Вы тут

Першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана атрымаў станоўчыя ацэнкі


Вынікі яго будуць падведзены праз год — на другім падобным форуме, які пройдзе на тэрыторыі Узбекістана, але ўжо цяпер ёсць падставы чакаць, што яны будуць добрыя.


За два дні работы форуму было падпісана 26 прамых пагадненняў паміж рэгіёнамі. Яшчэ шэраг — падчас сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў. У работу запушчаныя больш за 20 камерцыйных кантрактаў. Гэтаму папярэднічала вялікая работа на працягу апошняга года. Толькі сёлета адбылося больш за 70 візітаў беларускіх дэлегацый рознага ўзроўню ва Узбекістан. Кіраўнікі рэгіёнаў Узбекістана таксама наведалі нашу краіну з дзелавымі візітамі. У мерапрыемствах форуму ўдзельнічала больш за 1000 чалавек. На пленарным пасяджэнні былі прадстаўленыя ўсе рэгіёны дзвюх краін, а таксама міністэрствы і ведамствы, прадпрыемствы, навуковыя арганізацыі, вышэйшыя навучальныя ўстановы, установы культуры і бізнесу.

Умовы для мільярда

«Усё адбываецца ўпершыню, — падкрэсліла на адкрыцці пленарнага пасяджэння намеснік старшыні Савета Рэспублікі і старшыня аргкамітэта форуму з беларускага боку Мар'яна ШЧОТКІНА. — Гэта першы форум, першае пленарнае пасяджэнне, упершыню арганізавана маштабная выстаўка нацыянальнай прадукцыі Made іn Uzbekіstan, упершыню праходзяць Дні культуры Узбекістана, адбылося адкрыццё бюста выдатнага ўзбекскага паэта, мысляра, дзяржаўнага дзеяча Алішэра Наваі».

Добрым зачынам назваў форум і старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл МЯСНІКОВІЧ.

Беларусь разглядае Узбекістан як важнага перспектыўнага партнёра ў Цэнтральнай Азіі, заявіў ён. «Палітычны дыялог паміж нашымі краінамі за апошнія гады прыкметна актывізаваўся, міжпарламенцкія і міжурадавыя кантакты набылі сістэмны характар, умацоўваюцца гандлёва-эканамічныя сувязі, — пералічыў спікер. — Аднак супакойвацца няма падстаў. Узаемны гандаль трэба нарошчваць больш высокімі тэмпамі, каб дасягнуць аб'ёму гадавога тавараабароту ў адзін мільярд долараў. Такую задачу паставілі нам прэзідэнты».

Для дасягнення гэтай мэты трэба стварыць умовы, сярод якіх першая — актуалізацыя беларуска-ўзбекістанскай дагаворна-прававой базы (яна ўключае 60 міжнародных дагавораў і пагадненняў). Міхаіл Мясніковіч прапанаваў міжпарламенцкім і міжурадавым камісіям правесці гэтую работу на працягу 2019 і 2020 гадоў.

Другая важная ўмова актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва — гарманізацыя нацыянальных гандлёвых заканадаўстваў. «У цяперашні час краінавыя ўмовы істотна адрозніваюцца паміж сабой, што стрымлівае аб'ёмы ўзаемнага гандлю і інвестыцый. Парламентам і ўрадам мэтазгодна зняць існуючыя бар'еры», — выказаў меркаванне старшыня Савета Рэспублікі.

Яшчэ адным залогам паспяховага супрацоўніцтва ён назваў інвестыцыі. «Да таго часу, пакуль не будзе буйных сумесных кампаній, а лепш — фінансава-прамысловых груп, нашы эканамічныя адносіны не будуць такія ўстойлівыя, як хацелася б, — лічыць Міхаіл Мясніковіч. — Толькі сумесны бізнес, магчыма і з удзелам кампаній з трэціх краін, можа стаць драйверам актыўнага развіцця».

Спікер канстатаваў, што ў Беларусі і Узбекістана пакуль мала буйных сумесных кампаній, а тыя, што ёсць, маюць цяжкасці з-за тарыфнага і нетарыфнага рэгулявання. «Сітуацыю не варта драматызаваць. Над гэтымі пытаннямі трэба сумесна працаваць і дыпламатам, і парламентарыям, і, у першую чаргу, мацярынскім кампаніям. І мы ўпэўненыя, што ўзаемавыгадныя рашэнні будуць выпрацаваны», — адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

Ён таксама выступіў за тое, каб Беларусь і Узбекістан рэалізоўвалі больш інавацыйных праектаў. «Без навукі, даследаванняў, уласных навукова-тэхнічных і адукацыйных праграм немагчыма дасягнуць высокай канкурэнтаздольнасці», — рэзюмаваў кіраўнік верхняй палаты парламента.

Пры гэтым важна падключаць моладзь і прыслухоўвацца да яе меркавання, лічыць парламентарый: «Яны будуюць сваю будучыню, і органы ўлады абавязаны ім дапамагчы».

Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што ў Беларусі створаны прывабны інвестыцыйны і падатковы клімат, дзейнічае шэраг прэферэнцыйных рэжымаў і свабодных эканамічных зон. «Беларусь можа стаць для ўзбекскага бізнесу добрай пляцоўкай для выхаду на рынкі Еўрасаюза, — заўважыў ён. — Мы ўдзячныя ўзбекскім партнёрам за запрашэнне беларускіх кампаній да шырокага ўзаемадзеяння, удзелу ў новых сумесных праектах, стварэнне магчымасці па сумесным выхадзе на рынкі краін Цэнтральнай Азіі».

Супадаюць у нашых краінах і прыярытэты ў супрацоўніцтве з Кітаем, дадаў Міхаіл Мясніковіч. Ён прапанаваў абмеркаваць сумяшчэнне намаганняў у рамках глабальнай ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях».

Безумоўна, асноўным рухавіком супрацоўніцтва павінны стаць эфектыўныя рэгіянальныя праекты, менавіта дзеля іх старту і задуманы форум. «Беларускія рэгіёны маюць досыць шырокія паўнамоцтвы для самастойнага прыняцця рашэнняў па ўсім коле пытанняў», — падкрэсліў спікер.

Нарэшце, менавіта парламентам адведзена важная роля ў наладжванні стасункаў паміж краінамі, і падчас работы форуму ўдалося знайсці механізмы паглыблення міжпарламенцкага супрацоўніцтва, паведаміў сенатар.

Абноўлены Узбекістан адкрываецца для інвестараў

Са станоўчай папярэдняй ацэнкай І Форуму рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана пагадзіўся і першы намеснік старшыні Сената Олій Мажліса Узбекістана, старшыня арганізацыйнага камітэта форуму з боку гэтай краіны Садык Сафаеў.

«Праведзеная сумесна дбайная падрыхтоўка дазволіла забяспечыць высокі ўзровень прадстаўніцтва, плённасць праведзеных на палях форуму перагавораў. Дастаткова адзначыць, што ў яго рабоце бяруць удзел больш за 200 прадстаўнікоў Узбекістана, у тым ліку парламентарыі, кіраўнікі абласцей, буйных прадпрыемстваў, прадпрымальнікі, прадстаўнікі навукова-акадэмічных колаў. Гэта падкрэслівае сур'ёзны настрой на сумесную работу з беларускімі партнёрамі», — сказаў ён.

Садык Сафаеў адзначыў вялікую ўзаемную цікавасць, магутны патэнцыял супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі і, у прыватнасці, іх рэгіёнамі. Для Узбекістана супрацоўніцтва з Беларуссю з'яўляецца важным прыярытэтам знешняй палітыкі. «Мы цвёрда перакананыя, што паслядоўнае развіццё і ўсебаковае ўмацаванне партнёрскіх сувязяў па ўсім спектры адносін цалкам адпавядаюць інтарэсам абедзвюх краін і народаў», — падкрэсліў віцэ-спікер.

Парламентарый паведаміў пра сутнасць палітычнай і эканамічнай мадэрнізацыі сваёй краіны, узрастанне ролі парламента ў жыцці Узбекістана. Цягам двух апошніх гадоў тэмпы эканамічнага росту ў краіне былі вышэйшыя за сярэднія ў свеце, у першай палове 2019 года гэты паказчык склаў 5,3 працэнта. «Сёння Узбекістан дэманструе прадказальнасць, адкрытасць, гатоўнасць да дыялогу», — запэўніў Садык Сафаеў.

Дасягнуты ўзровень узбекістанска-беларускіх сувязяў шмат у чым грунтуецца на асабістых даверных адносінах паміж прэзідэнтамі дзвюх краін, падкрэсліў сенатар. Ён назваў прарыўным у двухбаковых адносінах леташні візіт Аляксандра Лукашэнкі ва Узбекістан.

«Форум стаў важным крокам у прасоўванні дзелавога супрацоўніцтва, рэалізацыі канкрэтных праектаў ва ўзаемадзеянні рэгіёнаў Узбекістана і Беларусі, — упэўнены віцэ-спікер. — Ён адкрыў новыя гарызонты ўзаемадзеяння ў такіх галінах, як прамысловая кааперацыя, аграпрамысловы комплекс, харчовая прамысловасць, а таксама ў культурнай, гуманітарнай, інфармацыйна-камунікацыйнай і навуковай сферах. Падпісаны сумесныя дакументы, будуць створаны сумесныя прадпрыемствы. Праведзеныя падчас форуму плённыя перагаворы стануць трывалай асновай для далейшага павелічэння аб'ёмаў узаемнага гандлю і пашырэння наменклатуры тавараў».

Паводле яго слоў, цяпер відавочна, наколькі своечасовае і прадуктыўнае было ўключэнне такога раней не задзейнічанага магутнага пласта двухбаковага ўзаемадзеяння, як прамое супрацоўніцтва рэгіёнаў.

«Нас асабліва радуе тое, што сістэматычны характар набыў узбекска-беларускі міжпарламенцкі дыялог, які з'яўляецца важным рэсурсам паглыблення адносін паміж бакамі», — дадаў Садык Сафаеў.

Дарожная карта

Пашырэнне міжрэгіянальных сувязяў разглядаецца Беларуссю ў якасці важкага ўкладання ва ўмацаванне трывалага фундамента, на якім цяпер будуецца і атрымае развіццё ў далейшым увесь комплекс беларуска-ўзбекскіх адносін. Пра гэта на пленарным пасяджэнні заявіў першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй ЕЎДАЧЭНКА.

Праграмным дакументам па развіцці двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва з'яўляецца дарожная карта, якая ўтрымлівае больш за 150 мерапрыемстваў у розных сектарах эканомікі.

Значную частку гэтай карты займае гандаль. За апошнія два гады аб'ём двухбаковага тавараабароту Беларусі і Узбекістана вырас амаль у два з паловай разы (у 2018 годзе ён склаў 157,4 мільёна долараў) і за пяць месяцаў бягучага года дадаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага яшчэ 15 працэнтаў. Пры гэтым больш чым у 13 разоў вырас аб'ём узаемнага гандлю паслугамі (за пяць сёлетніх месяцаў — каля 60 мільёнаў долараў).

«Мы цяпер актыўна працуем над тым, каб наблізіць беларускія тавары да ўзбекскага спажыўца, — расказаў першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі. — Ды і беларусы маюць патрэбу ў якасных узбекскіх таварах: фруктах, гародніне, арэхах. Асабліва гэта актуальна для тых, хто трымаецца здаровага ладу жыцця, а такіх у нашай краіне ўсё больш».

Каля 30 пунктаў дарожнай карты датычацца развіцця інвестыцыйнай дзейнасці і вытворчай кааперацыі. Прыярытэтныя кірункі: машынабудаванне, аграпрамысловы комплекс, харчовая, фармацэўтычная, лёгкая прамысловасць, транспарт, інфармацыйныя тэхналогіі.

«Мы ўсе разумеем, што гэта цалкам новы этап беларуска-ўзбекскіх адносін, новая якасць нашага эканамічнага супрацоўніцтва, — сказаў Андрэй Еўдачэнка. — Размова ідзе пра стварэнне адносна буйных прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Напрыклад, у межах сумеснага праекта Мінскага трактарнага завода і Ташкенцкага завода сельскагаспадарчай тэхнікі мы прапануем арганізаваць сумесную вытворчасць трактароў — каля пяці тысяч адзінак у год».

У рамках створанага ў сёлетнім красавіку сумеснага прадпрыемства «Здравушка-Ташкент» плануецца адкрыць завод па перапрацоўцы малака магутнасцю 50 тон у суткі і малочнатаварны комплекс на тысячу галоў.

Па словах прадстаўніка знешнепалітычнага ведамства Беларусі, цяпер абмяркоўваюцца пытанні не проста зборкі, а поўнамаштабнай вытворчасці з выкарыстаннем мясцовай сыравіны, матэрыялаў, камплектуючых, укараненнем паэтапнай лакалізацыі, сумесным кіраваннем вытворчасцю і правядзеннем узгодненай маркетынгавай палітыкі, у тым ліку ў пытаннях прасоўвання сумесна вырабленай прадукцыі на рынкі трэціх краін.

Да таго ж пад рэалізацыю сумесных беларуска-ўзбекскіх праектаў падводзіцца адпаведная навуковая база, паведаміў Андрэй Еўдачэнка. Добрыя перспектывы маюцца ў рэалізацыі ідэй па стварэнні ў Ташкенцкай вобласці селекцыйна-генетычнага цэнтра па буйной рагатай жывёле і ўкараненні сістэмы ідэнтыфікацыі сельскагаспадарчых жывёл.

*  *  *

Падводзячы для журналістаў папярэднія вынікі праведзенай сумеснай работы, віцэ-спікер верхняй палаты беларускага парламента Мар'яна Шчоткіна назвала І Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана гістарычнай падзеяй. Яго правядзенне было палітычнай воляй двух прэзідэнтаў, нагадала яна. «Мэта — перш за ўсё ўмацаванне міжпарламенцкага супрацоўніцтва і ўмацаванне і пашырэнне міждзяржаўнага супрацоўніцтва, — заявіла Мар'яна Шчоткіна. — У нас розныя дзяржавы, розныя эканомікі, але не канкурэнцыя, а ўзаемадапаўненне і супрацоўніцтва ляжаць у аснове нашага ўзаемадзеяння».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Добры зачын

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.