Вы тут

Калі можна ламаць хлеб?


«У дзяцінстве бацькі мяне вучылі ніколі не ламаць і не адкусваць хлеб, а вось сёлета была на пахаванні далёкага родзіча старэнькая-старэнькая бабуля ўзяла ў рукі бохан чорнага хлеба і пачала адломваць невялічкія кавалачкі і даваць кожнаму ў руку, каб з'елі. Ніхто не адмовіўся. Цікава, адкуль пайшоў такі звычай», — піша па электроннай пошце наша чытачка Наталля з Маларыцкага раёна.


Каб нашым сучаснікам было зразумела, чаму не варта ламаць ці адкусваць хлеб, раскрыем семантыку рытуальнага дзеяння «ламаць», якое ў народнай культуры заўсёды асацыявалася з разбурэннем, разрывам, дзяленнем на часткі і з'яўлялася адным са спосабаў знішчэння ці збаўлення ад чаго-небудзь. Таксама яно ўспрымалася як «магічны сродак абароны або навядзення псоты». У рытуальных бясчынствах, выкліканых парушэннямі ў кантэксце рэгламентаваных паводзін, дзеянне «ламаць» (руйнаваць, знішчаць, парушаць цэласнасць) выступала адным з галоўных элементаў. Напрыклад калі хтосьці з аднавяскоўцаў гарадзіў плот у «неналежны» час, напрыклад да Дабравешчання або Радаўніцы, і тым самым «турбаваў» зямлю раней дазволенага часу (пакуль першы гром не грымне, першы дождж не пройдзе), якая магла адгукнуцца неўраджаем, выкліканым засухай ці замаразкамі, аднавяскоўцы ў той жа дзень руйнавалі, ламалі, разбіралі яго.

Яшчэ адзін прыклад: калі хтосьці з аднавяскоўцаў забываў у полі барану, дзяўчаты павінны былі разламаць яе на дробныя кавалкі, у адваротным выпадку, лічылася, на працягу года ніводная з дзяўчат гэтага сяла не выйдзе замуж.

У сваю чаргу разламаныя прадметы заўсёды былі прадвесцем бяды. Так, хлеб, які трэснуў у печы, прадказваў смерць кагосьці з дамачадцаў: «Калі хлеб у печы разваліцца на дзве палавіны — гэта не на дабро».

Часцей за ўсё такія дзеянні, як ламаць, ірваць, руйнаваць, прысутнічалі ў пахавальным абрадзе. На Беларусі быў распаўсюджаны звычай разрываць ручнікі, на якіх труну з памерлым апускалі ў магілу (гэтымі кавалкамі абрадавай тканіны можна было лячыць некаторыя цяжкія хваробы, асабліва захворванні суставаў); знішчалі, ірвалі, спальвалі, разбівалі, у тым ліку ламалі, прадметы, з якімі памерлы быў у непасрэдным кантакце ў апошнія хвіліны жыцця (пасцельныя прыналежнасці, грэбень, люстэрка і да т. п.), знішчалі і тыя прылады, якія ўступалі ў непасрэдны кантакт з памерлым (мыла, прасціна і іншае).

Разломліванне, раздзіранне, спальванне ці любога роду знішчэнне як рытуальнае дзеянне выкарыстоўвалі ў абрадах вяснова-летняга цыкла, напрыклад, спальваючы або разрываючы, а затым раскідваючы па полі пудзіла Масленіцы або Зімы.

У шлюбнай сімволіцы і вясельных абрадах разбівалі посуд, г. зн. ламалі, сімвалізуючы разбурэнне, знішчэнне ранейшага, дашлюбнага статусу жаніха і нявесты. Той жа сімволікай прасякнуты ўсе рытуальныя дзеянні пасля першай шлюбнай ночы. Калі нявеста была цнатлівая, у абрадах удзельнічалі «цэлыя» прадметы (талерка, лыжка, блінец, кашуля і да т. п.), калі не — надарваныя, вышчарбленыя, трэснутыя, дзіравыя.
У некаторых рэгіёнах перад першай шлюбнай ноччу ці пасля яе жаніх ці сват павінны былі разарваць, г. зн. рукамі разламаць вараную курыцу, што лічылася пацвярджэннем цнатлівасці нявесты.

Хлеб ламаць, а не рэзаць можна было толькі абрадавы (напрыклад, памінальны, што і рабіла згаданая вамі бабуля). Выключэнне тут складае вясельны каравай, які рэзалі нажом і рабіць гэта мог толькі мужчына — часцей за ўсё хросны бацька жаніха або нявесты.

У паўсядзённым жыцці ламаць хлеб катэгарычна забаранялася: забарона на пераламленне хлеба часта матываваная тым, што «хлеб мучыцца, калі яго ломяць» (укр. Палессе); «ломаты хлеб — грих велыкый» (Жытомірская вобласць); «будзіш ламаць, будуць чэрці лыка дзерці» (Бранская вобласць). Нярэдка лічылася, што хлеб ломяць толькі людзі, якія не баяцца Бога» (Палессе, Гомельшчына)».

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».