Вы тут

Якія работы вулічнага мастацтва з'явяцца падчас пятага Vulіса Brаsіl?


Ужо трыццаць восем стрыт-арт-аб'ектаў — на будынках заводаў, жылых дамах, мастах — з'явілася ў Мінску дзякуючы фестывалю Vulіса Brаsіl. Унікальная для Беларусі падзея, падчас якой на гарадскіх вуліцах узнікаюць муралы, графіці і скульптуры, адкрылася ў сталіцы ў пяты раз. 29 ліпеня беларускія і бразільскія мастакі пачалі працаваць над арт-аб'ектамі, між тым на пляцоўках фестывалю праходзяць майстар-класы, творчыя сустрэчы, кінапаказы, варкшопы, выстаўкі, а завяршыцца гэта ўсё павінна 10 жніўня маштабным опэн-эйрам з танцамі, фільмамі, музыкай, ежай і кірмашом.


Фота Ганны Занкавіч.

На першым фестывалі Vulіса Brаsіl у 2011 годзе два бразільскія мастакі разам з беларускімі калегамі пачалі адкрываць Мінску стрыт-арт, а стрыт-арту Мінск. Цяпер у гарадской прасторы працуе трынаццаць аўтараў, пяць з якіх прыехалі з Бразіліі. Вынікам іх работ стануць дванаццаць новых твораў.

Беларускі мастак Хвост Хвастоў на скрыжаванні Бабруйскай і праспекта Незалежнасці піша мурал «Манументальнасць». «Гэта глухая прастора пад мостам — я часта праходзіў міма і, як і іншыя, не звяртаў на яе ўвагі, — кажа аўтар. — Я спрабую асэнсаваць тое, што людзі мінаюць і не заўважаюць гэтую сцяну — яна асацыюецца з жыццём у горадзе ўвогуле, бо мы часта засяроджваемся на сабе, пакуль праходзім міма нечага ці некага. Гарадскі паток — такая ж глухая сцяна, людзі, пабудовы, дрэвы зліваюцца ў адно. На маім мурале будзе мноства рознамаштабных элементаў у крыху фантастычным выкананні, моцна стылізаваных. Гэта своеасаблівы скрыншот, момант з жыцця горада, можна спыніцца і паглядзець, ахапіць усе дэталі разам альбо ў нейкай узаемасувязі. Праз гэту сцяну я стараюся звярнуць увагу чалавека на навакольны свет, каб ён зразумеў, што рэчы і ідэі, на якія варта глядзець, знаходзяцца побач».

Бруна Біг (на фота) — вядомы ў бразільскай сферы мастацтва дзеяч. На адным з будынкаў Кастрычніцкай ён піша мурал «Даглядай свой сад». «Гэта метафарычная выява, дзе я прапаную паклапаціцца пра сябе, і тады іншыя добрыя рэчы прыйдуць самі сабой. Жанчыны ў маёй сям'і любяць займацца садам, я часта за гэтым назіраў і напісаў там шмат работ. Калі мяне папрасілі прыдумаць назву маёй сцяне на Vulіса Brаsіl, я знайшоў верш «Даглядай свой сад», і мне спадабалася яго ідэя. У ім ёсць радкі пра тое, што не трэба ганяцца за матылькамі — проста клапаціся пра свой сад, і матылькі прылятуць самі. Гэта значыць, калі ты пачынаеш даглядаць сябе і тое, што цябе акружае, змяняецца ўсё астатняе». Бруна Біг кажа, што Мінску і, у прыватнасці, Кастрычніцкай вуліцы са строгай квадратнай архітэктурай і старымі савецкімі пабудовамі стрыт-арт вельмі падыходзіць. «Я ўбачыў цэлую суполку людзей, якія нешта ствараюць, — гэта фатографы, мастакі і аўтары з іншых сфер, і, мне здаецца, у іх ёсць для творчасці месца. Наколькі я зразумеў, гэтая частка горада імкліва развіваецца, тут з'яўляюцца рэстараны, кавярні, цудоўныя арт-прасторы, і, думаю, хутка ў вас будзе яшчэ больш такіх месцаў. Вулічнае мастацтва ж у пэўным сэнсе нелегальнае, бо пачынаецца з графіці: калі ты выходзіш без дазволу маляваць на сценах — грамадству складана ўспрымаць гэта як мастацтва, але калі яно атрымлівае прафесійнае суправаджэнне, людзі пачынаюць верыць у яго сілу. У 1990—2000-х у Рыа-дэ-Жанейра здарыўся цэлы бум стрыт-арту, было лёгка выйсці на вуліцу і пачаць пісаць, мы ведалі, дзе і як рабіць гэта без праблем, таму я пачынаў у сапраўды цудоўны час. Беларускія мастакі таксама павінны знайсці для сябе месца і спосаб зрабіць стрыт-арт часткай культуры», — лічыць Бруна Біг.

Адным з удзельнікаў фестывалю Vulіса Brаsіl стаў і Захар Кудзін, які піша мурал «Ледзяны палёт. Гарачы космас». Свой накірунак мастак называе нейрамастацтвам. «Асноўная задача майго роспісу — даць чалавеку, які жыве ў горадзе, візуальны адпачынак, перазагрузіць яго, да таго ж паказаць новы вобраз мыслення ў жывапісе. «Ледзяны палёт. Гарачы космас» — гэта канцэптуальны праект, распрацаваны спецыяльна для не заўсёды прывабнай архітэктуры: замест таго каб перабудоўваць, праз жывапіс яе можна трансфармаваць. Архітэктура як быццам знікае, але ў той жа час застаецца. На мінскіх вуліцах з пункту гледжання пасылу, гісторыі і яе развіцця ўзоры мастацтва ёсць, але абстрактных выяўленчых элементаў, якія сваімі лініямі і формай змяняюць асяроддзе, калі за кошт выявы знікае плоскасць, у горадзе няшмат. Мне не падабалася ілюстрацыйная трактоўка рэальнасці, таму я прыйшоў да больш фізічнага ўспрыняцця свету. Фізічныя законы я выкарыстоўваю для таго, каб перадаць адчуванне, і мая работа — гэта будзе абстрактны жывапіс — з'яўляецца такой энергетычнай капсулай, што дае чалавеку магчымасць адпачыць, а гэта вельмі здорава, бо праз пастаянную змену выяў у тэлефонах мы ўсе адчуваем ціск і церпім стрэс».

Кожны дзень форуму аж да кульмінацыі 10 жніўня мае фестывальныя івэнты. Праграму мерапрыемстваў і месцы, дзе ў гэты час з'яўляюцца новыя аб'екты вулічнага мастацтва, шукайце на сайце vulіса-brаsіl.bу.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Загаловак у газеце: Колеры заводаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».