Вы тут

Ураджай у Віцебскай вобласці павялічыцца


А пасяўныя плошчы вырастуць

2019 год увойдзе ў гісторыю жніва тым, што ў самай паўночнай вобласці краіны — Віцебскай — раней, чым у параўнальна больш цёплых рэгіёнах Беларусі, шанавалі камбайнера-двухтысячніка. Герой барацьбы за ўраджай — Сяргей Зелянкевіч з гаспадаркі «Бярозавы край» Браслаўскага раёна. Між іншым, менавіта тут сёлета арганізуюць абласное свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі».


Перадавіка павіншаваў і старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў. Кіраўнік мясцовай улады адзначыў, што дзякуючы змяненню клімату поўнач ужо можа даць фору іншым абласцям краіны падчас жніва. І падзяліўся спадзяваннямі наконт таго, каб надвор'е не перашкодзіла сабраць, магчыма, рэкордны ўраджай збожжа.

У 2020 годзе ён адназначна стане яшчэ большы, бо губернатар Віцебшчыны даручыў ужо восенню давесці агульную плошчу азімага збожжа да ўзроўню 300 тысяч гектараў.

Для параўнання: паводле інфармацыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама, у гэтую сяўбу плошча азімых складае 200 тысяч гектараў. А ўсяго збожжавых і зернебабовых культур — 354 тысячы гектараў.

Для збору збожжа і рапсу плануецца выкарыстаць каля 1,4 тысячы камбайнаў. Неабходнасць у механізатарах для правядзення ўсіх відаў работ — каля 6,1 тысячы, у тым ліку тых, хто працуе на камбайнах, — 1715 чалавек.

У сельскагаспадарчых арганізацыях у штаце 5165 механізатараў. Недахоп — каля 935. Але традыцыйна часова на палях у жніво працуюць студэнты, навучэнцы, практыканты, работнікі, якіх прыцягваюць з іншых пасад гаспадарак, а таксама з іншых арганізацый.

Калі надвор'е не будзе вельмі капрызнае, сабраць ураджай збожжавых можна будзе за 25 дзён.

Як агучыў на пасяджэнні аблвыканкама начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Мялешкін, асаблівую трывогу выклікаюць пажары на аб'ектах, звязаных з нарыхтоўкай кармоў і ўборкай ураджаю. Ён падкрэсліў, што адна справа вырасціць і сабраць ураджай, нарыхтаваць кармавую базу, але яго трэба яшчэ і захаваць. І пры гэтым не дапусціць знішчэння сельскагаспадарчай тэхнікі, якая выкарыстоўваецца пры нарыхтоўцы кармоў і ўборцы ўраджаю.

Дарэчы, статыстыка за апошнія пяць гадоў дастаткова цікавая. Пачынаючы з 2014 года, зарэгістравана 44 пажары сельскагаспадарчай тэхнікі. У выніку 27 адзінак знішчана, 17 патрабавала аднаўлення. Прамая шкода (без уліку вытворчых прастояў і выдаткаў на аднаўленне) — больш за 500 тысяч рублёў.

За пяць гадоў было дзевяць пажараў на зернесушыльных комплексах. У тым ліку ўжо два пажары адбыліся сёлета.

Падчас рэйдаў супрацоўнікі МНС прапанавалі ажыццявіць каля 790 прафілактычных мерапрыемстваў. Прыкладна палова з таго, што неабходна было зрабіць, не выканана.

Губернатар патрабаваў не проста прыслухацца да прынцыповай крытыкі, а зрабіць усё, каб не было надзвычайных здарэнняў. Насамрэч трэба ўлічваць усе нюансы, каб не згарэла «золата палёў», аб'екты яго сушкі, захавання, тэхніка... Тым больш — каб не пацярпелі людзі. Пакуль што выратавальнікі абмяжоўваюцца прадпісаннямі, але на тых, да каго, як кажуць, не даходзіць, абавязкова знойдуцца меры адэкватнага пакарання. Дысцыпліны ва ўсім і прытрымлівання тэхналогій, нагадаю, патрабаваў кіраўнік краіны, калі абмяркоўвалася пытанне жніва.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».