Вы тут

Садык Сафаеў наведаў верхнюю палату беларускага парламента


Першы намеснік старшыні Сената Олій Мажліса Рэспублікі Узбекістан Садык Сафаеў наведаў верхнюю палату беларускага парламента на другі дзень Форуму рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана перад пачаткам пленарнага пасяджэння.


Фота Яўгена Пясецкага.

Міхаіл Мясніковіч падзякаваў узбекскаму калегу за візіт і шырокае прадстаўніцтва краіны на I Форуме рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана.

«Сапраўды, кантакты паміж людзьмі патрэбныя, нягледзячы на тыя добрыя, выдатныя рашэнні інфармацыйных тэхналогій, якімі валодаюць нашы спецыялісты, але разам з тым жывыя стасункі заўсёды карысныя і можна больш даведацца і больш запазычыць», — сказаў, вітаючы гасцей, старшыня Савета Рэспублікі.

Спікер верхняй палаты беларускага парламента падкрэсліў, што наша краіна адкрытая для абмеркавання ўсіх без выключэння пытанняў, ці то эканамічных, ці то палітычных, парламенцкіх кантактаў або канкрэтных кірункаў: медыцына, сельская гаспадарка, інфармацыйныя тэхналогіі. «Мы адкрыты для дыялогу не толькі, каб паказаць, чым валодаем, мы гатовыя дзяліцца новымі ведамі ў тых або іншых галінах і сферах дзейнасці», — сказаў ён.

Міхаіл Мясніковіч заўважыў, што ў Беларусі станоўча ўспрымаецца актывізацыя дыялогу з Узбекістанам на вышэйшым і высокім узроўнях. «Сапраўды, гэта ўражвае і з'яўляюцца цікавыя новыя праекты, якія, безумоўна, будуць садзейнічаць шматбаковаму супрацоўніцтву», — дадаў старшыня Савета Рэспублікі.

Што датычыцца Форуму рэгіёнаў, то як першы, ён у многім носіць арганізацыйны характар: задае фармат і тон для будучых падобных сустрэч. Разам з тым гэта мерапрыемства стварае ўмовы для наладжвання прамых кантрактаў і пабудовы канкрэтных планаў на розных узроўнях.

«І тое, што ў нас з'яўляюцца сур'ёзныя сумесныя кампаніі, — гэта вельмі добра. Ёсць палітычная воля кіраўнікоў дзяржаў, і мы павінны апраўдаць гэты высокі давер. Сумесныя кампаніі — гэта аснова ўстойлівага супрацоўніцтва, свайго роду кропка незваротнасці ў адносінах, калі будзе сумесны бізнес, узаемны інтарэс. Сумесныя кампаніі — гэта не толькі прыбавачная вартасць, гэта доступ да інфармацыі, што вельмі важна. І мы гатовы працаваць па поўным тэхналагічным цыкле», — паабяцаў Міхаіл Мясніковіч.

Беларускі парламентарый паведаміў, што ў гэтым плане ўжо адбыўся абмен думкамі з нагоды стварэння гібрыдна-селекцыйных цэнтраў у жывёлагадоўлі.

Вельмі важнае значэнне для будучага ва ўзаемадзеянні дзвюх краін мае ўцягненне ў гэты працэс моладзі, лічыць спікер. Ён прапанаваў узяць пад парламенцкі кантроль стажыроўкі, студэнцкі і навуковы абмен, а таксама абмеркаваць пытанні змешанай падрыхтоўкі рабочых кадраў высокай кваліфікацыі і спецыялістаў, калі на першых курсах моладзь навучаецца ва Узбекістане, а потым — у Беларусі і атрымлівае дыплом еўрапейскага ўзору.

У сваю чаргу, Садык Сафаеў запэўніў, што ва Узбекістане надаюць вялікае значэнне развіццю супрацоўніцтва з Беларуссю. «Так атрымалася, што цягам многіх гадоў мы не змаглі намацаць пункты судакранання, але наш новы Прэзідэнт Шаўкат Мірзіёеў надае вялікае значэнне развіццю палітычнага дыялогу, эканамічнага супрацоўніцтва, культурна-гуманітарных сувязяў, ваенна-тэхнічнага партнёрства з Рэспублікай Беларусь. І вялізным крокам у фарміраванні новага этапу нашых двухбаковых адносін стаў гістарычны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў верасні мінулага года ва Узбекістан. Ён адкрыў новыя далягляды нашага ўзаемадзеяння ва ўсіх сферах».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Загаловак у газеце: Сумесны бізнес як гарантыя збліжэння

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.