Вы тут

Правілы галівудскай усмешкі


Нішто так не ўпрыгожвае нас, як усмешка і… здаровыя зубы. Але з гігіенай ротавай поласці не ўсё так проста. “Алеся” даведалася, якія памылкі пры доглядзе за зубамі часцей за ўсё дапускаюць беларусы і як выбраць правільную пасту і шчотку.


Сусветная арганізацыя аховы здароўя выявіла, што карыес маюць 60-90% школьнікаў і амаль 100% дарослых ва ўсіх краінах свету. Беларусь – не выключэнне. У нас амаль усё дарослае насельніцтва мае тыя ці іншыя праявы захворванняў перыядонту (яны прыводзяць да выпадзення зубоў). Калі паглядзець на статыстыку 65-74-гадовых, то ўбачым, што трэцяя частка з іх увогуле страціла ўсе натуральныя зубы…

Пасля такой інфармацыі хочацца зачыніцца ў ванным пакоі і добра папрацаваць шчоткай з пастай ў роце. Але перш чым за іх хапацца, давайце разбяромся з асноўнымі правіламі штодзённага догляду за зубамі. У гэтым нам дапаможа Марына Колас, урач-стаматолаг I катэгорыі.

– Навошта рабіць гэта кожны дзень?

– Справа ў тым, што на паверхні зубоў фарміруецца складаная сістэма мікраарганізмаў. Яны здольныя перадаваць інфармацыю паміж сабой. 64 гадзіны без чысткі – і гэтыя мікраарганізмы фарміруюць устойлівую структру, неадчувальную да біясептыкаў і антыбіётыкаў. Прасцей кажучы, яны “атрымліваюць прапіску” на зубах, і проста так іх выселіць не атрымаецца, – расказвае Марына Колас. – Галоўныя праблемы, з якімі прыходзяць пацыенты, – карыес і захворванні перыядонту. Кроватачывасць, ацёкі, непрыемны пах з роту – усё гэта першыя званочкі хваробаў, якія ў далейшым прывядуць да выпадзення зубоў.

Шчотка: класіка ў самы раз

Хто з нас не хапаўся за шчотку за хвіліну да выхаду з дому? Хуценька прайшоўся па зубах “туды-сюды”, сплюнуў, прапаласкаў рот і пабег. Знаёмая сітуацыя?

– Раз, другі, трэці… Галоўнае, каб такі падыход не ўвайшоў у звычку. На чыстку зубоў неабходна выдзяляць 2-3 хвіліны. Прыступайце да рытуалу выключна пасля ежы, каб выдаліць асеўшыя рэшткі сняданку ці вячэры і не даць распладзіцца непажаданым мікраарганізмам, – раіць стаматолаг. – Не менш за 6 разоў трэба старанна праходзіцца шчоткай ад аднаго ўчастка да другога. Прычым рухі не гарызантальныя (так сашліфоўваюцца зубныя тканкі), а быццам вы вымятаеце ўсё непатрэбнае. Каб не халтурыць, завядзіце дома пясочны гадзіннік ці ўключайце таймер на смартфоне.

Шчотка павінна быць сярэдняй жорсткасці і мець сінтэтычную шчаціну, а шырыня галоўкі – крышачку перавышаць памер аднаго зуба. Навошта тады мяккія і жорсткія шчацінкі?

– Першыя – дзецям, другія – для пратэзаў, – тлумачыць урач. – Мяняць шчотку варта

раз у 1,5 – 3 месяцы. Сачыце за яе “распушанасцю”. Усё залежыць ад таго, у якім стане знаходзяцца зубы. Чым больш праблем – тым часцей патрабуецца замена шчоткі. Акрамя таго, не забывайцеся набываць новую кожны раз пасля прафесійнай гігіены ротавай поласці ў стаматолага, каб “старыя” мікробы не пераселі на новы інструмент.

Правілы захоўвання шчоткі простыя: у адкрытым выглядзе ў стаканчыку, шчацінкамі да верху. Ніякіх кантэйнераў і намыльвання! Недахоп кіслароду мікробам толькі на карысць.

– Модныя сёння электрычныя шчоткі першапачаткова распрацоўваліся для людзей з парушанай маторыкай рук і псіхічнымі захворваннямі. Насуперак рэкламным слоганам зазначу: эфектыўнасць у “электрыкі” і “класікі” аднолькавая. Што адной, што другой трэба працаваць 2-3 хвіліны. Не менш. Дзеткам ад навамодных гаджэтаў увогуле лепш адмовіцца, паколькі ім трэба выпрацоўваць манульныя навыкі. Плюс існуюць супрацьпаказанні да выкарыстання электрычных зубных шчотак: хірургічныя ўмяшальніцтвы на сківіца-тваравай вобласці і, у прыватнасці, тканках перыядонту; тэрмінальная ступень рухомасці зубоў; рэцэсія дзясны і інш.

Паста: беларусам патрэбен фтор!

– Пасля аднаго з выпускаў “Жыць здорава з Аленай Малышавай” народ пачаў баяцца фтору быццам атруты. Тэлевядучая бескампрамісна абвясціла яго ворагам і рэкамендавала пазбягаць. Пасля гэтага праблем у маіх пацыентаў стала ўдвая больш… – сумна зазначае Марына Колас. – Фтор павялічвае ўстойлівасць эмалі, паскарае працэс рэмінералізацыі зубоў і засцерагае іх ад разбурэння і хваробаў перыядонту, аказвае бактэрыцыдны эфект. Чалавек павінен атрымліваць гэты элемент з вадой, аднак у беларускіх крыніцах яго канцэнтрацыя на літр усяго 0,5-0,6 мг (пры патрэбнай норме 0,7-1,2 мг). Таму пасты з фторам – тое, што доктар прапісаў беларусам на ўсё жыццё, калі яны хочуць мець моцныя зубы. Гэта не маё асабістае меркаванне.

З 1998 года ў Беларусі дзейнічае Нацыянальная праграма прафілактыкі карыесу зубоў і хваробаў перыядонту. Яна заснаваная на рэкамендацыях Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і на трох метадах прафілактыкі: гігіена ротавай поласці, падтрыманне ўзроўню фтарыдаў і рацыянальнае харчаванне.

Справа ў тым, што карыес – гэта не адразу дзірка ў зубе. Спачатку ўзнікаюць ачагі дэмінералізацыі, пасля – порыстасць, якая пераўтвараецца ў чорную гніль… Калі на першых этапах уздзейнічаць на паслабленыя ўчасткі пастай, гелямі і іншымі сродкамі з фторам, то можна вярнуць зуб у зыходны стан і не дапусціць разбурэння. 

Рэкамендуецца ўжываць не звычайную, а ёдавана-фтарыраваную соль з ежай у якасці крыніцы фтарыдаў.

Выбіраючы пасту, глядзіце на яе склад. Злучэнні фтору бываюць рознымі. Самая слабая эфектыўнасць у монафторфасфату натрыю, далей ідуць па ўзрастаючай фтарыд натрыю, амінафтарыд, фтарыд волава. Добрыя вытворцы ўказваюць і канцэнтрацыю. Міністэрства аховы здароўя Беларусі рэкамендуе дзецям да 6 гадоў зубныя пасты з утрыманнем 500 ррm фтарыдаў. Канцэнтрацыя для школьнікаў і дарослых – 1100—1500 ррm.

На ўпакоўцы павінна  быць напісана: “Зубная паста”. Майце на ўвазе, што сродкі з пазнакай “гігіенічная” не ўтрымліваюць актыўных кампанентаў (фтор, трыклазан, антысептыкі). Яны не засцерагаюць ад карыесу. Лячэбна-прафілактычныя (або проста прафілактычныя) пасты – менавіта тое, што вам патрэбна. Яны дзейнічаюць на папярэджванне сур'ёзных праблем і іх лячэнне (пры ўмове рэгулярнага выкарыстання).

Пасты, якія здольныя аказваць рэальны адбельваючы эфект, утрымліваюць перакіс вадароду альбо іншыя абразіўныя рэчывы (соду). Іх прызначае стаматолаг па паказаннях. Пры бескантрольным прымяненні яны парушаюць цэласнасць структуры тканкі зуба. Ёсць пасты, якія называюць адбельваючымі, але на справе яны такімі не з'яўляюцца, проста ў іх складзе ёсць комплекс мінеральных кампанентаў.

Пена падчас чысткі зубоў сведчыць пра тое, што паста ўтрымлівае шмат паверхнева актыўных рэчываў (ПАВаў). Нічога добрага ў гэтым няма. Разам з тым пасты, якія цалкам складаюцца з натуральных кампанентаў, таксама не лепшы варыянт. У іх маленькі тэрмін прыдатнасці і пэўныя ўмовы захоўвання. 

Зубная нітка – абавязкова

Не здзіўляйцеся, гэты сродак у наш час перайшоў у катэгорыю асноўных. Карыстацца ніткай трэба штодзень, а не толькі калі паміж зубамі засела нешта адчувальнае. Прычым рабіце гэта перад тым, як возьмецеся за шчотку з пастай.

Паколькі зубы стаяць шчыльна, у прасторы паміж імі збіраюцца мікробы. Зразумела, самі яны адтуль не выйдуць, “вымыць” вадой не атрымаецца, а шчотка наўпрост туды не пранікае. Як паказвае практыка, менавіта ў гэтых складанадаступных участках узнікае карыес, – расказвае Марына Міхайлаўна. – Рухі ніткай ў міжзубнай прасторы павінны ісці зверху ўніз па вертыкалі, як і шчоткай. Ні ў якім разе нельга цягаць нітку “туды-сюды” ў гарызантальным напрамку – так можна пашкодзіць дзясну і парушыць цэласнасць зуба.

Але як бы добра мы свае зубкі ні чысцілі, натуральнага з'яўлення налёту не пазбегнуць.

Важна!

Стаматалагічны кабінет наведвайце 2 разы ў год. Не грэбуйце прафесійнай чысткай, падчас якой вам прыбяруць зубны камень і налёт, адпаліруюць паверхню і пакрыюць яе прэпаратамі з фторам.  

Дарэчы

– Апошнім часам многія пацыенты сталі часцей скардзіцца на павышаную адчувальнасць зубоў. Яна з'яўляецца не толькі ад карыесу, але і ў выніку паніжэння ўзроўню дзясны і агалення шыйкі зуба, – кажа Марына Міхайлаўна. – Адна з прычын гэтай праблемы – сістэматычная няправільная чыстка зубоў. Таксама рэцэсія дзясны назіраецца ў тых, хто мае праблемы з прыкусам і захворванні перыядонту.

Ёсць некалькі варыянтаў лячэння. Першы – сімптаматычны, калі мы пламбіруем зубы і часова пазбаўляемся ад праблемы. Другі метад патрабуе хірургічнага ўмяшальніцтва: дзясну спачатку расслойваюць, а пасля шматочкам прыкрываюць дэфект. Летась у рэспубліканскім навукова-медыцынскім цэнтры “Клетачныя тэхналогіі” Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі нашы навукоўцы распрацавалі яшчэ адзін метад лячэння рэцэсіі дзясны.

Гэта новы крок для айчыннай стаматалогіі. У аснове такога лячэння – выкарыстанне мезенхімальных клетак. Спачатку ў пацыента бяруць тлушчавую тканку. Затым у лабараторыі з яе вырошчваюць матэрыял, які ў далейшым запаўняе прабелы ў дзясне. Інавацыйна і зусім не балюча!

Ганна КУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».