Вы тут

«Чалавек стварае» — не зусім звычайная экспазіцыя


Нацыянальны мастацкі музей Беларусі першым сярод мастацкіх устаноў краіны пачаў працу ў такім важным сацыяльным кірунку, як інклюзіўнасць


Чатыры гады таму ў Нацыянальным мастацкім музеі прайшоў першы інклюзіўны праект, скіраваны на дапамогу людзям з інваліднасцю сродкамі мастацтва, потым інклюзіўныя праграмы ў музеі сталі штогадовымі. У межах кожнага такога праекта адбывалася яшчэ адно значнае мерапрыемства: ладзіліся мастацкія выставы так званых «аўтсайдараў».

У 2016 годзе на выставе «Малюнкі душы» было прадстаўлена каля сарака работ, створаных пацыентамі мінскага псіханеўралагічнага дыспансэра № 2. Праз год адбылася выстава работ мастакоў, якія жывуць у псіханеўралагічным доме-інтэрнаце № 4 Мінска. Экспазіцыю склалі звыш дваццаці работ. Гэтыя інклюзіўныя праекты — доказ таго, што людзі з асаблівасцямі псіхічнага і фізічнага развіцця здольныя таленавіта выкарыстоўваць мастацтва ў перадачы свайго светаўспрымання.

І вось нядаўна на выставе «Чалавек стварае» ў наведнікаў музея зноў была ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з творчасцю аўтараў з псіханеўралагічнага дома-інтэрната № 2. Вядома, гэтых людзей нельга назваць прафесійнымі мастакамі, але творцамі ад душы — так! Іх творы падаюцца наіўнымі, даволі дзіўнымі і ў той жа час вельмі цікавымі.

Хтосьці з іх пражыў нармальнае паўнавартаснае жыццё.Меў працу, сям’ю і дзяцей, але ў выніку траўмы, генетычнага збою ці інфекцыі апынуўся ў замкнёных рамках сваёй хваробы. Некаторыя не змаглі скончыць нават школы, не ўмеюць чытаць і пісаць. У дваіх з мастакоў, акрамя асноўнага захворвання, адсутнічае слых. Адзін з іх не валодае азбукай, жэставай мовай. Ці вось яшчэ прыклад: таленавіты і мужны Уладзімір Мартынаў (два гады таму ён пайшоў з жыцця) быў «прыкаваны» да інваліднай каляскі. Ён праводзіў пэндзлем па палатне, а затым рука падала ад бяссілля. Але між тым, у выніку такой пакутлівай працы атрымліваліся светлыя, лёгкія краявіды.

Фота pramen-news.by

Мы прывыклі захапляцца карцінамі выбітных прафесійных мастакоў. Але побач з намі жывуць людзі, якія, нягледзячы на сваю цяжкую хваробу, імкнуцца тварыць, быць патрэбнымі і цікавымі грамадству. Іх работы вартыя ўвагі проста таму, што кожная з’явілася на свет ад рукі асаблівага чалавека, які змагаецца за сваё жыццё. Які стварае, годнага не толькі спагады.

Дарэчы, у 2006 годзе на базе сталічнага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў № 2 была арганізаваная першая ў Беларусі праграма «Аўтсайдар-арт». Яе натхняльнікам быў мастак, пісьменнік, куратар больш чым 80 разнастайных творчых праектаў Фёдар Ястраб. Між іншым, выставы работ падапечных інтэрната праходзілі ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Беларусі, у Нацыянальнай бібліятэцы, у Карціннай галерэі імя Гаўрыіла Вашчанкі ў Гомелі, у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце, у іншых гарадах краіны, а таксама за мяжой: у Расіі, Галандыі, Польшчы.

Аляксандр Піменаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?