Вы тут

Перспектывы акрэслены


I Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана адбудзецца ў Мінску з 29 па 30 ліпеня


Падтрымка міжнародных кантактаў як вектар паспяховага развіцця. Такім прынцыпам карыстаецца Беларусь у адносінах да краін-сяброў, якім таксама важна быць на крок наперадзе. У хуткім часе ў Мінску чакаецца важная падзея: з 29 па 30 ліпеня адбудзецца I Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана, пасля якога нашу краіну ўпершыню наведае Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў. Напярэдадні форуму ў прэсцэнтры Дома прэсы падрабязнасцямі будучага мерапрыемства падзяліўся падчас брыфінгу Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Узбекістана Насірджан Юсупаў.

Зараз працягваецца падрыхтоўка да візіту Прэзідэнта Узбекістана ў нашу краіну, які адбудзецца з 31 ліпеня па 1 жніўня. Плануецца, што кіраўнік узбекскай дзяржавы наведае шэраг беларускіх прадпрыемстваў. Верагодна, адной з кропак стане Парк высокіх тэхналогій, досведам якога зацікавіліся ў паўднёвай рэспубліцы. Візіту папярэднічае таксама шэраг іншых маштабных міждзяржаўных мерапрыемстваў. Напрыклад, абмеркаванне вынікаў I Форуму рэгіёнаў нашых краін.

— Падзея падобнага маштабу паміж нашымі краінамі праводзіцца ўпершыню, — адзначыў Насірджан Юсупаў. — Адна з мэт форуму — вывучэнне агульных магчымасцей, перспектыў сумеснай працы. Кожная вобласць Узбекістана і Беларусі знайшла для сябе кропкі прыкладання сіл. Ёсць шмат цікавых напрамкаў, над чым мы можам працаваць.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол расказаў, што работа форуму будзе падзелена на два блокі. У першы дзень адбудуцца секцыйныя пасяджэнні па трох кірунках: прамысловым, гуманітарным, сельскагаспадарчым. На другі дзень дэлегацыі правядуць пленарнае пасяджэнне, у якім возьмуць удзел кіраўнікі парламентаў абедзвюх краін. У ходзе работы будзе падпісаны шэраг пагадненняў паміж рэгіёнамі Беларусі і Узбекістана.

Таксама падчас работы форуму пройдуць Дні культуры Узбекістана ў Беларусі. 29 ліпеня ў сталіцы адкрыюць помнік-бюст узбекскаму паэту Алішэру Наваі. А 30-га ў будынку Беларускай дзяржаўнай філармоніі пачне працаваць выстаўка ўзбекскіх мастакоў.

— Мы вельмі рады, што на вашай зямлі з’явіцца помнік Алішэру Наваі. Асабліва прыемна, што з ініцыятывай устаноўкі выступіў беларускі бок. Эскіз статуі, дарэчы, выканаў таксама беларускі скульптар, — звярнуў увагу Насірджан Юсупаў. — Культура нашай краіны змястоўная і шматгранная. Мы шануем і ганарымся ёю, таму ўпэўнены — нам будзе чым вас здзівіць. Ва Узбекістане ведаюць, што Беларусь падтрымлівае розныя культурныя ініцыятывы і часта скарыстоўвае магчымасць пазнаёміць свой народ з культурамі іншых краін, таму наша дэлегацыя вельмі адказна рыхтуецца да візіту ў Мінск.

У Дні культуры Узбекістана жыхары і госці сталіцы змогуць убачыць выступленні гуртоў «Яла», «Мумтоз Наво», народнага артыста Узбекістана Фаруха Закірава, заслужанай артысткі Узбекістана Айгуль Надзіравай і іншых выканаўцаў. Гледачы таксама змогуць пазнаёміцца з фотавыстаўкай «Культурная спадчына Узбекістана» і экспазіцыяй дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Вікторыя АСКЕРА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?