Вы тут

«Падобны на вялікае дзіця...»


Яны сустрэліся ў студэнцтве і пасябравалі на ўсё жыццё. У 1949—1954 гадах Муза Сняжко, як і Уладзімір Караткевіч, вучылася на рускім аддзяленні філалагічнага факультэта Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі. «Пяць гадоў праляцелі незаўважна, — згадвае Муза Яўгенаўна. — Усе разляцеліся па свеце. Засталіся ўспаміны. Мне заўсёды выпадала збіраць усіх, арганізоўваць сустрэчы, дамаўляцца». Валодзя займаў асаблівае месца ў яе жыцці. Пра гады вучобы, а таксама пра тое, чым уражваў Караткевіч, што прадказвала ў ім чалавека няпростага лёсу, распавяла Муза Сняжко падчас сустрэчы з карэспандэнтам «ЛіМа».


Пра характар

Валодзя, заўсёды салідны, мог і высмеяць, і падкалупнуць. А часам быў ядавітым вельмі, асабліва з выкладчыкамі, калі лічыў, што не тое гавораць. Любімым выкладчыкам быў Аляксандр Назарэўскі. Увогуле сябраваў з прафесурай, але ніколі не вытыркаўся як геній. А раз выпала, што Валодзя атрымаў «двойку» на экзамене. Дыялектычны матэрыялізм чытаў Ігар Карнавухаў, дацэнт. З Караткевічам яны бясконца спрачаліся. У межах свайго прадмета Карнавухаў чытаў курс вучэння аб мове Мара, якое тады было папулярным. Выкладчык патрабаваў пераказваць лекцыі так, як іх чытаў, з афіцыйнага пункту погляду на гэтае вучэнне. А Караткевіч сказаў: «На ражна мне гэты Мар? Пайду ў Акадэмічную бібліятэку, пачытаю пра Старажытную Русь». На экзамене Ігар Міхайлавіч нешта ў Валодзі спытаў, той не ведаў — і атрымаў «нездавальняюча». Увосень прыйшоў на пераздачу — а на той час тэорыю Мара ўжо раскрытыкавалі і не трэба было яе ні вывучаць, ні здаваць. Але ж стыпендыі ўжо быў пазбаўлены… Што рабіць? Разгружаў вагоны, жыў надгаладзь, бо не мог сабе дазволіць існаваць за кошт цёткі — адзінай сваячкі ў Кіеве...

Гадамі пазней, калі я ўжо стала бабуляй і жыла разам з сям’ёй сына (і ён, і яго жонка, маладая маці, былі студэнтамі, а частка клопатаў па доглядзе немаўляці была на мне), неяк прыехаў Валодзя. Прыйшлі яны разам з жонкай да мяне ў госці. Неўзабаве перад гэтым супрацоўніца мая з Ленінграда прывезла маёй унучцы падарунак — эмаліраваны кубачак з малюнкам: дрэўца і аленяня, якое брыкаецца. Калі Валодзя той кубак убачыў, адразу ж кажа: «Муза! Гэта ж Карнавух і я, адбрыкваюся ад яго! Падары мне гэты кубачак!» Я паспрабавала патлумачыць, а ён: «Нічога не хачу чуць!» Пайшла да нявесткі, дамовілася з ёй і перадарыла той кубачак Уладзіміру. Ён паставіў яго ў ванным пакойчыку, чысціў з ім зубы. Калі ж шмат пазней прыехала ўжо на Валодзіна пахаванне, то ўбачыла гэты кубачак на тым жа месцы. І папрасіла яго ў Валодзінай сястры. Яна гаворыць: «Ведаю гэтую гісторыю. Бяры…» Вярнула я яго ўжо сваёй праўнучцы, кажу, што гэта падарунак ад Уладзіміра Караткевіча. Прывітанне з «таго свету»...

«Гісторык да глыбіні душы...»

Усё жыццё Валодзі — гэта пошук. Чалавека, гісторыі — ён ацэньваў яе не так, як прапагандавалася ў падручніках. Меў сваю тэорыю, падмацаваную ведамі.

Кожны тыдзень у нас была палітінфармацыя. Ідэалогія ціснула страшна… Калі памёр Сталін, нас сабралі ва ўніверсітэцкім дворыку і сказалі: такое, маўляў, гора, усе павінны разысціся і пашыць сабе жалобныя павязкі. Сярод хлопцаў пачаліся размовы: паехаць бы, паглядзець на Сталіна (бо толькі па тэлевізары яго і бачылі). А Валодзя нікому нічога не сказаў. І паехаў! Нам, студэнтам, гэта забаранялася. Калі б выкрылі, былі б вялікія непрыемнасці. Дык Валодзя ехаў на даху вагона! А там адразу апынуўся ў самай гушчы — і гэта было вельмі небяспечна… Але ён хацеў паглядзець: не толькі на тое, якія эмоцыі перажываюць людзі, — хацеў ведаць усю абстаноўку. Дабрацца да ісціны. Хаця і вельмі рызыкаваў.

Як мы потым даведаліся, там загінула шмат людзей... Але я яго зразумела. Ён да ўсяго даходзіў сам, і гэтая цікаўнасць праяўлялася ва ўсім.

Тады ж час быў такі, што пад каўпаком жыла ўся краіна. На трэцім курсе ў нас з’явіўся студэнт (хаця студэнтам яго цяжка было назваць — значна старэйшы за нас). Ніхто яго не прадставіў. Ён нешта казаў, пра некага распытваў. Экзамены ніколі не здаваў. Аднойчы ўвязаўся за мной, калі ішла дадому, пачаў распытваць пра іншаземцаў з нашай групы, паціху спрабаваў нешта высветліць. Было тое ж і ў другі раз. А пасля знік — гэтак жа ціха, як і з’явіўся. Толькі потым я зразумела, што ён быў з адпаведных органаў.

...А палітінфармацыю Валодзя не любіў. Ён лічыў: няўжо чалавек такі дурань, што сам газету пачытаць не можа?

Пра жанчын

Магчыма, многія думаюць, што ўсе дзяўчаты былі закаханыя ў Валодзю: прыгожы, абаяльны, разумны… Але ж гэта не так, бо ён ніколі не хаваў таго, што думаў пра чалавека. Многім дзяўчатам прыдумваў адпаведныя імёны ці мянушкі (а мяне зваў Музіль). Была ў нас аднагрупніца, член партыі, і галоўным і адзіна правільным лічыла тое, што партыя сказала… Дык яны цапаліся ўсё жыццё!

Мы ж з ім проста сябравалі. Як барышня з ім не сустракалася, адносіны заўсёды былі роўныя, і — поўнае паразуменне. Часам сварылася на Валодзю, калі было за што. Але рабіць яму заўвагі не дазваляла сабе. Вельмі блізка да душы ён не падпускаў нікога, паразмаўляць з ім пра асабістае (маўляў, жыццё тваё, Валодзя, не ўладкаванае) было просто немагчыма. У аповесці «У снягах драмае вясна» апісаны як быццам наш дом. Караткевіч часта прыходзіў да мяне, бацька тады казаў: «Муза, накармі Валодзю!» Дарэчы, з маім бацькам яны любілі паразмаўляць. А вось ці быў прататып у галоўнай гераіні Алёнкі, не ведаю. Калі Валодзя пачаў друкаваць у перыёдыцы аповесць «Чазенія», я ў яго запытала (хаця і ведала, што ён не любіць, калі лезуць у душу): «Што цябе натхніла? Там такія пачуцці…» Ён адказаў: «Я ўсё прыдумаў. Я так бачыў…» Больш да падобных пытанняў не вярталася.

Цяпер выдаюцца даследаванні па жыцці Уладзіміра Караткевіча, пра яго асабістае... Ды ён бы ўзарваўся, як парахавая бочка, калі б сёе-тое з апошняга пачытаў!.. Яму не спадабалася б, што так капаюцца ў яго жыцці, ён не хацеў бы таго… Нават калі Валодзя ажаніўся, не было шырокай агалоскі!

Па паводзінах Валодзя часта быў падобны на вялікае дзіця. Аднойчы даслаў мне часопіс — асабісты падарунак, дзе быў верш Рыгора Барадуліна, прысвечаны нам абаім. Там было напісана, што, маўляў, Караткевічу лёгка пішацца, бо ў яго пад рукой заўсёды знаходзіцца Муза...

Яна БУДОВІЧ, фота аўтара

Мінск — Кіеў — Мінск.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».