Вы тут

Сцежкамі болю, дарогамі радасці


Прадстаўнікі расійскіх СМІ, вядомыя блогеры Расіі пабывалі ў Беларусі, калі краіна святкавала 75-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў


Удзельнікі прэс-тура ля мемарыяла ў Шунеўцы

З 1 па 4 ліпеня ладзіўся гэты святочны прэс-тур, і я быў у ім — як прадстаўнік суполкі беларусаў Кабардзіна-Балкарыі, якая цесна супрацоўнічае са СМІ Беларусі, газетай “Кабардино-Балкарская Правда”. У чарговы раз пераканаўся: мая Бацькаўшчына памятае сваю слаўную й трагічную гісторыю, пра напоўненыя пакутамі, болем дні, гады Вялікай Айчыннай вайны. Нагадваюць пра тое больш за 8 тысяч помнікаў і абеліскаў, мемарыяльных комплексаў, музеяў, пахаванняў. Кожны з іх — гэта Памяць Народа, гэта маўклівыя, але яскравыя сведчанні пра нейчыя лёсы-жыцці, страты, подзвігі.

Сярод месцаў, што наведалі, быў Мемарыяльны комплекс “Трасцянец” пад Мінскам. Найбуйнейшае на тэрыторыі Беларусі месца масавага знішчэння людзей у гады акупацыі: там гвалтоўна абарвалася звыш 206 тысяч жыццяў. Гэта былі людзі розных нацыянальнасцяў, сярод іх шмат і яўрэяў з краін акупаванай фашыстамі Еўропы. Трасцянец па колькасці ахвяр, казалі нам, саступае толькі Асвенцыму, Майданеку й Трэблінцы. Імёны тысяч ахвяр нацысцкіх злачынстваў пад Мінскам невядомыя…

Яшчэ мы пабывалі ў Бягомльскім музеі Народнай Славы — ён расказвае ў асноўным аб партызанскай барацьбе, Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоне. А з народнымі мсціўцамі захопнікі, як вядома, змагаліся нялюдскімі метадамі. Наведалі Мемарыяльны комплекс “Праклён фашызму” на месцы вёскі Шунеўкі (Докшыцкі раён): там 22 мая 1943 года карнікі спалілі вёску разам з жыхарамі — як і ў Хатыні. А дзяцей пакідалі ў калодзеж. Нам паказалі рэканструкцыю трагедыі. Боль, гнеў, слёзы, жах ад убачанага выклікае нават рэканструкцыя… У тым, партызанскім рэгіёне Віцебшчыны спалена было 99 вёсак, знішчана больш за 20 тысяч мірных вяскоўцаў. Дарэчы, у электроннай базе “Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, іх больш за 9000. Прычым 600 так і не адноўлены, у тым ліку фальварак Янопаль у маім родным Жабінкаўскім раёне Брэстчыны. Ён сёлета ўнесены ў Вогненны спіс пад № 9097. У Янопалі карнікі забілі 11 чалавек, і дзяцей у тым ліку. А наша суполка “За яднанне, Сябры!” з дапамогай сяброў-журналістаў з Беларусі спрыяла таму, каб мадэратар сайта “Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь” унёс дапаўненне ў базу дадзеных. Гэта — наш агульны радок ва ўсенародную Кнігу Памяці.

І яшчэ ёсць адно памятнае месца на Віцебшчыне, пад Ушачамі: Мемарыяльны комплекс “Прарыў”. Якраз там прарвалі блакаднае кальцо 16 партызанскіх брыгад, знясіленыя баямі з фашыстамі. Гітлераўцы хацелі знішчыць Полацка-Лепельскую зону, якую называлі партызанскай рэспублікай: 1220 населеных пунктаў, 80 тысяч мірных жыхароў! І ўвесну 44‑га супраць 17 тысяч партызан да межаў партызанскай зоны падцягнулі больш за 60 тысяч карнікаў. А ў ноч з 4 на 5 мая кальцо было прарвана. Звыш 2 тысяч партызан і бяззбройных людзей палегла. Партызаны ж, вырваўшыся з акружэння, працягвалі барацьбу да падыходу Савецкай арміі, а потым і ў яе шэрагах.

У Мінску наведалі мы Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — новы яго будынак на Праспекце Пераможцаў, пры Парку Перамогі. Там шмат унікальных экспанатаў, інтэрактыўных экспазіцый. Усе — пад вялікім уражаннем ад убачанага.

Кульмінацыяй прэс-тура стаў удзел у імпрэзах, прымеркаваных да Дня Незалежнасці, Дня Вызвалення. Мы запрошаны былі на агляд Урачыстага параду войскаў Мінскага гарнізона. Дарэчы, у парадзе, апрача падраздзяленяў беларускай арміі, паўдзельнічалі вайскоўцы з Расіі ды іншых краін СНД, Кітая.

Я ганаруся тым, што мой народ, уся Беларусь прадаўжае традыцыі Памяці. Тут і сам ты, казалі мне ўдзельнікі прэс-тура, пранікаешся духам шчырасці й чысціні людзей, іх павагай да слаўнай гісторыі сваёй краіны. Тут памяць пра Вялікую Айчынную вайну — усенародная, бо ў цяжкую для Айчыны хвіліну на барацьбу з ворагам у Беларусі падымаецца ўвесь народ.

Павел Сідарук, старшыня савета Кабардзіна-Балкарскага грамадскага руху “За яднанне, Сябры!”

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?