Вы тут

Cтартавалі выбарчыя кампаніі ў Нацыянальны сход Беларусі


Гэта пацвердзіла ўчора на першым арганізацыйным пасяджэнні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў яе старшыня Лідзія ЯРМОШЫНА. Увечары 5 жніўня кіраўніком дзяржавы былі падпісаны адпаведныя ўказы, яны былі ў той жа дзень апублікаваныя на афіцыйным інтэрнэт-партале Прэзідэнта Беларусі і ўступілі ў сілу. Старшыня ЦВК звярнула ўвагу, што размова ідзе пра дзве выбарчыя кампаніі — у Палату прадстаўнікоў, выбары дэпутатаў у якую прызначаныя на 17 лістапада 2019 года, і ў Савет Рэспублікі, куды дэпутаты мясцовых Саветаў абяруць членаў 7 лістапада.


На пасяджэнні ЦВК быў прыняты шэраг дакументаў, на падставе якіх арганізатары на месцах змогуць распачаць работу па падрыхтоўцы выбараў. Усе гэтыя дакументы ў найбліжэйшы час можна будзе знайсці на сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі.

«Першы этап — гэта ўтварэнне акруговых, мінскай гарадской і абласных выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў, — нагадала Лідзія Ярмошына. — Утварэнне іх павінна завяршыцца да верасня ўключна».

Кіраўнік ЦВК паведаміла, што самая буйная па колькасці акруг тэрыторыя — горад Мінск. Тут будзе ўтворана 20 акруговых камісій і адна Мінская гарадская. На другім месцы — Гомельская і Мінская вобласці, дзе па 17 выбарчых акруг і па адной абласной. У Брэсцкай вобласці 16 выбарчых акруг, у Віцебскай — 14. Два самыя невялікія рэгіёны — Гродзенская і Магілёўская вобласці будуць мець па 13 акруговых выбарчых камісій і па адной абласной.

Патэнцыйныя кандыдаты змогуць пачынаць падаваць дакументы толькі пасля ўтварэння выбарчых камісій, якія 3 верасня правядуць свае першыя арганізацыйныя пасяджэнні, дзе кожная камісія вылучыць старшыню, яго намесніка і сакратара. Пасля гэтага прэтэндэнты на ўдзел у выбарчай гонцы могуць падаваць дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў.

Адказваючы перад пасяджэннем на пытанні журналістаў, Лідзія Ярмошына патлумачыла, што часам ахвотных стаць членам выбарчай камісіі больш, чым трэба, таму туды ўключаюць не ўсіх, а выбіраюць найлепшых. «Што датычыцца адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп, то адна з самых частых падстаў для яе — адсутнасць добраахвотнасці пры фарміраванні такой групы. Група павінна складацца не менш чым з 10 чалавек, гэтыя людзі павінны ўвайсці ў яе склад добраахвотна. Калі падчас апытання выбарчая камісія даведваецца, што нехта з членаў групы не ведаў, што яго прыцягваюць да выбараў, то гэта падстава для адмовы ў рэгістрацыі», — дадала старшыня ЦВК.

На пытанне пра фінансаванне кампаній Лідзія Ярмошына адказала: «Гэта фінансаванне ў адпаведнасці з тымі нормамі, якімі мы звычайна карыстаемся, больш за тое, яно павялічана на адзін мільён рублёў у параўнанні з выбарамі 2016 года, гэта звязана з ростам сярэдняй заработнай платы».

На пасяджэнні ЦВК быў зацверджаны каштарыс на абедзве кампаніі ў памеры каля 23 мільёнаў беларускіх рублёў. Кіраўнік ЦВК паведаміла, што ўжо ўчора МЗС накіравала запрашэнне ў Парламенцкую асамблею АБСЕ, Выканкам СНД і ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва. Пазней Цэнтральная камісія накіруе запрашэнні замежным калегам і ў Сусветную асацыяцыю выбарчых органаў, штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Паўднёвай Карэі. Чакаецца, што за выбарамі ў парламент нашай краіны будзе назіраць каля 800 прадстаўнікоў іншых краін і міжнародных арганізацый. Пры гэтым ЦВК не рэгламентуе колькасць удзельнікаў такіх місій.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Загаловак у газеце: Спачатку — камісіі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.