Вы тут

Свята лета, свята паэта


Няўлоўную, але ўсё ж такі адчувальную атмасферу — як залаты пыл, што застаецца на падлозе ювелірнай майстэрні, — пакідаюць творы там, дзе яны былі напісаны. Такія мікрачасцінкі паўсюль зіхацяць у паветры... У маленькім панадворку ў Маладзечанскім раёне, дзе калісьці быў фальварак «Ракуцёўшчына», канцэнтрацыя «залатога пылу» неверагодна высокая. Тут нарадзіліся два цыклы вершаў і дзве паэмы Максіма Багдановіча, які правёў у гэтых цудоўных мясцінах летнія вакацыі пасля заканчэння гімназіі. У 1911 годзе паэт прыехаў у Вільню, дзе пазнаёміўся з рэдакцыяй газеты «Наша Ніва». Пабыўшы некаторы час у Вільні, Максім пасяліўся ў доміку арандатара на фальварку дробнага шляхціца В. Лычкоўскага, дзядзькі Івана і Антона Луцкевічаў.


Калі прайсціся па будынках музея і па наваколлі, надзвычай лёгка ўяўляеш, што тут Максім Багдановіч піў гарбату, пісаў і перакладаў вершы, блукаў па ваколіцах, гуляў з маленькай Янінай Шабуняй — унучкай гаспадара фальварка. Нягледзячы на тое, што ўсе інтэр’еры музейнай экспазіцыі адноўлены і рэчаў у музеі няшмат, атмасферу аспрэчыць немагчыма

У гэтыя выхадныя тут адбылося традыцыйнае свята паэзіі і музыкі — фестываль «Ракуцёўскае лета». Зноў на падворку гучалі вершы Максіма Багдановіча і вершы тых, хто ідзе за ім па паэтычным шляху.

«Мяне шчыра захапляе тая повязь часоў, тое спадкаемства, якое існуе ў нашай літаратуры. Нашаніўцы ды пісьменнікі 20—30-х гадоў мінулага стагоддзя, потым — лепшыя пісьменнікі, якія раскрыліся ў 60-я гады, пасля былі падзвіжнікі, якія працавалі дзеля адраджэння ў канцы 80-х... Ёсць тыя, хто плённа працуе і зараз. Гэта тычыцца і навукоўцаў. Усіх людзей, якія ствараюць тую самую тонкую матэрыю, якая трымае нас на нашай зямлі, дазваляе нам пачувацца беларусамі», — разважаў Міхаіл Бараноўскі, загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску. Павіншаваць аматараў творчасці паэта прыехалі і адмысловыя госці: Маргарыта Пярова, прадстаўніца роду Лычкоўскіх, гаспадароў фальварка, Ірына Ніжанкоўская, унучатая пляменніца Аляксандра Уласава, аднаго з заснавальнікаў і рэдактараў выдання «Наша Ніва», і Вольга Дашкоўская, прадстаўніца роду Багдановічаў. Ускладаючы васількі да мемарыяльнага каменя на ўездзе ў Ракуцёўшчыну, Вольга Дашкоўская прамовіла: «Слова — найлепшы помнік для ўсіх пісьменнікаў». Усе вакол віншавалі адно аднаго са святам — традыцыя, вартая ці не самага рамантычнага з беларускіх аўтараў, — святкаваць лета, святкаваць творчасць, святкаваць шчасце.

...Сонца сягае зеніту, а на традыцыйнай сцэне пачынаецца канцэрт. Свята, звязанае з беларускім пісьменнікам, амаль немагчыма ўявіць без фальклорных калектываў. Пачынаюць, па традыцыі, калектывы маладзечанскай зямлі. Зусім хутка беларуская мова загучыць дзіцячымі галасамі: далучаюцца да ўрачыстасці выхаванцы Красненскага сельскага дома культуры. Пасля будуць прывітальныя словы, вершы, музыка, выступленні творцаў з Мінска і Мінскай вобласці — канцэртная праграма налічвала больш чым дваццаць нумароў. Тыя, хто згадваў Максіма ў сваіх вершах або чытаў ягоныя, рабілі гэта шчыра, пераканаўча, эмацыянальна. А вакол усё зіхацела — самы разгар «Ракуцёўскага лета».

Але не толькі канцэртам вабіла Ракуцёўшчына ў гэты дзень. Супрацоўнікі музея распрацавалі квест, які дазволіў наведвальнікам не толькі адчуць агульную атмасферу, але і глыбей зразумець вытокі свята. Квест прымусіў прайсціся па ўсіх будынках комплексу, крыху пазнаёміцца з побытам фальварка, які панаваў у пачатку мінулага стагоддзя, прачытаць вершы пісьменніка — на сценах пакоя, дзе жыў Багдановіч, размешчаны старонкі з «Вянка».

Падчас экскурсій і квестаў па фальварку супрацоўнікі музея асаблівую ўвагу ўдзялілі аднаму з пакояў — памяшканню, якое ў экспазіцыі ператварылася ў дзіцячы куток. Тут гучалі кранальныя гісторыі пра тое, як малады Багдановіч марыў пра дзяцей, уяўляў, якой была б яго маленькая дачка. У фантазіі прысутных гэтыя гісторыі выклікалі сюжэты з летняга побыту Багдановіча і Шабуняў: малады, шчаслівы Максім нясе на плячах двухгадовую дзяўчынку, расказвае ёй казкі...

Дарэчы, сярод наведвальнікаў было шмат дзяцей — забаўляльных пляцовак для іх хапала, а кампанія «Будзьма беларусамі» зладзіла адмысловы інтэрактыўны спектакль. Дзіцячы гоман разносіўся па ўсім будынку гаспадарскага дома.

Адукацыйнай часткай стала інтэлектуальная пляцоўка, падрыхтаваная Беларускім ПЭН-Цэнтрам. Яна складалася з гульні «Веру — не веру» па цікавых фактах з жыцця пісьменніка, вытрымак з вершаў сучасных паэтаў, прысвечаных Багдановічу, — трэба было пазнаць аўтара радкоў. Заключная частка — майстар-клас па напісанні лімерыкаў (цвёрдая форма жартаўлівых вершаў) пра Максіма Багдановіча. Больш за ўсё ўдзельнікаў зацікавіла менавіта першая гульня. І на пытанні, дарэчы, адказвалі лёгка. Дзіцячыя гады Багдановіча, тое, як яго пакінулі на другі год у гімназіі, не да канца здзейсненыя творчыя планы — знаёмства з паэтам станавілася ўсё бліжэй.

Аматараў адукацыйнай праграмы фэсту было дастаткова. Тыя, хто праходзіў квест, атрымлівалі ў падарунак кнігі — трохтомнікі Максіма Багдановіча.

Паблукаўшы па ваколіцах, выпіўшы вады з крыніцы, схаваўшыся ў пакоях ад дзённай спёкі, пакаштаваўшы гарбаты з зёлкамі (куточак з самаварам і разнастайнымі варэннямі, арганізаваны экасядзібай «Дайнаўскі двор», знаходзіўся пад дрэвамі збоку ад гаспадарскай хаты), удзельнікі фэсту мелі магчымасць уявіць, як тут жыў дзевятнаццацігадовы Максім Багдановіч падчас вакацый.

Ад гукаў канцэрта немагчыма было схавацца ні ў адным кутку сядзібы. І ў гэтым — галоўнае падабенства свята з Максімавым летам 1911 года: усюды гучала беларуская мова і вершы. Малады паэт выкарыстоўваў гэты час для таго, каб удасканаліць валоданне беларускай мовай. Яго суседзі па фальварку — Эмілія Шабуня і яе двухгадовая дачка Яніна, а таксама сястра гаспадара Ядвіся Русецкая — дапамагалі яму: выпраўлялі памылкі з канчаткамі і вымаўленнем. Успамінаў самога Максіма пра тое лета, на жаль, не засталося. Напэўна, творчай працы ў яго і так было даволі, часу на вядзенне дзённікаў не хапала. Але ёсць запісы, зробленыя Янінай Шабуняй па ўспамінах яе маці Эміліі. У іх — малады, шчаслівы хлопец, захоплены літаратурай, бавіць лета ў беларускім фальварку.

Атмасфера свята, атмасфера месца быццам сцерлі той драматызм, якім прасякнуты асацыяцыі з Багдановічам. Фестывалі, падобныя гэтаму, вельмі патрэбныя. Яны збліжаюць далёкіх класікаў і звычайных людзей, ставяць іх твар да твару і заахвочваюць да размовы. І не існуе ніякіх бар’ераў, бо «ўсе мы разам ляцім да зор», як пісаў Максім Багдановіч.

Дар’я СМІРНОВА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».