Вы тут

Як бабруйчане ратуюць безнадзейныя помнікі архітэктуры


Іх і помнікамі нават не назавеш, няма ў іх такога статусу. Так, кавалачкі гісторыі ў выглядзе паўразбураных сцен, падмуркаў. З імі звязаны мясцовыя тапонімы, легенды, вядомыя імёны, але сродкаў на гэта не прадугледжана. А значыць, верагоднасць таго, што іх убачаць нашы нашчадкі, вельмі нязначная. Калі толькі мы самі гэтага не пажадаем.


Адразу ж згадаўся пасёлак Глуша Бабруйскага раёна, дзе намаганнямі бабруйчаніна Андрэя Архіпенкі з'явілася і яшчэ з'явіцца шмат знакавых месцаў, звязаных з імем беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча. Тут ужо ёсць адамовіцкі арт-прыпынак, у працэсе выраб помніка і спецыяльных вулічных паказальнікаў, у больш далёкіх планах — захаваць гістарычны будынак, дзе пэўны час жыў класік і дзе адбываліся падзеі яго дылогіі «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой». Андрэй упарты, і гэта дапамагае яму знаходзіць аднадумцаў і рэалізоўваць намечанае. Таму і будынак яшчэ не ідзе пад знос.

Такі ж лёс чакаў і рэшткі дарэвалюцыйнай яўрэйскай сінагогі на вуліцы Чангарскай у Бабруйску. Ад яе заставаліся тры паўразбураныя сцяны. Яўрэйская абшчына знайшла спосаб іх захаваць. Яны добра ўпісаліся ў своеасаблівы арт-аб'ект, які адкрылі ў гэтую нядзелю. На прэзентацыі прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай ўлады і галоўныя спонсары. Некаторыя з іх прыляцелі дзеля гэтага нават з Амерыкі. Усе будаўнічыя работы, акрамя спецыяльных, дзе павінны быць задзейнічаны прафесіяналы, рабілі прадстаўнікі яўрэйскай абшчыны.

Гарадская прастора

Баб­руй­ча­не знай­шлі спо­саб за­ха­ваць тое,  што за­ста­ло­ся ад сі­на­го­гі.

— Гэта была вельмі багатая сінагога, яна ўзведзена дзесьці ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, — кажа кіраўнік яўрэйскай абшчыны Алег Красны. — Такія будавалі ў Польшчы, Чэхіі, іншых гарадах Еўропы. У савецкія гады чаго толькі не было ў гэтых сценах — і гараж, і млын, і нават Бабруйсккіно. Пэўны час яна стаяла без гаспадара, пакуль не знайшоўся нехта, хто захацеў скарыстацца яе падваламі. Каб туды магла ўвайсці тэхніка, разабралі сцяну, але пакуль рабілі, нешта памянялася, і сінагогу кінулі ў паўразбураным выглядзе. Паціху народ расцягнуў цагліны ад першай сцяны і ўзяўся за яшчэ адну. Калі паўстала пытанне аб зносе, мы пачалі дзейнічаць. Вырашылі зрабіць на гэтым месцы, як цяпер стала модна казаць, гарадскую прастору. І памяць пра сінагогу застанецца, і людзям будзе дзе культурна правесці час.

Цікавы праект падказаў малады дызайнер з Ізраіля. Планавалася, што ўсё абыдзецца ў суму эквівалентную 30 тысячам долараў, але выйшла крышачку болей. Большую частку грошай унеслі бабруйчане, якія жывуць за мяжой.

Атрымалася сапраўды прыгожа. Акуратненькія дарожкі з пліткі, кветкі, збоку зона для адпачынку. Над ёй навес, дзе можна схавацца ад сонца і дажджу, адпачыць, памарыць аб нечым сваім, вечным. І сцены сінагогі — яны якраз насупраць — на такія думкі вельмі добра натхняюць. Тое, што засталося ад будынка, ужо не нагадвае разваліны. Сцены ўмацаваныя, над імі з'явіўся спецыяльны каўпак, каб дождж і снег не разбуралі кладку. Замест вокнаў банеры са сцэнкамі з яўрэйскага жыцця — з часам тут будуць вітражы.

— Спачатку была ідэя зрабіць на месцы сінагогі музей яўрэйскай культуры, — кажа Алег Красны. — Гэты ж дызайнер прапанаваў нам праект з інтэграцыяй гістарычных сцен у будынак у стылі хайтэк з выкарыстаннем шкла і бетону. Нам вельмі спадабалася, але гэта каштуе іншых грошай — прыблізна мільёна долараў. Але тое, што цяпер у нас ёсць, не перашкаджае ў далейшым зрабіць гэты музей.

Новы аб'ект вельмі арганічна ўпісаўся ў навакольнае асяроддзе. У дарэвалюцыйны час гэта быў класічны раён яўрэйскай забудовы. Тут захавалася яшчэ шмат старых будынкаў. Дамы на вуліцах Чангарскай, Сацыялістычнай, Пушкіна, Савецкай былі пабудаваны ў асноўным у пачатку ХХ стагоддзя. І карэнныя жыхары вельмі балюча ставяцца да зносу старых пабудоў. Нядаўна адзін з такіх дамоў быў знесены, і інтэрнэт выбухнуў ад абурэнняў. Месцічы лічаць, што такія рэчы трэба абмяркоўваць з грамадскасцю. Бо нават з падмурка можна зрабіць цукерку.

Касцёл без... сцяны

Вось так  вы­гля­дае кас­цёл  з боку два­ра.

Гэты выпадак, як той казаў, крыху з другой оперы, але ж грамадскасць тут таксама дзейнічае актыўна. Касцёл у гонар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі — яшчэ адна славутасць горада, хоць жорстка і знявечаная ў савецкі час. Ідзеш сабе па вуліцы Кастрычніцкай, вакол тыповая гарадская забудова, і нават не падазраеш, што за фасадам вунь той несамавітай пяціпавярховай каробкі хаваецца прыгажосць з чырвонай цэглы ў стылі неаготыкі. Кажуць, што касцёл пабудаваны па праекце славутага беларускага архітэктара Станіслава Шабунеўскага. Таго самага, чыімі будынкамі ў стылі мадэрн і класіцызм ганарыцца сучасны Гомель. Касцёл узвялі ў 1906 годзе, але паўвека таму яго фасад часткова разбурылі, каб умураваць у пяціпавярховы адміністрацыйны будынак упраўлення будаўнічага трэста.
У 1990-я гады дзейнасць парафіі была адноўлена, але сам касцёл самастойнасці не атрымаў. Цяпер, калі трэст збанкрутаваў, паўстала пытанне, што рабіць з пяціпавярховікам. Беларусбанк на правах крэдытора перадаў будынак ва ўласнасць горада. Як патлумачылі ў Бабруйскім гарвыканкаме, ажыццяўляецца доўгатэрміновая працэдура па наданні гэтым двум будынкам статусу аднаго аб'екта. Як будуць развівацца падзеі далей, калі касцёл уступіць у правы спадчынніка, невядома. Але ад пустуючага пяціпавярховіка ўсё ж такі давядзецца неяк пазбаўляцца. Плюс спатрэбіцца надаць касцёлу першапачатковы выгляд. Дзе ўзяць для гэтага сродкі? На жаль, пакуль ніхто не можа адказаць на гэта пытанне.

Ванда Архіпенка, прыхаджанка касцёла з 1990 года, вядзе тут бухгалтэрыю. Яна добра разумее, колькі будзе каштаваць аднаўленне іх святыні.

— На аднаўленне касцёла таксама спатрэбіцца шмат грошай. Але ж будзем нешта рабіць, шукаць спонсараў, магчыма, збіраць грошы з дапамогай краўдфандынга, — кажа жанчына.

Сёння касцёл існуе выключна за кошт вернікаў. Будынку больш за сто гадоў, і ён пакрысе разбураецца.

— Вунь памянялі акно за кошт прыхаджан, старая рама ўжо згніла, пачала абвальвацца, — ківае Ванда Архіпенка на вялікую, некалькі метраў вышынёй канструкцыю. — Зімой як можам уцяпляем будынак. Летась толькі за ацяпленне аддалі каля тысячы рублёў. Дзякуй яшчэ, што плацім па льготным тарыфе. Абшчына невялікая, калі свята — людзей цэлы касцёл, а па факце чалавек 400.

Ганарыцца тут прывучаюць з дзяцінства

Эф­ра­ім Се­ве­ла  пра­сла­віў го­рад,  го­рад пра­сла­віў яго.

Любіць свой населены пункт — гэта не толькі захоўваць яго гістарычны код у выглядзе будынкаў, але і не забываць пра людзей, якія яго праславілі. Адзін з сімвалічных помнікаў у Бабруйску прысвечаны яго знакамітаму ўраджэнцу — Эфраіму Севелу. Спонсары праекта Генадзь Рабкін, Фелікс Цупрун і Аляксандр Прасняцоў — тры аднакласнікі, якія калісьці вучыліся ў 19-й бабруйскай школе, а цяпер жывуць далёка за межамі роднага горада. Але гэта не перашкаджае ім браць удзел у яго жыцці. Яны ж актыўна паспрыялі і стварэнню арт-аб'екта з сінагогай. Што датычыцца Эфраіма Севелы, то гэта, напэўна, адзін з яскравых сімвалаў Бабруйска. У цыкле навел «Легенды інваліднай вуліцы» ён праславіў горад даваеннай пары і яго каларытных жыхароў. Кніга, дарэчы, карыстаецца вялікім попытам. На жаль, у мясцовай кнігарні я яе не знайшла, затое сфатаграфавала на памяць аўтара ў метале.

А яшчэ мяне вельмі кранула гісторыя, расказаная дырэктарам 25-й школы Валянцінай Абрамавай. Два гады таму вучні гэтай школы зацікавіліся лёсам абаронцаў свайго горада — курсантаў Бабруйскага ваенна-трактарнага вучылішча, якія летам 41-га стрымлівалі наступ ворага з 28 да 30 чэрвеня. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў яны напісалі даследчую работу «Бабруйскі рубеж».

— Дзеці настолькі прасякнуліся гэтай тэмай, што выступілі з ініцыятывай па ўвекавечанні памяці курсантаў, — расказвае дырэктар. — Бабруйскі гарвыканкам гэтую ініцыятыву падтрымаў, і сёлета 2 ліпеня на першай лініі абарончай мяжы, дзе, паводле гістарычных звестак, загінула не менш за 200 курсантаў вучылішча, быў усталяваны памятны знак.
У зборы сродкаў на яго ўдзельнічалі таксама школьнікі і іх бацькі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

г. Бабруйск

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.