Вы тут

Што неабходна рабіць на агародзе ў жніўні


У жніўні працягваецца догляд за перцам. Збіраюць яго праз 4-5 дзён у стадыі тэхнічнай спеласці, а плады на насенне пакідаюць даспяваць да фізіялагічнай спеласці, калі яны набудуць характэрную для сорту афарбоўку. Плады перцу неабходна абрэзаць секатарам або вострым нажом. Часта да сярэдзіны жніўня расліны хуткаспелых сартоў перцу цалкам высільваюцца і пачынаюць даваць вельмі дробныя плады. У гэтым выпадку перац неабходна зноў добра падкарміць, прычым найбольш эфектыўным з'яўляецца прымяненне раствору каравяку або птушынага памёту. Да канца жніўня перцу патрабуецца вельмі шмат вады, асабліва пры сухім надвор'і, паколькі ён не пераносіць нават найменшага ўсыхання глебы. Таму паліваць перац у залежнасці ад надвор'я трэба праз 4-5 дзён.

У жніўні ўзмоцнена набіраюць вагу качаны сярэдня- і познаспелай капусты. Для іх у гэты час, асабліва пры сухім надвор'і, самае галоўнае — паліў. Яго праводзяць штотыдзень з разліку 5-6 літраў вады на расліну. У сярэдзіне жніўня капусту трэба зноў падкарміць, лепш растворам каравяку ці птушынага памёту, а пры іх адсутнасці — растворам нітрафоскі (1 ст. л. на вядро вады). Пад кожную расліну выліваюць па 1 л раствору. Пасля паліву глебу трэба рыхліць, але асцярожна, каб не пашкодзіць расліны і захаваць усё лісце, паколькі кожны адарваны ліст зніжае вагу качана.

Пры слабым росце морквы ў пачатку першай дэкады жніўня яе неабходна падкарміць растворам нітрафоскі (1 ст. л. на вядро вады) або растворам каравяку і паліць па вядры на 1 м2. Значна павышаюць ураджай морквы і добра ўплываюць на захаванасць караняплодаў пазакаранёвыя падкормкі хлорыстым каліем, праведзеныя ў другой палове жніўня за месяц да ўборкі ўраджаю.

Буракі ў жніўні таксама маюць патрэбу ў рэгулярных палівах, асабліва пры працяглым гарачым надвор'і. Пры недахопе вільгаці ў глебе ўжо праз 5-7 дзён у буракоў пачынае вянуць лісце, а караняплоды перастаюць расці. Пры такім надвор'і буракі неабходна паліваць штотыдзень па вядры на 1 м2. Вельмі карысныя для іх і асвяжальныя дажджавальныя палівы па вечарах, калі вадой у невялікай колькасці асвяжаюць лісце. Гэтая культура таксама станоўча ўспрымае палівы злёгку падсоленай вадой. У сярэдзіне жніўня трэба зрабіць апошняе прарэджванне буракоў, прыбіраючы караняплоды, якія не дасягнулі дыяметра 3-4 см. Пры гэтым тыя расліны, што засталіся, павінны знаходзіцца на адлегласці 6-8 см адно ад адной. У буракоў да апошняга дня неабходна захоўваць усё лісце, паколькі кожны абламаны ліст вядзе да даволі значнай страты ўраджаю.

А ў пятрушкі, наадварот, для лепшага наліву караняплодаў пажадана ва ўсіх раслін абарваць па 2-3 ніжнія лісты.

У жніўні на летніх пасевах радыскі, рэдзькі і рэпы, прызначаных для зімовага спажывання, праводзяць першае прарэджванне пры ўтварэнні 1-2 лісточкаў, а праз 20—25 дзён — другое. Канчатковая адлегласць паміж раслінамі ў рэдзькі — 12—15 см, а ў рэпы — 10 см. Прарэджванне і праполку пажадана рабіць пры вільготнай глебе, лепш увечары, калі знізіцца тэмпература паветра, каб расліны за ноч набраліся сіл. У засушлівае надвор'е вельмі карысныя палівы, інакш караняплоды шэрхнуць і становяцца нясмачныя. Падкормкі рэпы, рэдзькі пажадана правесці ў раннім узросце: першую ў фазе 3 сапраўдных лістоў, а другую — праз тры тыдні, у пачатку фарміравання караняплодаў. Лепш за ўсё для гэтых мэтаў падыходзіць раствор мінеральных угнаенняў (на 10 л вады — па 1 ч. л. аміячнай салетры, сульфату калія і суперфасфату).

Ад сярэдзіны жніўня (у залежнасці ад надвор'я) усе цеплалюбівыя культуры, якія растуць у адкрытым грунце, пажадана прыкрываць на ноч тунэлем з плёнкі, каб на 2-3 тыдні падоўжыць тэрмін плоданашэння.

У жніўні ўсе ўчасткі агарода, якія вызваляюцца ад агароднінных культур, неабходна засяваць сідэратамі, гэта будзе выдатным угнаеннем.

Загаловак у газеце: Жнівеньскія клопаты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».