Вы тут

Што зменіцца ў абноўленым Працоўным кодэксе


Нядаўна Прэзідэнт Беларусі падпісаў закон аб зменах у Працоўны кодэкс. Як кажуць спецыялісты, гэтыя змены ўлічваюць інтарэсы як работнікаў, так і наймальнікаў, а таксама сучасныя тэндэнцыі на рынку працы. Разгледзім асноўныя навацыі закона.


Кантракты на год сыдуць у мінулае

Па выніках маніторынгу, праведзенага летась, высветлілася, што больш за 60 % працоўных кантрактаў заключаны тэрмінам на год. Згодна з абноўленым Працоўным кодэксам, работнік, які адказна ставіцца да сваіх абавязкаў, цяпер можа разлічваць на больш працяглы кантракт. Так, калі работнік упершыню ўладкоўваецца на прадпрыемства, з ім можна заключыць кантракт на год. Але далей, калі паўстае пытанне падаўжэння працоўных адносін, наймальнік абавязаны прапанаваць работніку, які не дапускае парушэнняў працоўнай дысцыпліны, кантракт да заканчэння максімальнага тэрміну яго дзеяння — гэта значыць да пяці гадоў. Калі па заканчэнні пяцігадовага тэрміну наймальнік і работнік маюць намер працягваць працоўныя адносіны, новы кантракт павінен быць адразу на тры гады. На меншыя тэрміны кантракты будуць працягвацца (альбо заключацца новыя) толькі з пісьмовай згоды работніка. Акрамя таго, пасля заканчэння тэрміну дзеяння пяцігадовага кантракта наймальнік мае права заключыць з добрасумленным работнікам працоўны дагавор на нявызначаны тэрмін.

Што датычыцца пенсіянераў, якія працуюць, то для большай абароны іх правоў пры звальненні ў сувязі з парушэннем наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага дагавора або кантракта работнікам пенсійнага ўзросту цяпер таксама будзе выплачвацца мінімальная кампенсацыя ў памеры трох сярэднямесячных зарплат.

Пашырацца магчымасці для занятасці

У прыватнасці, гэта датычыцца работы па сумяшчальніцтве. Цяпер можна будзе падчас адпачынку быць занятым у іншым месцы па сумяшчальніцтве поўны працоўны дзень або змену. Таксама адрэгуляваны парадак часовага пераводу са згоды работніка на іншую работу, у тым ліку да іншага наймальніка, на тэрмін да шасці месяцаў. Новы працоўны дагавор пры гэтым не будзе заключацца — галоўнае, каб было ўлічана жаданне работніка.

Кампенсацыя стане большай

У цяперашні час, калі работнік скасоўвае кантракт, таму што не згодны са зменай істотных умоў працы, наймальнік выплачвае яму двухтыднёвую зарплату. Паводле абноўленага Працоўнага кодэкса, калі чалавек вырашыць звольніцца з-за таго, што яго працоўны час скарочаны больш чым напалову (што з'яўляецца зменай істотных умоў працы), пры яго звальненні наймальнік павінен будзе выплаціць яму месячны заробак.

Узаконена дыстанцыйная праца

У новую рэдакцыю Працоўнага кодэкса ўключана частка, якая датычыцца работнікаў, што працуюць з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій па-за месцам знаходжання наймальнікаў. Пры гэтым у працоўным дагаворы павінна быць дакладна пазначана, што праца з'яўляецца дыстанцыйнай. У астатнім у дыстанцыйнага работніка будуць тыя ж правы і абавязкі, што і ў звычайных работнікаў.

Варта мець на ўвазе, што дыстанцыйны работнік — гэта не тое ж самае, што фрылансер (многія блытаюць гэтыя паняцці). Фрылансер — гэта чалавек, які працуе сам на сябе, выконвае работу па заказе, заключыўшы грамадзянска-прававы дагавор, і нікому не падпарадкоўваецца. А дыстанцыйныя работнікі ўступаюць у працяглыя афіцыйна аформленыя працоўныя адносіны, і на іх у большай ступені распаўсюджваюцца нормы Працоўнага кодэкса.

Дадатковы водпуск для бацькі

У новай рэдакцыі Працоўнага кодэкса прадугледжаны водпуск для бацькі або айчыма пры нараджэнні дзіцяці. Яго працягласць складзе 14 дзён, якія можна выкарыстаць на працягу паўгода пасля нараджэння дзіцяці. Аплачвацца такі водпуск не будзе, таксама ён не будзе лічыцца часткай працоўнага водпуску. Пры гэтым у калектыўным дагаворы можна прапісаць пункт, які прадугледжвае аплату дадзенага перыяду.

Але не трэба блытаць такі бацькоўскі водпуск з адпачынкам па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў. Проста мужчыны атрымаюць магчымасць гэтыя два тыдні правесці разам з сям'ёй, быць побач з мамамі, якія выйшлі ў дэкрэтны адпачынак. Разам з тым ніхто не забараняе бацьку сысці ў «дэкрэт» замест маці дзіцяці. Цяпер, дарэчы, такой магчымасцю нашы мужчыны амаль не карыстаюцца: водпуск па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў узялі менш за 1 % беларусаў.

Гарантыі для членаў прафсаюза

Цяпер калектыўны дагавор распаўсюджваецца на ўсіх работнікаў незалежна ад таго, з'яўляюцца яны сябрамі прафсаюза ці не. У абноўленым Працоўным кодэксе нормы калектыўнага дагавора вырашылі падзяліць на два віды. Па-першае, асноўныя, якія будуць датычыцца ўсіх работнікаў, — сюды ўваходзяць працягласць рабочага дня, час адпачынку, працоўны распарадак, сістэма аплаты працы і некаторыя іншыя істотныя пытанні. І па-другое, дадатковыя нормы, якія будуць рэгулявацца праз калектыўны дагавор і датычыцца ў асноўным членаў прафсаюза.

Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».