Вы тут

Які плён дала дзяржпраграма «Замкі Беларусі»?


Без клопату пра мінулае, без павагі да сваёй гісторыі і яе вывучэння няма будучыні ні ў адной дзяржавы. Менавіта таму дзеля захавання і па магчымасці аднаўлення архітэктурнай спадчыны ў нашай краіне была распрацаваная і зацверджаная дзяржпраграма «Замкі Беларусі».


Савет Міністраў зацвердзіў яе 6 студзеня 2012 года. Сама праграма дзейнічала з 2012-га да 2016 года, а пазней стала часткай больш маштабнай дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2016—2020 гады.

Дзяржпраграма мела на мэце стварэнне спрыяльных умоў для захавання, аднаўлення і рацыянальнага выкарыстання аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця ўнутранага і ўязнога турызму.

Дарэчы, паводле падлікаў даследчыкаў, у Беларусі ў розны час існавала не менш за 150 замкаў, адметных па сваёй гісторыі, архітэктурных і ландшафтных асаблівасцях. На сёння ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў — больш за 15 замкаў і іх фрагментаў, а таксама каля 20 замчышчаў — помнікаў археалогіі, што захаваліся ў культурным слаі.

Дзяржпраграма «Замкі Беларусі» прадугледжвала правядзенне рэстаўрацыйных работ і мерапрыемстваў па кансервацыі на 14 замках і палацах — з захаваннем іх кампазіцыйнай структуры і гістарычнай забудовы, а таксама прыстасаванне іх для сучасных сацыяльна-культурных патрэб.

На працягу трох гадоў адпаведныя мерапрыемствы ў межах выдзеленых сродкаў праводзіліся на ўсіх аб'ектах, што былі ўключаны ў дзяржпраграму. У прыватнасці, адзначае начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі Наталля ХВІР, у 2015 годзе былі завершаны работы на чатырох аб'ектах: Камянецкай вежы ў Камянцы, рэштках замка ў вёсцы Геранёны Іўеўскага раёна, у палацава-паркавым ансамблі ў Нясвіжы, а таксама ў парку з рэшткамі замка ў пасёлку Тэльман Брагінскага раёна Гомельшчыны. На двух аб'ектах — руінах замка Белы Ковель у аграгарадку Смальяны Аршанскага раёна Віцебшчыны і руінах адзінага захаванага ў нашай краіне замка-крэпасці ХVІІ стагоддзя ў Быхаве Магілёўскай вобласці — было праведзена добраўпарадкаванне.

Яшчэ ў васьмі замках і палацах — у Гродне, Навагрудку, Любчы (Навагрудскі раён), Крэве (Смаргонскі раён), Гальшанах (Ашмянскі раён), Міры (Карэліцкі раён), Лідзе, Ружанах — работы па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў архітэктуры працягнуліся і ў 2016—2018 гадах. Прычым за гэты тэрмін на захаванне аб'ектаў культурнай спадчыны было вылучана звыш трох мільёнаў рублёў з рэспубліканскага бюджэту, больш за 1,2 мільёна — з мясцовых, яшчэ звыш 300 тысяч рублёў паступіла ад спонсараў у межах дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

Дадаткова за кошт сродкаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва фінансаваліся кансервацыя і аднаўленне фрагментаў Крэўскага і Гальшанскага замкаў. Дарэчы, савет фонду сёлета ў сакавіку прыняў рашэнне выдзеліць на заканчэнне гэтых работ у 2019—2020 гадах яшчэ больш за 1,9 мільёна рублёў. Так што, нягледзячы на тое што афіцыйна дзеянне дзяржпраграмы «Замкі Беларусі» завершана, работы па захаванні культурна-гістарычных помнікаў у розных рэгіёнах краіны працягваюцца — і значыць, усё новыя знакавыя аб'екты будуць уключацца ў турыстычныя маршруты для беларусаў і замежных гасцей.

Каментарый у тэму

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы, доктар гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі навук Ігар Марзалюк:

— Я не раз казаў, што самае каласальнае дасягненне за 25 гадоў інстытута прэзідэнцтва ў Беларусі — гэта наш рэальны архітэктурны суверэнітэт. Для мяне гэты суверэнітэт вызначаюць дзве знакавыя рэчы: рэстаўрацыя замкаў і аднаўленне ратуш, бо замкі і ратушы — маркеры еўрапейскай беларускай гісторыі. Гэта тое, чаго няма ў суседняй Расіі ў сілу таго, што яна развівалася іначай у гістарычным плане: там ніколі не было самакіравання і не было феадалізму ў класічным сэнсе слова. А ў нашай краіне ёсць такая адметнасць, якая лучыць нас з Усходам і Захадам, з еўрапейскай культурнай традыцыяй. І калі ўважліва вывучыць пытанне, вы пабачыце, што менавіта за 25 гадоў прэзідэнцтва, пачынаючы з 1994 года, мы аднавілі, адрэстаўравалі столькі знакавых беларускіх помнікаў, колькі не зрабілі за ўсё ХХ стагоддзе. Можна спрачацца, наколькі хораша і прыгожа было зроблена тое ці іншае, але Беларусь узнавіла гэты велічны сілуэт, і для мяне гэта самае важнае.

Разам з тым я лічу, што ёсць яшчэ знакавыя помнікі, якія трэба ўключаць у інвестыцыйныя праграмы і развіваць работу на іх. Якія аб'екты, на маю думку, недаацэненыя належным чынам, не ўведзеныя ў нацыянальны кантэкст? Буду казаць пра любую майму сэрцу ўсходнюю Беларусь. Тут ёсць тры эталонныя помнікі, якія нічым не саступаюць ні Нясвіжу, ні Міру ці іншым вядомым комплексам.

Безумоўна, у гэты пералік уваходзіць комплекс архітэктурных помнікаў Мсціслава, у тым ліку знакамітыя Пустынкі. Мсціслаў — наогул унікальны горад і раён, горад-помнік, роўнага якому на ўсходзе і паўднёвым усходзе Беларусі няма. Туды трэба выдаткаваць каласальныя грошы, і зрабіць гэта можа толькі дзяржава, каб надаць Мсціславу высокі статус гісторыка-археалагічнага запаведніка.

Быхаўскі замак — таксама ўнікальны, адзіны захаваны ў нашай краіне замак-крэпасць галандскага тыпу, што сведчыць аб сувязях з Фландрыяй, з Нідэрландамі. Да таго ж гэта замак двух самых вядомых беларускіх радоў — Хадкевічаў і Сапегаў. Сюды ж далучым і Быхаўскую сінагогу абарончага тыпу — такіх было ўсяго тры, іншыя дзве знаходзіліся ў Пінску і Вільні, але яны разбураныя, а быхаўская захавалася. Стары Быхаў таксама патрабуе велізарнай працы і ўкладанняў, аднак я перакананы, што калі падысці да яго з такім жа клопатам і любоўю, як мы падышлі да Міра і Нясвіжа, то ён гэтыя грошы верне за некалькі гадоў, бо мае вялікі турыстычны патэнцыял.

І, нарэшце, трэці ў спісе аб'ект — Жылічы. Няхай не пакрыўдзяцца на мяне жыхары гарадоў з вядомымі палацавымі комплексамі, аднак калі ў многіх з іх ад гісторыі засталіся толькі сцены, то Жыліцкі палацавы комплекс, пабудаваны Янам Булгакам, — месца, куды трэба прыехаць, каб пабачыць прыгажосць і багацце сапраўднай гісторыі: ляпніну пачатку ХІХ стагоддзя, столь, якая захавалася мо толькі ў Эрмітажы, вінтавыя лесвіцы... Гэта знакавы помнік архітэктуры, на сённяшні дзень, напэўна, самы аўтэнтычны ў Беларусі, перліна нумар адзін. Менавіта гэтыя помнікі, пры ўсёй павазе да іншых, павінны мець прыярытэт у пытаннях аднаўлення.

Ляпніна Жыліцкага палацавага комплекса. Фота БелТА.

Некаторыя архітэктурныя помнікі Магілёўшчыны ўжо цалкам адноўлены, як ратуша ў Магілёве, ратуша і гандлёвыя рады ў Шклове. Можна згадаць яшчэ нямала іншых цікавых і адметных аб'ектаў, вартых увагі, але большасць з іх мае рэгіянальны кантэкст. А вось Мсціслаў, Быхаў і Жылічы патрабуюць, на маю думку, прамога патранажу Прэзідэнта, бо маюць і агульнанацыянальнае, і міжнароднае значэнне. Яны патрэбныя нам як паветра, і трэба зрабіць іх усім светам. Гэта наша «самасць», наша беларускасць, той непаўторны культурны код, па якім нас будуць пазнаваць у свеце. Бо з іншых краін людзі прыязджаюць паглядзець на тое, чаго няма ў сябе, — і вось гэтага больш нідзе няма, як у нас.

— На ваш погляд, наколькі паспрыяе ў справе рэстаўрацыі замкаў і іншых архітэктурных помнікаў распрацоўка віртуальных праектаў, па прыкладзе Нотр-Дам дэ Пары?

— Я лічу, што і віртуальныя праекты — вельмі важная рэч, але ніякі віртуальны праект не заменіць рэальнай рэстаўрацыі. Іншая справа, што заўсёды ўзнікае спрэчка: ці трэба аднаўляць усе помнікі, ці дастаткова правесці кансервацыю — калі будынак памёр, пражыў свой век, то зафіксуем руіны і далей не пойдзем? Гэты падыход таксама мае месца быць. Аднак ёсць помнікі, якія больш чым проста помнікі — яны знакі мемарыяльнай культуры. Вось прыклад: Варшава была цалкам разбомбленая, і калі сёння прайсці па Старым Мясце — гэта ўсё навадзел, рэканструкцыя. Але палякі зрабілі яе дакладна па чарцяжах і малюнках таго часу, і ў каго павернецца язык упікнуць іх у навадзеле? Альбо чаму сабор Нотр-Дам дэ Пары будзе ўзноўлены абавязкова — таму, што для французаў ён і ёсць Францыя; гэта не толькі сэрца краіны, але і цэнтр парламентарызму, найважнейшы момант французскага каралеўства, маса сімвальных падзей. Так і ў нас ёсць замкі, якія нясуць сімвалічны змест для Беларусі. Таму, я лічу, трэба праводзіць і рэстаўрацыю, і кансервацыю — у залежнасці ад статусу і важнасці аб'екта, але ёсць будынкі, якія незалежна ад выдаткаў і цяжкасці працы абавязкова трэба аднаўляць. Бо без іх няма нас.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Аправа для жамчужын гісторыі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.