Вы тут

Брэст адзначыў 75-ю гадавіну вызвалення і Дзень горада


Афіцыйныя святкаванні пачаліся з важнай і прыемнай падзеі — урачыстага адкрыцця новай пажарнай аварыйна-выратавальнай часці Брэсцкага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях. Пажарнае дэпо ўзведзена ў паўднёва-заходнім мікрараёне горада, які актыўна будуецца і развіваецца. Тут ужо пражывае звыш 60 тысяч чалавек, а з часам будзе яшчэ больш. Падобны аб'ект выглядае жыццёва неабходным, таму названая часць і была ўключана ў праграму падрыхтоўкі да святкавання 1000-годдзя горада. Фінансаванне праведзена за кошт рэспубліканскага бюджэту.


Фота Валерыя Караля.

На адкрыццё новай пажарнай часці прыехалі старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл МЯСНІКОВІЧ, міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір ВАШЧАНКА. Разам з кіраўніком Брэстчыны Анатолем ЛІСАМ яны выканалі ганаровую місію: перарэзалі сімвалічную стужку і пажадалі калектыву дэпо паспяховай работы.

Цэнтральнымі мерапрыемствамі гэтага дня заўсёды робяцца ўшанаванне памяці воінаў-вызваліцеляў Брэста і даніна павагі абаронцам крэпасці. Так было і гэтым разам. На плошчы Свабоды да помніка «Вызваленне» ўсклалі кветкі кіраўнікі гарадскіх адміністрацый, прадстаўнікі грамадскіх, маладзёжных арганізацый, гараджане. Да Вечнага агню ў Брэсцкай крэпасці былі ўскладзены вянкі. Старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК падкрэсліў, што 28 ліпеня 1944 года з'яўляецца адной з самых светлых дат у тысячагадовай гісторыі горада.

Падзеяй для Брэста, несумненна, стала адкрыццё святломузычнага фантана на пешаходнай вуліцы Савецкай.

Вядома, канцэрты класічнай музыкі сталі годным акордам Дня горада. «Вячэрняя сімфонія тысячагоддзя» прайшла на плошчы Леніна і сабрала шмат людзей. Тыя, каму не хапіла месца ў імправізаваным партэры, слухалі музыку за парапетамі, там было зручна глядзець з экранаў, куды арганізатары накіравалі трансляцыю. Сто гадоў таму падобныя канцэрты праходзілі ў Гарадскім садзе, а цяпер — на плошчы, дзе можа сабрацца значна больш людзей. І гараджане гэта ацанілі, як і канцэрт вечарам наступнага дня «Класіка ля ратушы з velcom І А1». Сапраўды, якое ж свята без музыкі — і добрай музыкі гэтым разам было нямала. Чаго варты прыезд віртуоза гітары і ўлюбёнца брэсцкіх жанчын Тома Сінатры!

Ну а для тых, хто аддае перавагу актыўнаму адпачынку, былі наладжаны «Экватар Фэст», «Фестываль кветак», дзе можна было пагуляць, павесяліцца, выйграць прызы, смачна паесці.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Новая пажарная часць, вячэрнія канцэрты, музычны фантан

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.