Вы тут

Стартаваў праект, які дапаможа пачаць і працягнуць весці здаровы лад жыцця


Прафілактыка — лепш за лячэнне, а штодзённая прафілактыка роўная здароваму ладу жыцця. Каб падтрымаць ЗЛЖ у краіне, Міністэрствам аховы здароўя праводзіцца мноства рэспубліканскіх акцый для розных узроставых груп, пачынаючы ад самых маленькіх жыхароў краіны ў дзіцячых садках.


Напрыклад, «Школа — тэрыторыя здароўя» накіравана на агульнаадукацыйныя школы краіны, праект «Мой стыль жыцця сёння — маё здароўе і поспех заўтра» разлічаны на вышэйшыя навучальныя ўстановы, і за першае паўгоддзе 2019-га да яго далучылася ўжо 41 ВНУ. Адзін з самых маштабных прафілактычных рэспубліканскіх праектаў «Здаровыя гарады і пасёлкі» сёння ўключае 66 удзельнікаў — населеных пунктаў. Акрамя таго, у мэтах прафілактыкі насельніцтву рэгулярна прапануюць вымераць ціск не толькі ва ўстановах аховы здароўя, але і ў гіпермаркетах, крамах, на прамысловых прадпрыемствах. За першае паўгоддзе 2019 года ціск з прафілактычнай мэтай вымералі больш як 650 тысяч чалавек, паведаміла галоўны спецыяліст аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Вікторыя Сперанская.

З 1 жніўня ЮНІСЕФ сумесна з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі запускае новы марафон здаровага ладу жыцця «#САД — спартыўны, актыўны, даступны!». Кожны чацвер з 18.00 да 21.00 мінчане змогуць абсалютна бясплатна далучыцца да цэлага шэрагу актыўнасцяў, атрымаць кансультацыі ад вядучых спецыялістаў, прайсці экспрэс-абследаванне і скласці свой асабісты пашпарт здароўя. Мерапрыемствы будуць праходзіць на базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле. Напрыклад, у першы дзень праекта, 1 жніўня, удзельнікі змогуць бясплатна заняцца пілатэсам, схадзіць у «Велашколу» ўсёй сям'ёй, паспрабаваць сябе ў адзінаборствах, тайскім боксе і ёзе. А ўрач-дыетолаг дапаможа скласці рацыён харчавання і дасць карысныя рэкамендацыі. Кожны чацвер на пляцоўцы «САД» будуць працаваць розныя спецыялісты — кардыёлагі, неўролагі, валеолагі, урачы агульнай практыкі, траўматолагі-артапеды. — Спецыялісты будуць выкарыстоўваць «разумныя» вагі, якія вызначаць долю тлушчавай тканкі, шчыльнасць мінеральнай тканкі костак і мышачную масу, а таксама «разумны» танометр, які дапаможа вызначыць праблемы з сардэчнымі рытмамі, — расказала галоўны ўрач установы аховы здароўя «39-я гарадская клінічная паліклініка» Вольга Есманчык.Пасля запаўнення пашпарта здароўя ўдзельнікі праекта змогуць атрымаць рэкамендацыі ўрачоў наконт таго, якая фізічная актыўнасць падыходзіць ім больш за ўсё і якіх рызык пажадана пазбягаць.

— Здаровы лад жыцця важны з моманту планавання цяжарнасці, нараджэння і да канца жыцця, — кажа намеснік прадстаўніка ЮНІСЕФ у Беларусі Габрыэла Івона Акімава. — Толькі калі мы ўсе падумаем пра сваё здароўе, пра прафілактыку захворванняў, тады і будзем сапраўды здаровым грамадствам.

Ва ўсе дні правядзення марафону будуць прадстаўлены розныя віды сумесных актыўнасцяў для мам і дзяцей, а таксама людзей з дадатковымі патрэбамі, арганізаваны выступленні ментараў, фудкоўчаў і матывацыйных спікераў, аўтограф-сесіі ад вядомых спартсменаў і здаровыя фудкорты. Напрыклад, у першы дзень праекта са сваёй матывацыйнай лекцыяй перад удзельнікамі выступіць майстар спорту, член Параалімпійскай беларускай зборнай па плаванні Аляксей Талай. «Прымайце ўдзел у гэтым цудоўным праекце і памятайце, што здароўя шмат не бывае, кожная выпітая чарка або выкураная цыгарэта, б'е па вашым патэнцыяле», — адзначыў Аляксей.

Каб прыняць удзел у праекце, трэба зарэгістравацца на сайце марафонзож.бел. Удзельнікаў чакаюць прызы, напрыклад, калі зрабіць 50 тысяч крокаў за 5 дзён і размясціць фота, якое гэта пацвярджае, у сацсетцы з хэштэгам #GоMісrоlіfе з адзнакай @vоdnоmіzmеrеnіі і перадаць эстафету двум сябрам, то кожны чацвер можна выйграць танометр. А калі прад'явіць запоўнены пашпарт здароўя ў адным з кінатэатраў Мінска, то можна купіць другі білет усяго за капейку. Самы актыўны ўдзельнік марафону атрымае галоўны прыз ад арганізатараў — «разумныя» вагі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Па здароўе... у САД!

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».