Вы тут

Вершы ў перакладзе


У Беларусі пабачыла свет кніга перакладаў класіка кітайскай паэзіі Ду Фу — «Выбраная лірыка»


Вершы Ду Фу (712–770) на сваю родную мову беларусы пачалі перакладаць яшчэ ў 1920‑я гады. Першым быў Уладзімір Дубоўка. Пасля ў шэрагі беларускіх перакладчыкаў твораў вялікага кітайца ўступіў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Затым — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Мікола Мятліцкі. І ў 2015 годзе ў серыі «Светлыя знакі: Паэты Кітая», распачатай Выдавецкім домам «Звязда», выйшла асобная кніга Ду Фу — «Адзінота горных вышынь». У ёй былі сабраны пераклады Уладзіміра Дубоўкі, Рыгора Барадуліна, Міколы Мятліцкага, Навума Гальпяровіча.

Новы абсяг у прадстаўленні Ду Фу беларускаму чытачу здзейснены вядомым у нашай краіне перакладчыкам, знаўцам многіх моў, глыбокім спецыялістам у галіне замежных літаратур Лявонам Баршчэўскім. У яго перакладзе выдавец «Зміцер Колас» (такую назву носіць выдавецтва, якое апякуецца серыяй «Паэты планеты») выпусціў зборнік Ду Фу «Выбраная лірыка». У параўнанні з іншымі падыходамі да засваення спадчыны класіка кітайскай паэзіі на мове Купалы гэты творчы праект з’яўляецца амаль самым грунтоўным у адкрыцці ў Беларусі паэта такога маштабу. І вось чаму. Для перакладу арыгінальныя тэксты ўзятыя з англійскай кнігі. Выкарыстаны таксама даслоўнікі з шэрагу грунтоўных крыніц. Пры складанні каментароў, як сведчаць выхадныя дадзеныя кнігі, браліся пад увагу працы акадэміка М. Конрада, С. Оўэна, доктара філалагічных навук І. Лісевіча. Рэцэнзентам выдання выступіла Вераніка Анейчык. Гэтыя характарыстыкі пераконваюць, што новую беларускую кнігу Ду Фу можна смела залічваць у арсенал беларускай мастацкай кітаістыкі.

У зборнік «Выбраная лірыка» ўвайшлі пераклады 65 вершаў Ду Фу. Варта нагадаць, што вядомая творчая спадчына класіка складае 1500 твораў. Значыць, беларусы яшчэ толькі падступаюцца да ўсведамлення, перачытання паэзіі Ду Фу. Улічваючы хуткасці, з якімі сёння развіваецца беларуская, у тым ліку мастацкая кітаістыка (за сем-восем гадоў, пачынаючы з 2012‑га, пабачыла свет па-беларуску 17 (!) кніг кітайскай паэзіі), можна смела сцвярджаць ці хаця б прагназаваць з пэўнай доляй упэўненасці, што да перакладу паэзіі Ду Фу беларусы яшчэ звернуцца не аднойчы.

А пакуль раім усім цікаўным да паэзіі пашукаць у кнігарнях «Белкнігі» зборнік Ду Фу «Выбраная лірыка» (дарэчы, наклад выдання не дужа вялікі — 250 асобнікаў). У кнізе хапае твораў сугучных не толькі восьмаму стагоддзю, у якім жыў і пісаў яго партрэт Ду Фу. Між іншым, у багатай, ужо «шматтомнай» серыі «Паэты планеты» кніга кітайскага мастака слова — адзін з нямногіх зборнікаў паэтаў Усходу. Раней выйшлі кнігі Амара Хаяма, Рабіндраната Тагора, Бгатрыгары. Будзем спадзявацца, што «Выбранай лірыкай» Ду Фу пакладзены пачатак прадстаўленню ў серыі кітайскіх паэтаў.

…Літаральна некалькі гадоў таму ў Мінску была праведзена вечарына ў знак памяці Ду Фу. Яго вершы гучалі ў сталіцы Беларусі па-кітайску і ў перакладзе на беларускую мову. А прывітальнае слова беларускім сябрам, якія ўшаноўвалі памяць Ду Фу, даслаў тады з Пекіна перакладчык і мастак Гао Ман (1926–2017).

Сяргей Шычко

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?