Вы тут

Чатыры беларускія гарады сустрэлі «Радзіва «Прудок» аншлагамі


Гомельскі абласны драматычны тэатр, апроч іншага, стаў адным з месцаў прызначэння гастрольнага тура Купалаўскага тэатра «Палескія хронікі», падчас якога ў чатырох паўднёвых гарадах купалаўцы прадэманстравалі спектакль «Радзіва «Прудок». Брэст, Гомель, Пінск і Калінкавічы — усяго 1200 кіламетраў, шэсць паказаў і шэсцьсот гледачоў. Тур завяршыўся 26 ліпеня, і творчая група абвясціла, што яе паўсюль чакалі аншлагі.


Асновай пастаноўкі, прэм'ера якой адбылася ў маі мінулага года, стала аднайменная кніга Андруся Горвата, што з Мінска пераехаў у вёску Прудок, завёў казу і стаў расказваць у «Фэйсбуку» пра сваё жыццё-быццё. «Радзіва «Прудок» — пэўны феномен — стала адным з самых папулярных беларускіх выданняў за апошнія гады і прыцягнула ўвагу тэатралаў. Да таго ж аказалася, што некаторы час таму аўтар меў непасрэднае дачыненне да Купалаўскага: Андрусь Горват працаваў там дворнікам.

Рэжысёрам спектакля стаў Раман Падаляка, а ролі выканалі Міхась Зуй, Дзмітрый Есяневіч і Святлана Анікей — кожны з іх фігуруе ў другой кнізе Горвата «Прэм'ера» (дарэчы, пастаноўцы на сцэне Купалаўскага тэатра папярэднічаў кароткаметражны фільм «Ягор», рэжысёрам якога быў таксама Раман Падаляка).

Выдадзеная ў 2017 годзе кніга стала цудоўным прыкладам дэцэнтралізацыі сучаснай беларускай культуры, і тэатральны спектакль працягнуў гэты матыў: адразу пасля прэм'еры «Радзіва «Прудок» паехала ў Калінкавічы (а гэта дваццаць кіламетраў ад месца дзеяння), а ў выніку замест адзінкавых выездаў купалаўцы арганізавалі дзесяцідзённыя гастролі. Па два паказы прайшло ў Брэсце і Гомелі, па адным — у Пінску і Калінкавічах. Па словах арганізатараў, агульная колькасць гледачоў спектакля пасля завяршэння туру наблізілася да пяці тысяч.

Генеральным партнёрам пастаноўкі «Радзіва «Прудок», яго паказаў за межамі сталіцы і ў прыватнасці тура «Палескія хронікі» стала кампанія velcom | A1.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».