Вы тут

Працягваюць падводзіцца вынікі Еўрапейскіх гульняў


Вопыт Еўрапейскіх гульняў у кантэксце іміджу краіны, турызму і інфраструктуры

Пасля завяршэння мультыспартыўнага турніру ў Мінску прайшоў ужо амаль месяц, але спецыялісты галіны працягваюць падводзіць яго вынікі.


Намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Міхаіл Партной паведаміў, што ў час ІІ Еўрапейскіх гульняў у Беларусі пабывала больш за 37 тысяч замежных турыстаў. Ён адзначыў, што да пачатку турніру яго арганізатары ставілі перад сабой мэту па колькасці замежных гасцей перасягнуць Еўрапейскія гульні ў Баку, куды ў 2015 годзе прыехала 28 тысяч замежнікаў.

«Паводле звестак Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, па квітках ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія замянялі візы, у нашу краіну ўехала 8167 замежных грамадзян, але ў гэтай статыстыцы не ўлічаны турысты з Расіі, Украіны і тых краін, з якімі ў нас уведзены бязвізавы ўезд, а таксама тыя, хто заехаў у краіну праз аэрапорт. Агульная колькасць замежных турыстаў па заніжанай ацэнцы складае 37 450. Але гэта папярэднія звесткі, і, думаю, пасля справаздачы турфірмаў і апублікавання статыстычных даных іх колькасць будзе вышэйшая», — расказаў Міхаіл Партной.

Канчатковая колькасць арганізаваных турыстаў, якія пабывалі ў Мінску і Беларусі падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў, назавуць толькі ў канцы года. Вызначыць, колькі Беларусь у цэлым зарабіла на гэтых гульнях, таксама можна будзе толькі па выніках года, калі будзе сабрана ўся неабходная статыстыка суб'ектаў гаспадарання і дзяржорганаў.

З моманту ўвядзення бязвізавага рэжыму (20 мая) і да 10 ліпеня пагранічнікі зафіксавалі 766 183 перасячэнні мяжы. Найбольшая колькасць турыстаў прыязджала з Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, а самым распаўсюджаным відам транспарту, на якім была перасечана граніца, быў аўтамабільны, на другім месцы — авіятранспарт, на трэцім — чыгунка.

Пасажырапаток у Нацыянальным аэрапорце Мінск вырас у чэрвені амаль на 10 %, а ў перыяд правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў — амаль на 80 %. C 19 чэрвеня па 1 ліпеня аэрапорт абслужыў 390 101 пасажыра — гэта на 78 % больш за аналагічны леташні перыяд (тады было 218 677 пасажыраў). Лік абслужаных за гэты перыяд рэйсаў вырас на 11 % — да 2458 (год таму было 2214), паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнага аэрапорта Мінск. У перыяд правядзення Гульняў зафіксаваны рэкордныя для авіяпрадпрыемства паказчыкі па абслужаных самалёта-вылетах і пасажырах за адны суткі, напрыклад, 21 чэрвеня абслужана 208 рэйсаў, 1 ліпеня — 20 276 пасажыраў.

Начальнік аддзела ўпраўлення пагранічнага кантролю Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Кузьма Лясняк лічыць, што дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі падчас падрыхтоўкі і правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў выканаў пастаўленыя задачы. Перад правядзеннем турніру да прыёму турыстаў загадзя рыхтавалі як непасрэдна пункты пропуску, так і асабісты склад. Па словах прадстаўніка Дзяржпагранкамітэта, падчас турніру былі адзначаны выпадкі, калі замежнікі хацелі трапіць у Беларусь па падробленых дакументах, але такія спробы былі спынены. «Атрыманы вопыт мы будзем выкарыстоўваць пры падрыхтоўцы да чэмпіянату свету па хакеі, які ў 2021 годзе прымуць Беларусь і Латвія», — адзначыў Кузьма Лясняк.

У 195 краінах гледачы ўбачылі 521 гадзіну прамых трансляцый спаборніцтваў ІІ Еўрапейскіх гульняў. Агульная аўдыторыя гледачоў склала 250 мільёнаў чалавек без уліку тэлегледачоў з Расіі і некаторых іншых краін Еўропы, дзе канчатковыя даныя яшчэ не падлічаны. Мультыспартыўны форум асвятляла больш за 1200 прадстаўнікоў СМІ. У вядучых сродках масавай інфармацыі было зроблена амаль 3,5 тысячы ўнікальных публікацый. «Так канцэнтравана і ў пазітыўным ключы пра Беларусь не пісалі яшчэ ніколі, — заўважыў намеснік дырэктара фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Анатоль Котаў, які прывёў гэтую статыстыку. — Мы чакаем, што такая масіраваная пазітыўная рэклама нашай краіны дапаможа не толькі падвесці добрыя вынікі для турыстычнай галіны сёлета, але яшчэ больш сур'ёзны эфект прынясе ў наступныя гады. Вялікая тэле- і медыяаўдыторыя ўбачыла наш прыгожы край, і для многіх гэта стане пазітыўным матыватарам, каб прыехаць у адпачынак у Беларусь».

«На ІІ Еўрапейскія гульні ў Беларусь мы запрасілі генеральнага сакратара Сусветнай турысцкай арганізацыі Зураба Палалікашвілі. У ходзе візіту адбыліся яго сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, намеснікам прэм'ер-міністра Ігарам Петрышэнкам, міністрамі спорту і турызму, замежных спраў, старшынёй Мінгарвыканкама, — расказаў Міхаіл Партной. — Генеральны сакратар Сусветнай турысцкай арганізацыі наведаў спартыўныя і турыстычныя аб'екты, у тым ліку «Дудуткі», вуліцы Кастрычніцкую і Зыбіцкую ў Мінску, дзе быў уражаны колькасцю замежных турыстаў. Зураб Палалікашвілі высока ацаніў наш турыстычны патэнцыял. Цяпер мы працуем над стратэгіяй развіцця турыстычнай галіны і законам аб турызме, Сусветная турысцкая арганізацыя будзе аказваць нам неабходную дапамогу ў падрыхтоўцы і карэкціроўцы гэтых дакументаў».

Старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіп Гулый адзначыў, што тураператары падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў зарабілі на 30 % больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Пазітыўны матыватар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».