Вы тут

Мастакі з шасці краін выказаліся на тэму агрэсіі і дамашняга гвалту


На мяжы паміж жыццём і смерцю, на мяжы паміж сабой і блізкім чалавекам, на мяжы дабра і зла. Колькі разоў кожны з нас быў вымушаны апынуцца ў сітуацыі супярэчнасці і не ведаў, у які бок рухацца. Складана, незразумела, часам абсурдна. Але ж выйсце шукаць трэба. І самае лепшае ў такіх сітуацыях — правесці аналіз, хто ты ёсць на самай справе. На мінулым тыдні ў Палацы мастацтва адбылося адкрыццё выставачнага праекта «Мяжа», які сродкамі мастацтва дапамагае выявіць праблему навакольнага асяроддзя і яго ўплыў на асобу ў прасторы.


Кацярына Сумарава «Памежны стан», 2015

Арт-супольнасць Беларусі даўно чакала праект, які б мог не толькі паказаць развіццё айчыннага мастацтва, але і раскрыць праблемы, што існуюць як у краіне, так і па ўсім свеце. Тэма мяжы сама па сабе падштурхоўвае задумацца над тым, што ёсць для кожнага з нас парог цярпення і ўспрымання. На выстаўцы прадстаўлены работы больш як васьмідзесяці мастакоў. На гэты раз Беларускі саюз мастакоў вырашыў не абмяжоўвацца толькі сваім патэнцыялам — у праекце ўзялі ўдзел, акрамя беларускіх аўтараў, творцы з Украіны, Літвы, Балгарыі, Чэхіі і Эстоніі. Экспазіцыя атрымалася шматжанравай: акрамя жывапісных карцін, прадстаўлена графіка, скульптура, вырабы з тэкстылю, металу, шкла і керамікі. Выстаўка арганізавана пад эгідай міжнароднага праекта «Мяжа», прысвечанага праблеме сямейнага гвалту.

— Паўгода назад мы абвясцілі аб стварэнні мастацкага праекта. Заяўленая тэма звязана з праблемай сямейнага гвалту. Як аказалася, паколькі тэма складаная, то працуе з ёй не такая вялікая колькасць аўтараў, — расказаў куратар праекта першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык. — Таму мы пашырылі межы. Так што «Мяжа» — гэта межы ў творчасці, светапоглядзе, у дачыненні да свету. Мастакі дасылалі работы на тэмы, якія іх хвалююць. Атрымаўся маштабны разнапланавы праект.

На выстаўцы на самай справе заўважна разнастайнасць жанраў і тэм. Акрамя дамашняга гвалту, гэта фемінізм, гендарная роўнасць, любоў, гісторыя, навакольны свет, пошук новых форм. Прыцягваюць увагу работы Андрэя Пяткевіча, Васіля Касцючэнкі, Максіма Петруля, Рамана Аксёнава, Зоі Літвінавай, Ганны Сілівончык, Уладзіміра Зленка, Кацярыны Сумаравай, Рыгора Сітніцы... Кожны аўтар свежа і ярка выказаўся пра тое, што яго хвалюе.

— Як бы ні было дзіўна, але сёння існуе дэфіцыт магчымасцей у сэнсе спажывання мастацтва. Патрэбна тэма, патрэбна лакацыя, павінны быць філасофскія складнікі і катэгорыі высокія, — падкрэсліў намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Леанід Хобатаў. — Глядач просіць даць нагоду, каб яму было што казаць пра мастацтва. Мне здаецца, што тут дастаткова месца для вырашэння пытанняў пра сям’ю, культуру паходжання ўзаемаадносін, ёсць гендарны аспект. Вельмі тонка разбіраецца паняцце агрэсіі, якая нас суправаджае ў жыцці і існуе як з’ява. За гэтую тэму ўзялася калісьці ААН, і адразу стала зразумела, што пытанне набалелае. Зусім не рэгіянальнае, а сусветнае. І вырашэнне яго таксама залежыць ад маштабнасці мыслення. Гэты праект, па сутнасці, прадстаўляе сусветны рух.

Паняцце «Мяжа» мае глыбокі сэнс у выяўленчым мастацтве. Мастак уласнай творчасцю ставіць пад пытанне ўсё асяроддзе. Мяжа ў мастацтве — гэта свайго роду мяжа светапогляду, маралі, этыкі і жыццёвага асэнсавання свету. Чакаецца, што рэалізацыя праекта істотна актывізуе ўзаемадзеянне грамадскіх арганізацый з цэнтрамі падтрымкі мясцовых ініцыятыў, хрысціянскімі канфесіямі, павысіць дасведчанасць розных катэгорый насельніцтва, дапаможа процідзейнічаць дамашняму гвалту і розным тэндэнцыям, якія негатыўна ўплываюць на жыццё.

— Далучыцца да гэтай тэмы — добрае рашэнне. Трэба шукаць адказы на складаныя пытанні. Мы адказы шукаем у мастака. Спрабуем паказаць, як да гэтых праблем трэба ставіцца, — тлумачыць Леанід Хобатаў. — Не маўчаць пра іх, тым больш не рабіць выгляд, што іх няма. Нават у рамках выстаўкі мы бачым, наколькі тут шырэйшая палітра пытанняў і адказаў. Мы назвалі выстаўку «Мяжа» не ў вузкім сэнсе. Тут мяжа паміж мужчынам і жанчынай, паміж дабром і злом, паміж метафізічным і зямным. Гэты праект прысвечаны супрацьпастаўленням. Выстаўка цікавая тым, што тут няма карэктных літаратурных адказаў, але ёсць адказы творчыя. Мастацкі вобраз — наш памочнік, а праект — самая сапраўдная рэмінісцэнцыя.

Анатоль Отчык «Трапяткія надзеі», 2019 г.

Прадстаўленую выстаўку ні ў якім разе нельга назваць правакацыйнай, яна хутчэй гуманітарная: дапамагае адкрыта пачаць дыялог. Напрыклад, мужчына і жанчына ў сям’і могуць быць толькі пачаткам канфлікту, канфлікт жа існуе аж да ўзроўню знішчэння ўсяго вакол. Таму вялікай задачай для арганізатараў было пабудаваць выстаўку такім чынам, каб пазбегнуць вульгарнасці і ўсе аспекты раскрыць з пункту гледжання глыбіні мастацкай культуры.

Праект «Мяжа» нарадзіўся, калі ААН абвясціла Год без дамашняга гвалту. Тэма складаная. Беларускія мастакі раней рэдка сутыкаліся з настолькі складанымі сацыяльнымі тэмамі. Тут была звышзадача — паглядзець, як аўтары змогуць адказаць на такую складаную тэму. Мастакі, раскрываючы тэму, задалі тон сумнення не канкрэтна сабе, а гледачу. Яны накіравалі яго на тое, каб ён разабраўся з самім сабой, зазірнуў у свае сямейныя адносіны. Праект «капнуў» унутраны свет кожнага, хто ўбачыў экспазіцыю.

Часта, калі глядач наведвае выстаўку, ён бачыць многія тэмы ў разгорнутым выглядзе. Такім чынам, атрымлівае гатовы прадукт. У такой сітуацыі глядач пачынае аналізаваць сябе, задаваць пытанні: хто ён у сусветнай прасторы, кім з’яўляецца ў адносінах да мастака, які задаў тэму. Праект прадугледжвае дыялог і дэталёвае паглыбленне ў праблему. — Калі выстаўка не пакідае абыякавым, значыць, яна мае сэнс. У гэтым праекце мы адзначаем неабыякавасць з боку аўдыторыі гледачоў. Праект адпавядае ўсім крытэрыям: ён яркі, выразны. Яго можна дэманстраваць на разнастайных еўрапейскіх пляцоўках, — адзначае Глеб Отчык. — Я вельмі перажываў за экспазіцыю. Не ведаў, як грамадства ўспрыме настолькі цяжкую і эмацыянальную тэму. Але як толькі выйшаў за дзверы Палаца мастацтва і ўбачыў, як мастакі паміж сабой абмяркоўваюць выстаўку, зразумеў — усё атрымалася. Я бачыў, як Леанід Хобатаў з вялікай адказнасцю паставіўся да мантажу экспазіцыі. Ён перажываў, жыў ёй. А ў яго ж такі неверагодны досвед у гэтых пытаннях. Значыць, тэма зачапіла і ўзрушыла. У гэтым праекце няма бізнесскладніку, але ёсць самае сапраўднае мастацтва, якое можа спарадзіць вялікую прагрэсію. Калі да падобных праектаў падключаюцца банкі, любыя камерцыйныя структуры, яны дыктуюць нам правілы гульні. Гэтым разам мы самі прадыктавалі іх. Менавіта такія выстаўкі можна параўнаць з хмарачосамі, якія растуць без грошай.

Быць гатовым да любых складанасцей і не баяцца вырашаць пытанні — вось асноўная думка праекта «Мяжа». Важна, што такія сацыяльна накіраваныя выстаўкі становяцца ўсе больш актуальнымі і папулярнымі ў краіне. Яны дапамагаюць заставацца неабыякавымі да тых пытанняў, пра якія мы, бывае, маўчым. Праект дапаможа падрыхтаваць тэарэтычную базу і практычную інфармацыю пра перспектывы працы над жыццёвымі праблемамі на аснове хрысціянскіх прынцыпаў разумення.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Палітра пытанняў і адказаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».