Вы тут

Беларусь атрымала больш за 40 млн долараў грантаў


Аляксандр Мікалаевіч Рачэўскі — асоба ў сістэме Мінпрыроды легендарная. Мяркуйце самі: разам з калегамі ствараў ведамства, больш за дваццаць гадоў адказваў за міжнародныя сувязі Мінпрыроды. Ён — дзясяты чалавек, які атрымаў званне «Ганаровы эколаг». Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалём «За працоўныя заслугі». Аляксандр Мікалаевіч і пачынальнік дынастыі: яго сын Яўген таксама звязаў сваю кар'еру з прыродаахоўнай дзейнасцю.


— Нарадзіўся ў Брагіне, дзе вакол горада вельмі прыгожыя мясціны. А мне з дзяцінства быў цікавы навуковы падыход да прыроды, таму сумненняў не ўзнікала: паступаю на геафак, — расказвае Аляксандр Мікалаевіч. — Атрымаўшы дыплом, застаўся на кафедры, якраз пачала работу лабараторыя возеразнаўства пры БДУ. Яе стварылі Міністэрства меліярацыі СССР і Мінсельгасхарч БССР. У лабараторыі быў вельмі высокі ранг, даследаванні праводзіліся не толькі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, але і на прыродных аб'ектах СССР. Ганаруся, што дзякуючы нашай працы ўдалося захаваць нямала беларускіх азёраў.

Калі Беларусь здабыла незалежнасць, да работы ў міністэрствах і ведамствах пачалі прыцягваць у тым ліку і спецыялістаў з ВНУ. Аляксандра Рачэўскага запрасілі ў Дзяржаўны камітэт па ахове навакольнага асяроддзя на пасаду начальніка аддзела навукі і замежных сувязяў. Менавіта ў пачатку 90-х фарміраваліся прыродаахоўныя навуковыя ўстановы «БелНДЦ «Экалогія», ЦНДІКВВР, выйшаў у свет навуковы часопіс «Прыродныя рэсурсы», была створана Рэспубліканская дзяржаўная праграма «Ахова навакольнага асяроддзя і прыродакарыстанне». І сёння гэтыя структуры — па-ранейшаму базавыя навуковыя падраздзяленні.

У 1994 годзе Дзяржкамітэт быў ператвораны ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Аляксандр Мікалаевіч 15 гадоў з'яўляўся членам калегіі ведамства. У гэтым статусе прымаў удзел у распрацоўцы практычна ўсіх ключавых нарматыўна-прававых дакументаў. Аляксандр Рачэўскі — адзін з суаўтараў Закона «Аб ахове навакольнага асяроддзя».

— У Міністэрстве ўзначаліў аддзел міжнароднага супрацоўніцтва і навукі. У той час найважнейшай задачай з'яўлялася ўмацаванне і наладжванне новых кантактаў з замежнымі партнёрамі, перш за ўсё з найбліжэйшымі суседзямі — Расіяй, Украінай, Літвой, Латвіяй, Польшчай, — працягвае Аляксандр Мікалаевіч. — Трэба было не толькі напрацоўваць практыку міжнародных дагаворна-прававых адносін, але ажыццяўляць удзел нашай краіны ў міжнародных прыродаахоўных арганізацыях. Аб нашай працы можна меркаваць па такіх лічбах: у 1995 годзе Беларусь стала ўдзельнікам пяці міжнародных канвенцый па ахове навакольнага асяроддзя, а ў 2012-м — ужо 22.

Удзел у міжнародных праектах даваў магчымасць краіне атрымліваць гранты на прыродаахоўныя мерапрыемствы. Неяк дзеля цікавасці палічыў: у маю бытнасць было прыцягнута больш за 40 млн долараў. Наогул, мы пераймалі шмат замежнага вопыту, і цяпер наша заканадаўства, напрыклад, па сістэме комплексных прыродаахоўных дазволаў на выкіды ў атмасфернае паветра, спецыяльнае водакарыстанне, захоўванне і захаванне адходаў вытворчасці аналагічнае з тым, што дзейнічае ў ЕС.

— Пры такой нагрузцы ў Міністэрстве вы яшчэ навуковай дзейнасцю займаліся. Ці быў час на адпачынак?

— Змена дзейнасці — гэта таксама адпачынак. Аднак знаходзіўся час і на любімы занятак — рыбалку. Часта выбіраўся разам з сынам. Вядома, было і такое, што пры падрыхтоўцы нейкіх дакументаў альбо міжнародных мерапрыемстваў дадому прыходзіў літаральна на пару гадзін.

— А як сям'я да такога графіка ставілася?

— З разуменнем. У нас, ведаеце, сямейнае геаграфічнае таварыства. Жонка, малодшы брат і яго жонка, мой сын — усе выпускнікі геафака БДУ. Таму жывём агульнымі прафесійнымі інтарэсамі, ва ўсім падтрымліваем адзін аднаго.

— Сярод вашых узнагарод і медаль Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.

— З расійскімі калегамі у нас цесныя рабочыя сувязі, рэалізавалася пяць агульных дзяржпраграм у прыродаахоўнай галіне, гідраметэаралагічнай дзейнасці і геалогіі. Таксама і з іншымі краінамі СНД добрыя партнёрскія адносіны. У 1992 годзе мы правялі першы міждзяржсавет па экалогіі, гэтая традыцыя захавалася і дагэтуль.

— Колькі дзён вы пабылі пенсіянерам у чыстым выглядзе?

— Пакуль яшчэ не паспеў. На пенсію пайшоў з міністэрства і пяць гадоў працаваў у міжнародным падраздзяленні ў Белгідрамеце. Затым — у цэнтры экалагічнай экспертызы, цяпер выкладаю ў рэспубліканскім вучэбным цэнтры Мінпрыроды.

— Як вам працуецца цяпер?

— Вельмі цікава, у нас моцны выкладчыцкі склад. Работа бадзёрыць: самому трэба пастаянна вучыцца, асвойваць новыя формы выкладання. Нашы слухачы зацікаўлены ў атрыманні ведаў, што аблягчае працэс адукацыі. Іншая справа, на мой погляд, і я абмяркоўваў гэта з калегамі: тыдзень — недастатковы тэрмін для навучання. У нашы інспекцыі часам прыходзяць людзі без профільнай адукацыі, ім даводзіцца вучыцца, як той казаў, у полі, і ў іх няма права на памылку, таму што, паказаўшы некампетэнтнасць адзін раз, аўтарытэт страцяць назаўжды.

— Аляксандр Мікалаевіч, у Мінпрыроды кажуць: Рачэўскі-старэйшы і Рачэўскі-малодшы. Раскажыце пра сына.

— На геафак паступіў паводле сямейнай традыцыі. А вось на работу ў сістэму Мінпрыроды прыйшоў не адразу. Спачатку паспрабаваў сябе ў бізнесе, працаваў у розных кампаніях. Потым працаўладкаваўся ў Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, быў і начальнікам аддзела аператыўнага кантролю, курыраваў некалькі раёнаў. Затым яго перавялі ў Міністэрства начальнікам аддзела экалагічнай экспертызы горадабудаўнічых праектаў. Цяпер працуе намеснікам дырэктара па дзяржаўнай экалагічнай экспертызе Рэспубліканскага цэнтра дзяржаўнай экалагічнай экспертызы і павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Мінпрыроды. Ніколі не ціснуў на сына, той сам рабіў выбар. Лічу, усебаковы вопыт ідзе толькі на карысць работы.

— А калі ён вырашыў, што хоча працаваць у сістэме Мінпрыроды, дапамагалі?

— За руку па кабінетах не вадзіў, спецыяльна нікому не тэлефанаваў. Хлопцу з прозвішчам Рачэўскі, напэўна, было няцяжка атрымаць работу ў нашай сістэме. А вось потым было складаней, бо яму нельга падвесці бацьку, любы яго промах расцэньваўся б як наш агульны. Яўген малайчына, спраўляўся і спраўляецца, хоць участак у яго цяпер вельмі складаны і адказны.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з уласнага архіва Аляксандра Рачэўскага

Загаловак у газеце: Галоўны па замежных справах

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Прэзідэнт сустрэўся з парламентарыямі шостага і сёмага склікання

Прэзідэнт сустрэўся з парламентарыямі шостага і сёмага склікання

Гэту прамову чакалі, пра яе шмат гаварылі і ўжо загадзя назвалі гістарычнай і праграмнай.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.

Культура

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

З пачаткам новай падпісной кампаніі ў «Маладосці» з'явіўся новы «прамоўшан»: цяпер гэта «больш чым часопіс».