасля таго, як Уладзімір Дворнік, які ўзначальваў вобласць на працягу 9 апошніх гадоў, быў прызначаны на пасаду віцэ-прэм’ера.

Памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектарам па Віцебскай вобласці кіраўнік дзяржавы прызначыў сёння Анатоля Ліневіча, які з сакавіка 2016 года ўзначальваў Капыльскі райвыканкам. Да чэрвеня пасаду памочніка Прэзідэнта — інспектара па Віцебскай вобалсці займаў Віталь Воўк, былы міністр прамысловасці, які цяпер узначальвае Мінскі трактарны завод.

Анатоль Канстанцінавіч Ліневіч нарадзіўся ў 1968 годзе ў вёсцы Сухопаль Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Працаваць пачынаў у родным раёне, у саўгасе «Ружанскі» начальнікам мехатрадаў. У 2000 годзе ўзначаліў калгас імя Ленінскага камсамола, праз два гады быў прызначаны дырэктарам ААТ «Жураўлінае» — аднаго з вядучых сельскагаспадарчых вытворцаў Брэсцкай вобласці па вырошчванню збожжавых культур, рапсу і прадукцыі садаводства, вытворчасці свініны, малака, мяса буйной рагатай жывёлы. З 2007 па 2011 год — генеральны дырэктар ААТ «Агракамбінат» Мачулішчы» Мінскага раёна, а ў 2011-м прызначаны першым намеснікам генеральнага дырэктара ААТ"Кіруючая кампанія холдынгу «Агракамбінат «Мачулішчы», у склад якога ўваходзіць 23 прадпрыемствы. З 2012 па 2016 гады працаваў у Дзяржынскім райвыканкаме на пасадзе першага намесніка старшыні, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Італьянскай Рэспубліцы, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол у Рэспубліцы Мальта па сумяшчальніцтве Аляксандр Гур’янаў прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным паслом у Рэспубліцы Сан-Марына па сумяшчальніцтве. 

Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў прызначэнне шэрагу кіраўнікоў найважнейшых арганізацый нашай краіны. 

Кіраўнік дзяржавы даў згоду на прызначэнне Дзмітрыя Корчыка на пасаду генеральнага дырэктара ААТ «Беларускі металургічны завод — кіруючая кампанія холдынгу «Беларуская металургічная кампанія». Дзмітрый Корчык апошнія чатыры гады працаваў намеснікам міністра прамысловасці, а пачынаў токарам на «Інтэграле», дзе даслужыўся да пасады галоўнага энергетыка. За гэты час скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію, пазней — Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. З 2002 года 10 гадоў працаваў у цэнтральным апараце Міністэрства прамысловасці, тры гады ўзначальваў прамыслова-тэхнічную палітыку на Барысаўскім заводзе аўтатрактарнага электраабсталявання.

На пасаду старшыні праўлення ААТ «Беларуская ўніверсальная таварная біржа» Прэзідэнтам ўзгоднены Аляксандр Асмалоўскі, які да гэтага ўзначальваў установу «Дыпсервіс» Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 

Атрымана згода кіраўніка дзяржавы на прызначэнне намеснікам начальніка Беларускай чыгункі Андрэя Якабсона, які дагэтуль кіраваў гомельскім лакаматыўным дэпо. 

У працоўным парадку Прэзідэнт узгадніў прызначэнне Аляксандра Кадлубая на пасаду намесніка міністра адукацыі і Сяргея Несцяровіча на пасаду першага намесніка міністра сувязі і інфарматызацыі.

Аляксандр Лукашэнка таксама ўзгадніў прызначэнне шэрагу кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Атрымана згода кіраўніка дзяржавы на прызначэнне:

  • Аляксандра Шубскага старшынёй Глыбоксага райвыканкама (да гэтага ўзначальваў фінаддзел у адміністарцыі Мёрскага раёна),
  • Віктара Гурскага старшынёй Шумілінскага райвыканкама (узначальваў абласную арганізацыю прафсаюзаў АПК на Віцебшчыне),
  • Аляксандра Сідарэнкі старшынёй Жыткавіцкага райвыканкама (кіраваў Гомельаблпрамам),
  • Андрэя Турука старшынёй Кармянскага райвыканкама (працаваў галоўным аграномам «Саўгаса-камбіната «Зара» у Мазырскім раёне),
  • Яўгена Круковіча старшынёй Валожынскага райвыканкама (кіраваў развіццём сельскай гаспадаркі на Барысаўшчыне),
  • Валерыя Мельніка старшынёй Любанскага райвыканкама (адказваў за сельскую гаспадарку ў гэтым жа раёне),
  • Аляксандра Бутарава старшынёй Горацкага райвыканкама (кіраваў Кіраўскім раёнам),
  • Міхаіла Гулага старшынёй Кіраўскага райвыканкама (узначальваў вучэбна-вопытнкую гаспадарку ў Горках),
  • Сцяпана Палоннікава старшынёй Круглянскага райвыканкама (адказваў за сельскую гаспадарку ў Магілёўскім раёне),
  • Канстанціна Жыгуцкага старшынёй Асіповіцкага райвыканкама (узначальваў выканаўчую ўладу на Слаўгарадшчыне),
  • Сяргея Міхалюты старшынёй Слаўгарадскага райвыканкама (працаваў намеснікам старшыні Шклоўскага райвыканкама) 
  • Віталія Уласевіча кіраўніком адміністарцыі Першамайскага раёна горада Бабруйска (дэпутат Палаты прадстаўнікоў).

Падчас прадстаўлення кіраўніку дзяржавы кандыдатаў на ўзгадненне старшынямі райвыканкамаў, Прэзідэнт сказаў, што жадае пабываць у Кіраўскім раёне. Ён распытаў Аляксандра Бутарава, які да сёння кіраваў Кіраўскім райвыканкамам, пра слабыя і моцныя прадпремствы раёна і горада, добраўпарадкаванне Кіраўска, аграгарадкі, аб’яднаныя гаспадаркі. Спытаў і пра тое, ці знаёмы Аляксандру Бутараву Горацкі раён, куды ён прызначаецца. «Гэта мая радзіма, — адказаў кандыдат на пасаду. — Я там вырас, вучыўся і працаваў». 

Пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка і сённяшнім становішчам у Горках у Міхаіла Гулага, які там узначальваў вучэбна-вопытную гаспадарку. Цяпер дадзена згода на прызначэнне яго ў Кіраўск.

Прэзідэнт звярнуўся да Сцяпана Палоннікава: «Круглае — гэта прыстойны раён, працаваць там можна і трэба, але праблем у цябе хопіць, бо разоў 20 на год я бачу твой раён як на далоні. Невялікі раён, там быў абраны ў свой час правільны кірунак, але трэба гэта падтрымліваць і рухацца далей».

Аляксандр Лукашэнка распытаў кандыдатаў пра сферы, за якія яны адказвалі, і пра тое, наколькі ім знаёмыя асаблівасці рэгіёнаў, на якія яны прызначаецца.

Канстанцін Жыгуцкі расказаў пра рэалізацыю даручэння кіраўніка дзяржавы аб развіцці паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці. Аляксандр Лукашэнка зноў акцэнтаваў увагу на тым, каб сельскагаспадарчая тэхніка, на якую выдаткоўваюцца дзяржаўныя грошы, добра захоўвалася і ўтрымлівалася. Што тычыцца тэрыторый, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, Прэзідэнт заўважыў: «Будзьце больш жорсткімі, не расслабляйцеся і паменш рыданняў з нагоды таго, што людзі не тыя, «чарнобыльскі раён» і іншае. Вы такія як усе! Слаўгарадскі і суседнія раёны, канешне, у свой час пацярпелі, людзей напужалі, разагналі, а зараз гераічнымі намаганнямі прыходзіцца вяртаць да жыцця гэтыя тэрыторыі. А без людзей гэта зрабіць немагчыма. Сёлета я пабуду ў паўднёва-ўсходніх раёнах Магілёўшчыны, трэба паглядзець, як рэалізуецца гэтая праграма. Там сустрэнемся і пагаворым».

Потым кіраўнік дзяржавы звярнуўся да ўсіх з прамовай. «З палітыкі хачу пачаць. Гэты і наступны год, вы ведаеце, асаблівы. Не хачу казаць пра іх важнасць, пра гэта сказана немала, ды і вы людзі дасведчаныя, у той або іншай якасці ўдзельнічалі ў такіх кампаніях, — сказаў ён. — Але асобна палітыкай у нас займацца няма каму, таму ўсё сканцэнтравана ў вашых руках, на месцы. Таму я вас прашу ўсё арганізаваць на годным узроўні. Становішча ў раёнах, куды вы накіроўваецеся, рознае, але ў цэлым яно стабільнае. Людзі цяперашнюю ўладу падтрымліваюць, і крытыкі хапае, што правільна. Таму трэба размаўляць з людзьмі, ні ў якім разе не павінна быць ніякага ціску, трэба людзей інфармаваць. Аднясіцеся да людзей па-чалавечы!» 

Прэзідэнт загадаў падтрымліваць парадак не толькі ў аграгарадках і райцэнтрах. «Паглядзіце на выплату заробкаў. Пастарайцеся зрабіць усё, каб у заробках быў прырост. І не дзеля выбараў, — акцэнтаваў увагу новых кіраўнікоў раёнаў Аляксандр Лукашэнка. — Запыт на справядлівасць нікуды не дзеўся. Аснова нашай з вамі палітыкі — справядлівыя і шчырыя адносіны да людзей». 

Датычна эканомікі асноўны акцэнт Прэзідэнт паставіў на сельскай гаспадарцы. Ён зноў паўтарыў задачу, сфармуляваную на нядаўняй селектарнай нарадзе па ўборачнай кампаніі: ніжэй за 9 мільёнаў тон збожжа сёлета сабраць нельга, імкнуцца трэба да 9,5 мільёна тон. «Жорстка будзем кантраляваць урад і, канешне, вас. Бо ад вас гэта залежыць!» — звярнуўся ён да новых старшынь райвыканкамаў. 

Спыніўся Аляксандр Лукашэнка на яшчэ адной нядаўна паднятай тэме: адказнасць дзяржслужачых за падзёж жывёлы. «Я вас прашу: звярніце на гэтыя праблемы асаблівую ўвагу! Адказнасць будзе вельмі сур’ёзная за гэтыя рэчы. І гэта прамая наша недапрацоўка. Калі вы накіроўваецеся ў гэтыя раёны, значыць там трэба навесці парадак», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

У свеце

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Да Кiтая ўвага ўсёй сусветнай супольнасцi прыкавана з розных прычын.

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.

Грамадства

Збiраемся ў школу. У жнiўнi адна з галоўных задач мам i татаў — «экiпiроўка» дзяцей да 1 верасня

Збiраемся ў школу. У жнiўнi адна з галоўных задач мам i татаў — «экiпiроўка» дзяцей да 1 верасня

Першае i галоўнае правiла — яшчэ дома вызначыцеся з тым, што вам трэба.