Вы тут

Пра якія інавацыі ў стаматалогіі варта ведаць і чаму да нас едуць лячыць зубы з-за мяжы


Як беларускія стаматолагі выкарыстоўваюць клетачныя тэхналогіі, у прыватнасці лечаць ствалавымі клеткамі апусканне дзясны? Навошта кожнаму наведваць стаматолага раз на паўгода і чаму чысціць зубы варта пастай з фторам? Адбельванне зубоў і вініры — усяго толькі даніна модзе ці медыцынская неабходнасць? Увогуле якія кірункі эстэтычнай стаматалогіі сёння ў трэндзе, а таксама хто і чаму едзе ў Беларусь лячыць зубы? Пра гэта і іншае расказалі спецыялісты падчас наведвання журналістамі Рэспубліканскай клінічнай стаматалагічнай паліклінікі.


Зубы з будучыні

Ствалавыя клеткі — ужо не ўяўная будучыня і ў стаматалогіі. На сёння ў Беларусі з іх дапамогай вылечылі тры дзясяткі пацыентаў, якія мелі рэцэсію (апусканне) дзясны. Хваробы перыядонта (запаленне тканак, якія акружаюць зуб) цяпер трывала занялі другое месца пасля карыесу. Калі на апошні пакутуе амаль кожны (98—99 % насельніцтва), то з хваробамі перыядонта сутыкаецца каля 94 % людзей ва ўзросце 34—44 гадоў. Каля 20 % пацыентаў маюць цяжкія формы захворвання, калі патрабуецца нават выдаленне зубоў.

Сумесна з Інстытутам біяфізікі і клетачнай інжынерыі Нацыянальнай акадэміі навук беларускія стаматолагі распрацавалі тэхналогію клетачных трансплантацый у стаматалогіі. Яна якраз і выкарыстоўваецца для лячэння хвароб перыядонта, у прыватнасці з апусканнем дзясны. З падуздышнай вобласці ў пацыента ў шпрыц набіраюць 10—12 мілілітраў тлушчавай тканкі. Затым у лабараторыі на працягу 21 дня з яе вылучаюць ствалавыя клеткі. А потым змешваюць іх з калагенавым гелем і ўводзяць пацыенту ў месцы, дзе «прасела» дзясна.

— Што такое рэцэсія? Гэта апусканне дзясны, змяншэнне яе аб'ёму. У некаторых пацыентаў узнікаюць так званыя чорныя трохкутнікі, і мы бачым гэтыя прамежкі паміж зубамі. У вобласць мяккіх тканак мы і ўводзім сумесь калагенавага гелю і ствалавых клетак, — тлумачыць загадчык кафедры артапедычнай стаматалогіі і артадантыі з курсам дзіцячай стаматалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, доктар медыцынскіх навук, прафесар Сяргей Рубніковіч.

На сёння гэту методыку апрабавалі больш чым на 30 пацыентах. Лячэнне правялі ў межах навуковага праекта, сродкі на які вылучыла дзяржава. Цяпер выбрана 5-7 пацыентаў, якія маюць паказанні да такой аперацыі, праўда, далей гэтыя ўмяшанні будуць праводзіцца на платнай аснове. Пакуль такі курс лячэння каштуе 600—800 рублёў, але калі маніпуляцыя стане масавай, з'явіцца магчымасць знізіць яе цану. За мяжой, дарэчы, таксама выкарыстоўваюцца падобныя тэхналогіі, праўда, усе яны адрозніваюцца варыянтамі стварэння біяінжынернай канструкцыі, а таксама коштам. У Расіі цана такога лячэння пачынаецца ад 1,5-2 тысяч долараў.

— Лячэнне ствалавымі клеткамі — гэта не «тэрапія адчаю». Сёння ёсць і іншыя, у прыватнасці хірургічныя, метады лячэння па павелічэнні аб'ёму мяккіх тканак. Але яны не заўсёды эфектыўныя. Прымяненне ствалавых клетак менш траўматычнае для пацыента, эфект хутчэйшы, а вынік больш эстэтычны, — дадае галоўны ўрач Рэспубліканскай клінічнай стаматалагічнай паліклінікі Андрэй Матвееў.

Калі пры хірургічным лячэнні праз нейкі час могуць здарацца рэцыдывы, то новая тэхналогія падчас клінічных выпрабаванняў паказала станоўчую дынаміку на працягу двух-трох гадоў. Калі праз пяць-сем гадоў методыка лячэння ствалавымі клеткамі станоўча сябе зарэкамендуе, яна будзе ўкараняцца ў кожнай стаматалагічнай установе краіны.

Сяргей Рубніковіч падкрэсліў, што гэта не адзіны навуковы праект, які рэалізуецца беларускімі стаматолагамі разам з навукоўцамі. Распрацоўваюцца методыкі лячэння хвароб перыядонта сярэдняй і цяжкай формаў.

— Праекты накіраваны на ўмацаванне коснай тканкі і павелічэнне яе аб'ёму. Цяпер вядуцца эксперыментальныя даследаванні, налета будуць праведзены клінічныя выпрабаванні, а праз паўтара-два гады, мяркую, мы запатэнтуем і гэтыя методыкі.

Беларускімі распрацоўкамі зацікавіліся і замежныя спецыялісты, у прыватнасці медыкі з Італіі і Кітая. А ў Расіі некаторыя беларускія методыкі ўзялі на ўзбраенне ў Кубанскім, Стаўрапольскім і Маскоўскім медыцынскіх універсітэтах.

— Мы вядзём распрацоўкі па нарошчванні мяккіх і цвёрдых тканак. А вось вырасціць такім спосабам зуб у свеце пакуль яшчэ не ўдалося нікому, — кажа Сяргей Рубніковіч.

Хадзіце да ўрача

Сярод найноўшых тэхналогій і 3D-пратэзаванне.

— Тэхналогія дазваляе візуальна змадэляваць канструкцыю: каронку, мастападобны пратэз. Потым, выкарыстоўваючы спецыяльны станок, яе выфрэзероўваюць. А ўрачу застаецца толькі яе ўстанавіць, — расказвае Сяргей Рубніковіч.

Сумесна з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам распрацаваны апарат, так званая 3D-шруба, якую выкарыстоўваюць для лячэння пацыентаў з храпам і сіндромам абструктыўнага апноэ — спынення дыхання падчас сну, якое доўжыцца ад дзесяці секундаў да дзвюх хвілін, ад чаго чалавек можа памерці. Такая шруба дазваляе правільна змадэляваць становішча ніжняй сківіцы падчас сну.

Спецыялісты падкрэсліваюць, што апошнім часам назіраецца рост раку сківічна-тваравай вобласці, галавы і шыі. У структуры анкалагічных захворванняў ён займае 5—10 %. Гэта новаўтварэнні поласці рота, паднябенных дужак, языка, сківічнай косткі.

— Насельніцтва старэе, паляпшаецца выяўляльнасць, таму мы назіраем рост, — тлумачыць Андрэй Матвееў. — Запушчаныя выпадкі, як правіла, — праблема пацыентаў, якія не з'яўляюцца да стаматолага на штогадовы прафілактычны агляд. Чалавек 3-4 гады не ходзіць да ўрача, і ў роце — 3-4-я стадыя раку: усё разбурана.

Ма­ла­дыя спе­цы­я­ліс­ты пра­хо­дзяць у рэс­пуб­лі­кан­скай па­лі­клі­ні­цы ін­тэр­на­ту­ру, а пас­ля за­ста­юц­ца пра­ца­ваць.

Бясшкодны фтор

Негатыўна ўплываюць на здароўе поласці рота курэнне, ужыванне алкаголю, а таксама незахаванне гігіены.

— Кантраляваная чыстка зубоў у дзяцей вядзе да зніжэння карыесу на 30 % у 12—14-гадовым узросце, — кажа Андрэй Матвееў. — Дастаткова навучыць правільна чысціць зубы (а гэта вымятаючыя вертыкальныя рухі — «ад чырвонага да белага») і не будзе карыесу. У дзіцячых калектывах мэтазгодна выкарыстоўваць фтарыраваную соль. У Швейцарыі, напрыклад, фтарыруюць малако, але гэта вельмі дарагая тэхналогія, фтарыраванне солі нашмат таннейшае. Наша насельніцтва добра ведае пра карысць ёдаванай солі, а вось фтарыраванай — не ведае.

Эксперт адзначае, што некалькі гадоў таму ў СМІ было шмат негатыўнай інфармацыі пра фтор, і падкрэслівае: выкарыстанне фтарыраваных зубных паст не нясе шкоды. Пры гэтым пасту трэба мяняць прыкладна раз на паўгода, бо да яе таксама адбываецца прывыканне. А зубы варта чысціць не менш за 2-3 хвіліны — «пакуль іграе ваша любімая мелодыя».

Вініры: ставіць ці не

— На кожны від пратэзавання маюцца свае паказанні і супрацьпаказанні. Калі стаматолаг бярэцца ставіць вам вініры (фарфоравыя ці кампазітныя пласцінкі, якія мяняюць знешні выгляд зуба. — Аўт.), значыць, ён бярэ на сябе адказнасць за вынік. Пры ўстаноўцы вініраў цвёрдая тканка зуба сашліфоўваецца. Раней таўшчыня вініраў была 1-2 міліметра, і такая таўшчыня тканкі зуба знімалася, цяпер іх таўшчыня ўсяго 0,3-0,4 міліметра, — расказвае Андрэй Матвееў.

Дарэчы, многія кліенты жадаюць мець «вялікія і белыя» зубы. Праўда, асляпляльная белізна, або колер «сантэхнічнай керамікі», ужо не ў трэндзе, хоць працэдуры адбельвання дагэтуль актуальныя. Варта памятаць, што такі стан патрабуецца пастаянна падтрымліваць — з перыядычнасцю раз на год.

Танней, чым за мяжой

Не сакрэт, што лячэнне і пратэзаванне ў нашай краіне абыходзяцца нашмат танней, чым за мяжой. Чым і карыстаюцца як суседзі, так і жыхары далёкіх краін, нават такіх як Уругвай, Бразілія, ЗША, Ізраіль. Летась беларускія стаматолагі прынялі 11,8 тысячы замежнікаў (на 0,6 тысячы больш, чым у 2017-м)

— На першым месцы, канешне, расіяне. Далей грамадзяне Украіны, Польшчы, Літвы, краін Еўропы і Ізраіля. Як правіла, гэта нашы былыя суайчыннікі, якія прыязджаюць у госці да сваякоў і займаюцца лячэннем і пратэзаваннем. Пратэзаванне, асабліва складанае, у нас значна таннейшае, чым за мяжой, — тлумачыць Андрэй Матвееў.

Летась замежнікі заплацілі за паслугі беларускіх стаматолагаў каля 1,3 мільёна долараў. Прычым самі беларусы патрацілі на гэтыя мэты 74 мільёны рублёў. Як падкрэсліў эксперт, за мяжой ёсць устаноўка на імплантацыю, каб пазбегнуць складанага лячэння. У Беларусі ж урачы да апошняга імкнуцца выратаваць зуб, што і прываблівае пацыентаў. На другім па запатрабаванасці месцы пасля лячэння — пратэзаванне, на трэцім — лячэнне хвароб перыядонта, карыстаецца папулярнасцю і адбельванне.

Дарэчы, сярэдняя зарплата ўрача-стаматолага ў паліклініцы — 1200 рублёў. Артапед атрымлівае да 1500 рублёў. Па словах галоўнага ўрача, многія беларускія стаматолагі, папрацаваўшы за мяжой, дзе стаматалогія ператворана ў бізнес, вяртаюцца на радзіму, дзе падыходы да лячэння зусім іншыя.

Алена КРАВЕЦ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Лечаць ствалавымі клеткамі, друкуюць каронкі і масты

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.