Вы тут

Пятро Ламан: «Сцэну працай не лічу, бо атрымліваю ад яе задавальненне»


Беларускі акцёр Пятро Ламан — вядучы майстар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, паэт, перакладчык, кавалер медаля Францыска Скарыны. За яго плячыма звыш ста каларытных сцэнічных вобразаў, сярод якіх — Юрась, Мацей і Несцерка са знакамітай візітоўкі тэатра — камедыі «Несцерка» В. Вольскага, завадатар паўстання Марцыян Ропат з гістарычнай хронікі Ул. Караткевіча «Званы Віцебска», просты хлопец Тэймураз Джакелі з грузінскай камедыі Н. Думбадзэ «Не трывожся, мама!» і іншыя. Сёлета знакаміты артыст адзначае 70-годдзе. І гэта добрая нагода, каб успомніць самыя незабыўныя моманты жыцця, ролі і падзяліцца планамі наперад.


— Пятро, наколькі свядома вы выбралі свой творчы шлях?

— У прынцыпе, усё адбылося даволі выпадкова. У школе я любіў чытаць вершы са сцэны. Як і многія, удзельнічаў у самадзейнасці, мы ездзілі з канцэртамі ў суседнія вёскі. Пасля школы не паступіў у інстытут, год працаваў трактарыстам, як мой бацька. І раптам даведаўся, што мой аднакласнік Толя Жук паступіў вучыцца, як казалі ў вёсцы, «на артыста». Я падумаў, ну, а чым я горшы за яго, таксама паспрабую. І паспрабаваў. Мяне прынялі. Але не студэнтам, а кандыдатам у студэнты. Такое практыкавалася, але толькі ў Тэатральна-мастацкім інстытуце. Тады набралі 30 студэнтаў і 6 кандыдатаў. Я быў адным з іх. Праз паўгода мне паставілі 3 з мінусам і з папярэджаннем залічылі ў студэнты. А кіраўнік курса Уладзімір Андрэевіч Маланкін быў даволі жорсткі чалавек. Бывала ў яго і такое, што студэнт, які на ўступных экзаменах атрымліваў «пяцёрку», потым адлічваўся за непрыдатнасць. Яго любімая фраза была: «З чалавека зрабіць акцёра даволі лёгка, а вось з акцёра чалавека — вельмі складана». Такім чынам, набралі 36 чалавек, а выпусцілі толькі 13. Да мяне вельмі добра ставіўся дэкан тэатральнага факультэта Піліп Кобля. Дзякуючы яму, мяне і залічылі ў студэнты, бо ў кіраўніка курса былі некаторыя сумненні адносна мяне. І ўжо на 2 курсе на першай сесіі я атрымаў цвёрдую «чацвёрку». Дэкан завёў мяне ў бібліятэку інстытута і папрасіў супрацоўніц: «Займіцеся ім, калі ласка». І апрача праграмнай літаратуры, у мяне яшчэ быў асобны спіс, які я мусіў адолець. Я прыходзіў у інстытут з раніцы і сыходзіў, калі яго закрывалі.

— Ад каго вы атрымалі самыя галоўныя ўрокі ў жыцці?

— У прынцыпе, у маленстве не было такіх галоўных урокаў, але магу сказаць, што і мой бацька, і бабулі Стэфка і Каця вучылі мяне заставацца чалавекам. А гэта вельмі складана — заставацца ім у любых сітуацыях. Тады ж было ў асноўным атэістычнае выхаванне. Але ў бабы Каці захоўвалася яшчэ дарэвалюцыйная Біблія. Дык я і туды свой нос уторкнуў. І вось гэтыя біблейскія запаветы — «не забі», «не скрадзі» — увайшлі ў маю сутнасць. Ды і сама прырода ў вёсцы — найлепшы выхавальнік чалавека. Бараніць сваю душу ад бруду, заставацца чалавекам — гэтаму мяне ўсе і вучылі, у тым ліку і Маланкін. Ён мог адлічыць студэнта нават за нейкія чалавечыя хібы.

— Хто быў для вас настаўнікам у тэатры?

— На першым этапе да мяне вельмі добра ставіўся Іосіф Матусевіч. Калі я прыйшоў у тэатр, у яго яшчэ і звання не было. Ён ужо пры мне стаў заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь за ролю Калабка ў «Трыбунале», а праз некалькі гадоў і народным за «Таблетку пад язык», дзе сыграў дзеда Цыбульку. Мог падысці і па-добраму зрабіць нейкія заўвагі. Анатоль Шэлег падтрымліваў мяне, Анатоль Трус (мы яго звалі дзедам, і моладзь яго вельмі любіла). Потым, калі ўжо ў мяне з’явіліся галоўныя ролі, Фёдар Шмакаў напісаў пра мяне добры артыкул.

— Якую ролю ў вашым жыцці адыграў знакаміты спектакль «Несцерка»?

— Гэта першы спектакль, які я тут убачыў. І адразу адчуў сябе як дома. Першнаперш у ім гучала жывая родная мова. Атмасфера была дзівосная. А тое, што мне падабаецца, застаецца ў памяці. У свой час я ведаў поўнасцю «Званы Віцебска», ды і цяпер магу працытаваць пачатак. Так было і з «Несцеркам», у якім я памятаў усе ролі. Спачатку мяне ўвялі на Юрася, і давялося яго іграць нават пасля пяцідзесяці гадоў. Потым іграў Мацея, бацьку Настачкі. І нарэшце, калі Баркоўскі ажыццявіў капітальнае ўзнаўленне спектакля, кіраўніцтва вырашыла, што Несцерку буду іграць я.

— І якая з гэтых роляў самая любімая?

— Вядома, сам Несцерка, хоць і роля Юрася вельмі падабалася. Звычайна гастролі тэатра адкрываліся гэтым спектаклем. Памятаю, як падчас гастроляў у Чарнігаве людзі на вуліцах сталі азірацца на мяне. Я думаю: што такое, няўжо ўсе паглядзелі «Несцерку»? А якраз у гэты час на экраны выйшаў фільм «Белая птушка з чорнай адзнакаю». І мне ўжо ў тэатры патлумачылі, што я выліты Іван Мікалайчук, які там іграў галоўную ролю. Выходзіць на сцэну ў гэтым спектаклі, хоць у вобразе Юрася, хоць у ролі бацькі, было для мяне святам. Я ўвогуле работу на сцэне працай не лічу, бо атрымліваю ад яе толькі задавальненне, дык мне за яе яшчэ і грошы плацяць (усміхаецца). Менавіта тут — у тэатры — мне заўсёды ўтульна.

— Якія яшчэ з першых роляў запомніліся вам асабліва?

— Гэта найперш Марцыян Ропат са «Званоў Віцебска». Караткевіч ніколі не быў пачаткоўцам у беларускай літаратуры. Ён адразу ўвайшоў туды як класік, з першых вершаў, адразу быў сфарміраванай асобай. Памятаю, першы раз, калі чыталі «Званы», акцёраў адразу здзівіла: «А што гэта за мова, так жа не гавораць». А для мяне гэта быў як бальзам на душу. Гэта мастацтва, але заснаванае на глыбінным разуменні, што такое мова. На жаль, за савецкім часам, калі размова ішла ў спектаклях пра нацыянальную гісторыю, адраджэнне, іх прымалі добра, але рэцэнзій у цэнтральным друку не з’яўлялася.

— Што вас падштурхнула да літаратурнай творчасці? Дзе шукаеце крыніцы паэтычнага натхнення?

— Справа ў тым, што вершаў я зараз не пішу. Здаецца, Пушкін напісаў, што паэзія — гэта не вершаскладанне, а стан душы. Караткевіч толькі пачынаў як паэт, а потым стаў празаікам і драматургам. Вершы я пачаў пісаць у школе, потым прадоўжыў у інстытуце. Я тады займаўся ў літаб’яднанні пры «Чырвонай змене», якім кіраваў паэт Валянцін Лукша. І там друкавалі па некалькі вершаў пачаткоўцаў — на літстаронцы. І мне Лукша падказаў: «Ты ж зямляк Янкі Брыля. Пазвані яму, можа, з гэтага штосьці атрымаецца». Мы сапраўды былі землякамі. Нарадзіўся Іван Антонавіч, як і мой бацька, у вёсцы Загор’е. А я — у суседняй — у Маласенцах. Я перапісаў усе лепшыя свае вершы ў вучнёўскі сшытак і паказаў Брылю. Той пры мне пазваніў Міколу Аўрамчыку, на той час загадчыку аддзела паэзіі ў «Маладосці», і ў хуткім часе з’явілася мая публікацыя ў гэтым часопісе. А ў тэатры што адбылося? Новы галоўны рэжысёр не займаў мяне ў новых спектаклях, я быў заняты толькі ў старым рэпертуары. Ідзе пераатэстацыя. І на ёй Мазынскі мяне ўпікае: «Ламан, я хачу вам сказаць, што вы не працуеце над сабой». А ў мяне якраз тады выйшла першая паэтычная кніжка. І я дастаю яе і кажу: «Вось так я не працую над сабой? А калі ў мяне і далей не будзе роляў, у мяне выйдзе яшчэ адзін зборнік». Усяго іх атрымалася тры: «Зерне імгненняў», «Споведзь агню» і «Стары млын». Тым часам Брыль збудаваў сабе лецішча. І я штогод на 4 жніўня прыязджаў да яго на дзень нараджэння. Аднойчы ён мяне спытаў: «Пятро, а ты не спрабаваў пісаць прозу?» Я сказаў, што не. Але гэта ўва мне засела. І мне пачалі сніцца мае «Астравы». Я толькі занатоўваў іх на шпалерах у інтэрнацкім пакоі, дзе тады жыў. У «Маладосці» спачатку выйшла адна аповесць, потым яшчэ дзве. У Саюз пісьменнікаў я быў прыняты як паэт, а ў Міжнародную асацыяцыю пісьменнікаў Пэн-цэнтр ужо як празаік. Потым тры аповесці выйшлі асобнай кніжкай. Актыўна займаўся перакладам, ды і зараз займаюся. Як ні дзіўна, але крыніцай для паэзіі з’явіліся самыя першыя карцінкі маленства. Памятаю, я стаю на акне, мяне трымаюць пад пашкі, а ў двары лужыны, з іх сонечныя зайчыкі трапляюць на аканіцу, я спрабую іх лавіць. Мне яшчэ тады і двух гадоў не было. Мая маці рана памерла — калі мне было чатыры гады. І гэтае сіроцтва на мяне моцна ўздзейнічала. Я любіў заставацца адзін, сам-насам з прыродай.

— Якіх роляў вам не хапіла ў творчым жыцці?

— Можна, вядома, бясконца марыць: вось бы мне Гамлета сыграць альбо Атэла, але калі ў тэатры гэтыя п’есы не ставяцца, то пра што разважаць. Зыходзячы з таго, што мне вельмі хацелася, я сыграў. Напрыклад, мне вельмі падабаўся Шкаляр у «Несцерцы», і аднойчы, калі адзін з акцёраў пераблытаў нешта ў раскладзе і не з’явіўся на спектакль, я гэтую ролю сыграў. Як некалі казаў Лао Цзы: «Бойцеся сваіх жаданняў. Яны спраўджваюцца».

— Адкуль з’явілася ідэя вашага аўтарскага спектакля «Радзіма душы» і чаму ён так мала ішоў?

— Хацелася да юбілею стварыць бенефісны спектакль, дзе б я быў галоўным. А паколькі ў мяне ёсць яшчэ адна прафесія, то я вырашыў стварыць сцэнарый з маіх уласных вершаў і прозы, народных песень, — адным словам, зрабіць такое відовішча, дзе я і аўтар п’есы, і галоўны герой. Па-мойму, у мяне атрымалася, бо спектакль быў запрошаны на Міжнародны тэатральны фестываль у Вроцлаў. Я туды ездзіў. А чаму мала ішоў, Бог яго ведае.

— Вы ж былі і аўтарам сцэнарыя тэлеспектакля «Душа мая, як ястраб дзікі…»? Ён з’явіўся яшчэ раней?

— Так. Гэта быў мой першы досвед. Спачатку на абласной студыі тэлебачання я проста чытаў вершы Багдановіча, а потым рэжысёр прапанавала: «Давайце зробім монаспектакль пра Багдановіча на рэспубліканскім тэлебачанні». Я напісаў тэкст, і такі спектакль выйшаў у эфір.

— А што са зробленага ў апошні час вас цешыць найбольш?

— Мне вельмі блізкі дзед са спектакля «Пахавайце мяне за плінтусам». Я ж і перакладаў гэтую п’есу, і даволі многа ад сябе ўклаў у тэкст. Рэжысёр Валерый Анісенка даў мне карт-бланш, сказаў: «Рабі, што хочаш, перакладай, як лічыш патрэбным». Пры перакладзе што галоўнае? Рытм і вібрацыя слоў. Гэта і ёсць сам аўтар, яго стыль. Вы з першых радкоў не зможаце пераблытаць Ясеніна з Маякоўскім, а Янку Купалу з Якубам Коласам, хоць мовы ў іх і аднолькавыя. Я з гэтым сутыкнуўся, калі перакладаў п’есу Алясандра Фрэдры “Муж і жонка”. Спрабую перакладаць з рускай і лухта атрымліваецца. А я нармальна чытаць магу па-польску. Пачаў шукаць арыгінал. У нашай абласной бібліятэцы няма. У Мінску таксама. У Брэсце ў мяне ёсць знаёмая пісьменніца, яна патэлефанавала сваёй сяброўцы, якая працуе ў Варшаве ў цэнтральнай бібліятэцы. Даслалі мне польскі варыянт. І ў мяне ўсё пайшло. Розныя мовы і розная вібрацыя.

— Над чым працуеце як акцёр?

— Роля вельмі цікавая — Піліпа Цюрына ў новым спектаклі Юрыя Пахомава па апавяданнях Шукшына, які называецца «Яшчэ раз пра каханне». Адна з навел у ім — «Восенню». Мой герой пражыў жыццё і заўсёды кахаў жанчыну, якую зараз вязуць хаваць. Запрашаю на прэм’еру, якая адбудзецца 1 жніўня.

Гутарыў Юрый ІВАНОЎСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».