Вы тут

Працягваем знаёміць чытачоў з прыкладамі махлярства


Мы працягваем знаёміць чытачоў з прыкладамі махлярства і дзелімся парадамі, як не стаць іх ахвярай. Сёння размова пойдзе пра прадукты харчавання. Сальманелёз, трыхінелёз, ліхаманка — бр-р-р, лепш наогул не ведаць пра гэтыя хваробы. Летам рызыка падхапіць такую нечаканасць узрастае ў разы. Загадчык аддзялення гігіены харчавання Магілёўскага абласнога Цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вячаслаў Гурскі (на фота) расказвае, як гэтага пазбегнуць, і прыводзіць прыклады з практыкі.


Асцярожна: кавуны!

Фота БЕЛТА

Гэтая смачная ягада так і вабіць сваёй яркай мякаццю з вулічных прылаўкаў. Нядаўна не ўтрымалася і купіла чацвярцінку вагой амаль шэсць кіло. Аддала сем рублёў і ніколькі не пашкадавала — смаката! Але Вячаслаў Гурскі адкрыў мне вочы.

— Гэта добра, што ўсё скончылася без наступстваў, — строга адзначыў ён. — Па-першае, прадаваць кавуны ў разрэзаным выглядзе катэгарычна забаронена, нават калі ёсць умовы для іх мыцця. Па-другое, сама лупіна гэтага прадукту выступае як транспартная ўпакоўка — кавун і на зямлі ляжыць, і едзе незразумела як, і прадаецца не ў стэрыльных умовах. Не факт, што яго, перад тым як разрэзалі, памылі. А мякаць кавуна — цудоўнае асяроддзе для росту і размнажэння мікраарганізмаў, асабліва ў цёплае надвор'е. На спякоце на працягу дзвюх гадзін у сотні разоў павялічваецца колькасць мікраарганізмаў і адпаведна іх таксінаў. Пакуль чалавек данясе гэты кавун да дому, зараза можа распаўсюдзіцца па ўсёй мякаці. Каго мы толькі на паверхні кавуноў не знаходзілі — і сальманел, і стафілакокавых бактэрый, і іншыя не менш небяспечных мікраарганізмаў. Асабліва рызыкуюць пажылыя людзі, дзеці і тыя, у каго аслаблены імунітэт. Мы адсочваем сітуацыю, прыцягваем вінаватых да адказнасці, але гандлёвых пунктаў шмат, да кожнага не прыставіш правяраючага. Ідзе сістэмная работа, але парушэнняў хапае. Часта яны звязаны яшчэ і з тым, што рэалізацыя ажыццяўляецца без дакументаў аб якасці і бяспецы. Калі мы не можам праверыць канал паставак, здымаем тавар з рэалізацыі.

— Можа, тут нешта не так? Вядома ж, што кавуны паспяваюць бліжэй да восені, — цікаўлюся ў спецыяліста.

— У чэрвені правяралі на прысутнасць нітратаў і кавуны з дынямі, і кабачкі з бульбай, іншую сезонную гародніну — усё ў норме. Да якасці прэтэнзій няма. Проста кавуны растуць у розных кліматычных зонах — у чэрвені прыязджаюць да нас з Казахстана, потым ідуць Узбекістан, Таджыкістан, бліжэй да восені Украіна. Усе яны розныя па складзе, форме, выглядзе. Сапраўды, калі нехта купіў бледны варыянт з той жа Украіны і параўноўвае з чырвоным з Казахстана, у яго складваецца ўражанне, што дзесьці падманулі. Але гэта не так. Нават з адной кліматычнай зоны кавуны бываюць розныя — тут усё залежыць ад сорту, часу пасадкі, дагляду. Усе кавуны, якія прыязджаюць да нас, праходзяць лабараторны кантроль і атрымліваюць дакументы аб якасці і бяспецы.

Грыбы з ягадамі таксама бываюць розныя

Асабліва прывабна гэты тавар выглядае ў выпадковых гандляроў. У так званых дачнікаў або бабулек, якія клянуцца, што ў іх усё чысценькае, толькі што з градкі або лесу. Вой, як хочацца ў гэта верыць. Нават спытацца пра паперку аб санітарным кантролі сорамна. А раптам чалавек пакрыўдзіцца?

— Не саромейцеся, — раіць спецыяліст. — На рынках ёсць ветэрынарна-санітарная лабараторыя, дзе праводзіцца праверка ягад і грыбоў, у тым ліку на радыяцыю. Шмат хто гэта ігнаруе. А людзі купляюць на сваю рызыку. Невядома, дзе гэта ўсё збіралася, колькі захоўвалася, як дастаўлялася. У рэшце рэшт, вы не ведаеце, ці здаровы той чалавек, у якога вы купляеце. Можа, ён на сухоты хворы або яшчэ на нешта, што перадаецца пры кантакце. А грыбы наогул у выпадковых людзей купляць нельга. Нават калі гэта вядомыя ўсім лісічкі. Вы ж не ведаеце, дзе яны збіралася. Грыбы вельмі моцна назапашваюць радыяцыю і цяжкія металы. Як паказваюць шматгадовыя даследаванні, 15 % усяго таго, што да нас прыносяць, з перавышэннем радыяцыі. Часта атручваюцца ўмоўна ядомымі грыбамі — смяротны выпадак пазалетась звязаны са страчкамі. Жалезнае правіла: не ведаеш, не бяры. У 2015 годзе на Магілёўшчыне 22 чалавекі атруціліся грыбамі, у 2016-м — 27, два з якіх памерлі, у 2017-м — 36 атруціліся, адзін памёр. У 2018 годзе лета было сухое, таму абышлося 12 пацярпелымі.

Печань з горыччу, халва з кадміем, гранатавы сок з фарбавальнікам

Фота: agromedia.com.ua

Нядаўна купіла пячонку траскі па смешнай цане, адкрыла, ды так і не змагла з'есці. Замест апетытнага кавалачка там камяком ляжала нейкая непрыглядная раздробленая маса.

— Апошнім часам часта сталі скардзіцца на печань траскі, — заўважае Вячаслаў Гурскі. — Але людзі самі вінаватыя. Ёсць кансервы, прыгатаваныя з толькі што вылаўленай рыбы, і ёсць з замарожанай сыравіны. Патрабаванні да свежай і замарожанай розныя. Апошняя, напрыклад, гарчыць. Затое таннейшая. Людзі, якія гэтага не ведаюць, купляюць, а потым звяртаюцца да нас. Што тут сказаць? Чытайце ўважліва маркіроўку.

Шмат паступае зваротаў па сухафруктах. Бывае, што вытворца заяўляе тавар элітнага віду, а насамрэч ідзе перасорціца. Летась была скарга на інжыр, які забрадзіў, яшчэ адна паступіла ўжо сёлета. Былі прэтэнзіі і да чарнасліву. Часта людзі трапляюць у пастку, калі купляюць прадукты па інтэрнэце або з рук. На кожны прадукт ёсць свой ДАСТ, або СТБ, або тэхнічныя ўмовы, дзе прапісаны ўсе патрабаванні да яго. І яны павінны выконвацца. На нашым сайце ёсць рэестр — пералік прадукцыі, якая не адпавядае патрабаванням і якую лепей не купляць.

У тэму

Намеснік начальніка інспекцыі Магілёўскай інспекцыі Дзяржстандарта Наталля Жукава:

— Праверкі паказваюць, што ў гандлі не ўсё так чыста са сродкамі вымярэння. З 2039 выбарачна правераных адзінак больш за палову вагаў не гарантавалі дакладнасць вынікаў. Парушаліся правілы карыстання вымяральнымі прыборамі пры водпуску тавараў — іх ставілі на няўстойлівыя драўляныя і кардонныя скрыні (павінна быць трывалая гарызантальная паверхня), выкарыстоўвалі бытавыя вагі, што наогул недапушчальна.

Па правілах, вагі штогод павінны павярацца ў органах дзяржаўнай метралагічнай службы. На іх, а таксама на драўляныя метры, рулеткі і іншыя сродкі вымярэння павінен быць нанесены каляровы галаграфічны знак у выглядзе налепкі. Кожны год галаграма змяняецца па колеры. Напрыклад, у 2018 годзе яна была чырвоная, а у 2019-м — зялёная. Вагі павінны стаяць так, каб спажывец бачыў гэтую галаграму.

Апошнім часам выяўляем кандытарскую прадукцыю з кансервантамі, якія не былі заяўлены ў маркіроўцы, — сарбінавая кіслата, бензойная. Гэта датычыцца некаторых найменняў імпартнага зефіра. А напрыклад, у халве аднаго з вытворцаў было ўстаноўлена перавышэнне кадмію — дастаткова сур'ёзнае парушэнне, бо кадмій — цяжкі метал. Зефір іншага вытворцы ўтрымліваў сярністую кіслату, але на маркіроўцы гэта не было пазначана. Гэты кансервант выкарыстоўваецца для апрацоўкі яблычнай сыравіны, але калі яго выкарыстоўваюць больш за 10 міліграмаў на кілаграм, гэта трэба ўказваць. Сустракаліся фінікі з дыяксідам серы, які нідзе не быў пазначаны. Ім звычайна апрацоўваюць садавіну для паскарэння працэсу сублімацыі. У мясных паўфабрыкатах знаходзілі кішэчныя палачкі і іншыя мікраарганізмы. Большасць з іх гіне пры тэрмічнай апрацоўцы, але ж непрыемна. Быў выпадак, калі ў гранатавым соку мы знайшлі сінтэтычны фарбавальнік — «жоўты сонечны захад». Ён не забаронены, але павінна быць папярэджанне, што дзецям да трох гадоў такі сок нельга ўжываць. З маркіроўкамі наогул шмат парушэнняў, выяўляем харчовыя дабаўкі, якія хоць і не забаронены, але іх трэба пазначаць.

На што скардзімся?

Калі летась у Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя за паўгода паступіла 54 звароты ад насельніцтва, то сёлета за такі ж перыяд — 65. Адна з распаўсюджаных прычын — набыццё недабраякаснай прадукцыі (скончыўся тэрмін захоўвання або тавар сапсаваўся яшчэ да таго, як гэты тэрмін прайшоў). Часцей за ўсё пад пагрозай аказваюцца каўбасныя або малочныя вырабы, садавіна і агародніна, рыба, кансервы. Пэўная частка грамадзян паведамляе пра адсутнасць спецадзення ў персаналу, парушэнне таварнага суседства (напрыклад, сырая і гатовая прадукцыя захоўваецца побач). Шэраг скаргаў датычыцца парушэнняў у рабоце абсталявання аб'ектаў гандлю або грамадскага харчавання — павышаны шум, пабочныя пахі. Ёсць і так званыя беспадстаўныя звароты. У Цэнтры згадалі выпадак, калі вялі перапіску з чалавекам на працягу аж 9(!) гадоў. Яго раздражняў павышаны шум ад абсталявання крамы і разгрузачная пляцоўка пад вакном. Уласнік гандлёвага аб'екта зрабіў закрытую разгрузачную пляцоўку, навёў парадак з халадзільным абсталяваннем, але скаржнік не супакойваўся, патрабаваў замяніць яму вокны або знайсці кватэру ў іншым раёне горада. Скарга разглядалася ў судзе, але не была задаволена. Перапіска з заяўніком таксама прыпынена, бо трапіла ў разрад беспадстаўных.

Спіс забароненай да продажу прадукцыі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Анталогія ашуканства

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.