Вы тут

Што цікавага было на лён-фэсце ў Карэліцкім раёне?


Нацыянальная беларуская расліна, увекавечаная ў дзяржаўным гербе Беларусі як прыродны сімвал, спрадвеку карміла, лячыла, сагравала і ахоўвала нашых продкаў. Ільняная тканіна здаўна лічылася элітнай. У яе заварочвалі муміі егіпецкіх фараонаў, з яе шылі тунікі старажытнарымскім сенатарам, нават знакамітая турынская плашчаніца таксама было з ільну. А трываласць «паўночнага шоўку» такая, што з яго вілі карабельныя канаты і ладзілі парусы. Паслухаць гісторыі ды легенды пра адну з найстаражытнейшых культур беларускай зямлі, памацаць яе і нават пакаштаваць на смак змаглі госці свята ў аграгарадку Турэц.


Лён любіць паклон

Лён суправаджаў чалавека цягам усяго жыцця. Немаўля спавівалі ў пялюшкі, зробленыя з падола матчынай ільняной кашулі. Жаніх з нявестай мусілі абавязкова пастаяць на льняным ручніку. На вышываных ручніках апускалі ў зямлю труну з нябожчыкам.

Работа з ільном, дарэчы, вельмі цяжкая і доўгая. Пасеяны напачатку лета, вырваны ў канцы жніўня, змяты з першым снегам, спрадзены ўзімку з кудзелі ў ніці, лён пачыналі ткаць толькі ўвесну. І справа гэтая таксама карпатлівая і патрабуе сапраўднага ўмення.

Мясцовыя майстрыхі Надзея Іосіфаўна КОМАР з Турца і Данута Канстанцінаўна ЗАХАРЧУК з Вялікай Слабады сваімі цудоўнымі вырабамі нагадалі прысутным, якую прыгажосць можна ствараць з ільну, і наколькі даўгавечнымі і непаўторнымі могуць быць рэчы, зробленыя ўмелымі рукамі.

Данута Захарчук.

Тут вам і ручнікі, і пакрывалы, і абрусы, і сурвэткі... Бялюткія, больш цёмныя, чорныя... Шмат што ткалася ды вышывалася для пасагу, пасля часта дарылася. Данута Канстанцінаўна (на фота) кажа, што пачала займацца гэтым рамяством гадоў у 17, усю навуку пераняла ад мамы-ўдаліцы. А ўзор, гаворыць, часта бралі з фіранак, што даўней на вокны вешалі, кветачкі ўсялякія адтуль пераносілі на тканіну.

— Гэта яшчэ мама мая ткала, а я вышывала, — паказвае майстрыха пакрывала з чорнага льну, вышытае рознакаляровымі шарсцянымі ніткамі. — Паверсе былі чорныя штамповачкі, падсоўваеш пад іх мартушачку і праходзіш далей... Лічыш штамповачкі, колькі трэба пустых чорных, а колькі ўжо каляровых, каб узор зрабіць: лісцік, кветачку, галіначку. Тады штамповачкі ўбіраеш і падсоўваеш нітку. Мы з сяброўкай удваіх вышывалі цэлы тыдзень з васьмі раніцы да вечара, пакуль спаць не захочам. Мне гадоў 40 таму прапаноўвалі ад раёна ткацкі станок, дык я не знайшла памочніка сабе, з кім рабіць, і адмовілася. Вялікія рэчы — накшталт дзяружак ці пакрывала — не зробіш адзін, трэба дошчачку падымаць, перабіраць...

Для тых, хто нічога не цяміць у рамесніцкай навуцы, усё гэта здавалася незразумелым, аднак прыгажосць быў здольны ацаніць кожны.

І з'есці, і сплесці


Сёлета ў Карэліцкім раёне лён-фэст прайшоў трэці раз запар. Прысвечанае сінявокаму абаронцу нашых продкаў свята аддае даніну павагі традыцыям мінуўшчыны і людзям, якія ўмелі ствараць з нацыянальнага багацця вечныя льняныя каштоўнасці.

Прыгожыя вырабы радавалі вочы гасцей фэсту, а печыва з ільняным семем, — задавальняла смак. Булачкі, хлеб, крэкеры, пячэнне, згатаваныя вучаніцамі мясцовай турэцкай школы, проста прасіліся ў рот. У адну з печаных страў дзяўчаткі яшчэ тварог дадалі і грушу. Смаката, скажу вам! Школьніцы кажуць, што рэцэпты ўзялі проста з інтэрнэту.

— Цікавае свята ў нашай вёсцы зладзілі, і мы хацелі здзівіць усіх і паказаць, што лён — гэта яшчэ і ежа, — кажуць Ганна, Паліна і Надзея, аўтары страў, якія частавалі прысмакамі ўсіх прысутных.

А малодшыя школьнікі дапамаглі дарослым артыстам з Турца і Шчучына зладзіць для гледачоў канцэрт. Сваім «ільняным» танцам яны распачалі свята і задалі яму настрой на некалькі гадзін.

Нагледзеўшыся і наласаваўшыся, можна было самастойна зрабіць абярэг у хату з ільну. Майстар-клас па стварэнні лялькі-мотанкі праводзілі майстры з раённага дома рамёстваў. Яны паказвалі, як правільна наматаць нітку на спецыяльную дошчачку, пасля звіць яе ў ляльку, дадаўшы чырвонай ніткі, і атрымаць у выніку незвычайную цацку, магічную рэч і цёплы напамін пра свята.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Сінявокі, родны, адзіны...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?