Вы тут

Нацыянальны футбольны стадыён будзе пабудаваны ў Мінску да 2023 года


Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад аб рэалізацыі праектаў тэхніка-эканамічнай дапамогі «Басейн міжнароднага стандарту» і «Нацыянальны футбольны стадыён».


«Мы даўно планавалі пабудаваць гэтыя аб’екты. Натуральна, гэта вялікія выдаткі, зразумела, што падобныя грошы заўсёды адшукваюцца з намаганнямі, паколькі ніводзін прыватнік, думаю, за гэтыя аб’екты не возьмецца, а з дзяржаўнага бюджэту грошы вы ведаеце, куды ідуць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Па дапамогу звярталіся ў іншыя краіны, але там грошай — ці жадання — не знайшлося. На асабістую ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі адгукнуўся Прэзідэнт Кітая Сі Цзіньпін: праекты будуць пабудаваныя за кошт бязвыплатнай тэхніка-эканамічнай дапамогі КНР. Падчас апошняга візіту Прэзідэнта Беларусі ў Кітай у сёлетнім красавіку Сі Цзіньпін прадэманстраваў макеты басейна і футбольнага стадыёна.

«Будаўніцтва падобных спартыўных аб’ектаў у Мінску ў рамках супрацоўніцтва Беларусі і Кітая — беспрэцэдэнтнае і павінна стаць прыкладам для іншых праектаў, якія плануецца рэалізаваць у будучыні. Для нас вельмі важна стварыць усе неабходныя ўмовы, каб пабудаваць басейн і стадыён у найкарацейшыя тэрміны, на належным узроўні і па міжнародных стандартах», —падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Менавіта з упорам на гэта ён прасіў падрыхтаваць праекты ўказаў, каб, атрымаўшы бясплатныя грошы, не «валакіціць» партнёраў, не выклікаць скаргаў.

Стадыён і басейн будуць пабудаваныя з айчынных матэрыялаў, працаваць будуць таксама беларусы. Аляксандр Лукашэнка загадзя папярэдзіў адказных асоб, што ў рэспубліцы павінны быць уведзены еўрапейскія стандарты, а айчынныя пакінутыя толькі там, дзе яны не горшыя. 

Кітайскі бок гатовы пачаць будаўніцтва ў першай палове наступнага года — і пачне, адзначыў Прэзідэнт, бо гэта залежыць толькі ад беларускіх партнёраў. Ад адказных службовых асоб Прэзідэнт запатрабаваў далажыць, як ідзе падрыхтоўка пляцовак. 

Аляксандр Лукашэнка ведае, што ёсць праблемы па грунтах, асабліва ў раёне будаўніцтва плавальнага басейна. Патрабуюць увагі і працоўныя моманты па размяшчэнні нацыянальнага стадыёна. Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз папярэдзіў, каб не секлі лішнія дрэвы — а замест ссечаных высаджвалі расліны побач ці ў іншых месцах.

«У мяне пытанне, чаму мы аддаем гэтыя будоўлі Рэспубліканскаму цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па водным відам спорту і Нацыянальнаму алімпійскаму стадыёну „Дынама“ (атрымальнікі дапамогі, — заўв. „Звязда“), ці не хочуць міністры і начальнікі вялікія на чыісьці плечы скінуць адказнасць? І галоўнае, ці справяцца ўстановы з кантрольнымі функцыямі, забяспечаць інжэнерна-тэхнічнае, юрыдычнае суправаджэнне і эксплутацыю аб’ектаў», — выказаў насцярожанасць Прэзідэнт.

Да таго ж, паколькі стадыён і басейн будуць пабудаваныя да 2023 года, Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным ужо сёння планаваць і прапрацоўваць правядзенне міжнародных спаборніцтваў вышэйшага ўзроўню.

«Будаваць будзем. Стадыён і плавальны басейн нам вельмі патрэбныя, таму што гэта не дзяржава, якая не мае падобных нацыянальных аб’ектаў. Футбол — народны від спорту, від спорту № 1 у нашай краіне, ім займаецца больш за ўсё людзей, пачынаючы ад маленькай вёсачкі да сталіцы. І не мець футбольнага стадыёну, дзе будуць выступаць нацыянальная зборная, гуляць лепшыя нашы клубы і дзе будуць праводзіцца матчы міжнароднага ўзроўню, — нядобра», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. 

Ён нагадаў і што плаванне — медалеёмісты від спорту.

«Шчыра кажучы, у футбол мы гуляць не ўмеем, плаваць — развучыліся. Але гэта асобная размова», — падвёў вынік Прэзідэнт. 

Міністр эканомікі Беларусі Дзмітрый Крутой паведаміў кіраўніку краіны, што поўнае ўзаемаразуменне бакоў дасягнутае, і праінфармаваў, што агенцтва, якое адказвае за заключэнне міжурадавых пагадненняў, перадала падпісаны мемарандум па прыярытэтах тэхдапамогі для Беларусі.

Міністр паведаміў журналістам, што работа з Кітаем па асваенні сродкаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі пачалася ў 2007 годзе. З таго часу ў Беларусі завершана восем праектаў, на якія выдзелена 125 мільёнаў долараў бязвыплатных сродкаў. Сёння ў працы сумы на 95 мільёнаў долараў.

На два будучыя спартыўныя аб’екты кітайскім бокам зарэзервавана 235 мільёнаў долараў.

«Кітай лічыць гэтыя аб’екты сваім „тварам“ у Еўропе, таму яны вельмі сур’ёзна ставяцца. Гэта будуць сапраўды знакавыя будынкі, як сказаў Прэзідэнт, аналагаў якім не вельмі шмат у нашым рэгіёне», — падкрэсліў Дзмітрый Крутой.

Акрамя стадыёна і басейна, КНР выдзяліць сродкі тэхнічнай дапамогі індустрыяльнаму парку «Вялікі камень», мытнаму і пагранічнаму камітэту, на трэці этап будаўніцтва сацыяльнага жылля і іншыя кірункі — увогуле каля ста мільёнаў долараў.

Як паведаміў намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Мікалай Снапкоў, выхад на будаўнічую пляцоўку плануецца не пазней за ліпень наступнага года. Практычны этап работы пачнецца пасля падпісання Указа Прэзідэнта. Выбар кантрольных устаноў абгрунтаваны: яны адпавядаюць патрабаванням рэгламента атрымання тэхніка-эканамічнай дапамогі. Аляксандр Лукашэнка даручыў вызначыць службовых асоб, якія будуць несці персанальную адказнасць за ход рэалізацыі праектаў і вытрымліванне адпаведных тэрмінаў.
«Два гэтыя аб’екты — сімвал сяброўскага, пазітыўнага ўваходжання Кітая ў Еўропу на прыкладзе адносін з Беларуссю. Сапраўды, тэхніка-эканамічная дапамога Кітая, праекціроўшчык і генеральны падрадчык — кітайскія арганізацыі, грошы кітайскія, але будавацца аб’екты будуць па міжнародных стандартах, зацверджаных і узгодненых міжнароднымі федэрацыямі футбола і плавання», —падкрэсліў Мікалай Снапкоў.

Па яго словах, кітайскі бок прапанаваў эксклюзіўнае будаўнічае і функцыянальнае рашэнне стадыёна і басейна, аналагаў якім у свеце пакуль няма.

Варвара МАРОЗАВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».