Вы тут

Настасся Нарэйка. «Светлячок»


Аўтарка найчасцей выступае з сацыяльнымі тэмамі, якія добра ўмее падаць праз мастацкі твор. Гісторыя Светлячка не можа не закрануць душу.


Сёння начное дзяжурства належыць мне. Будзе жоўты, як старая папера, круг ад настольнай лямпы, будзе вечная кніга з дробным шрыфтам, апошнюю старонку якой перагарну тады, калі абрынецца на свет другі патоп, будзе пранізліва-гучнае ціканне гадзінніка — пульс часу. Будзе ноч...

А пакуль што хуткім крокам іду па горадзе. Парк сцеле пад ногі мокрае кляновае лісце колеру золата. Шары ліхтароў, вымытыя да бляску, коцяцца ўздоўж алеі, не адстаючы ні на крок. І я бягу — не магу ўтрымацца. На скрыжаванні жоўтае святло дае перавесці дыханне, але гэта некалькі секунд. Плынь падхоплівае мяне і нясе далей. Мільгаюць вітрыны, газетныя шапікі з ручайкамі цікаўных да таго, што робіцца ў свеце, лавачкі і аранжавыя камізэлькі адказных за чысціню горада... Звычайна плынь пакідала мяне якраз ля фнеабходных дзвярэй, але гэтым вечарам я сама выпала з яе. Выпала, бо ўбачыла жанчыну з пустымі вачыма (у ТАКІХ вочы заўсёды пустыя).

Яна сядзела на прыступках ля дзвярэй жаночай кансультацыі, белая, як крэйда. Глядзела цераз рэчы і людзей, не плакала і, здавалася, не дыхала. Яна прамерзла да касцей, запэцкала брудам паліто колеру кавы з малаком. Я пайшла далей, бо ведала, што, калі загавару з незнаёмкай, пачну яе шкадаваць. Гэта нельга...

Я спынілася перад старым двухпавярховым домам з забітымі крыж-накрыж вокнамі і гучна ўцягнула паветра, горкае, што палын. «Толькі азірніся!» — прыгразіла сабе і рванула з усяе сілы перакошаныя дзверы з аблупленай фарбай.

Гэты стары будынак быў месцам маёй працы. Hіxтo ў горадзе нават не здагадваўся, што ў ім жывуць дзеці. Тыя дзеці, што маглі б хадзіць па зямлі, гаварыць прыгожай мовай, спяваць цудоўныя песні, смяяцца, плакаць, радавацца і сумаваць. Яны маглі б жыць, калі б у будынку побач, у той самай жаночай кансультацыі, іx не пазбавілі такой магчымасці.

Я зачыніла за сабою дзверы і прыціснулася да іx ілбом. Я баялася павярнуцца і ўбачыць немінучае. Я ведала, што за спінай маёй, за сталом, які на сённяшнюю ноч стане маім прыстанкам, сядзіць дзіця — хлопчык ці дзяўчынка (хутчэй за ўсё, дзяўчынка), — чыя маці (хоць якая яна маці?) брыдзе зараз па вуліцах начнога горада ў паліто колеру кавы з малаком і ведае, што ўсё для яе скончана.

— Скажыце...

Я здрыганулася, пачуўшы тоненькі, бы званочак, голас.

— Вы — мая мама?

Я павярнулася павольна-павольна ў спадзяванні, што мне проста падалося. Але за сталом у белым (яны заўсёды ходзяць у белым, нашы дзеці) сядзела дзяўчынка з залатымі, як лісты ў парку, валасамі. Яна глядзела на мяне, і вочы яе былі не пустыя. Нечалавечыя вочы, бо і сама яна была не чалавекам, а анёлам (мы не разумеем, чаму ў нашых дзяцей не растуць крылы...).

Дзяўчынка паўтарыла сваё пытанне яшчэ раз. Я падышла, узяла яе на рукі, села. Яна зручна ўладкавалася на мaіx каленях, абняла pyкамі за шыю, змахнуўшы з каўняра паліто кропелькі дажджу. Я ведала, што цяпер, у першае ж імгненне, павінна расказаць ёй праўду. Heкалі даўно мы з калегамі спрачаліся, ці варта гаварыць нашым дзецям пра тое, хто яны. Спярша я была супраць, але потым зразумела: для таго каб выконваць работу, ім патрэбна ведаць.

— Як цябе завуць? — спытала я, каб хоць на некалькі імгненняў адцягнуць момант праўды.

— Светлячок, — сказала дзяўчынка.

— Я не твая мама, Светлячок.

Тысячу разоў бачыла, як гаснуць дзіцячыя вочы пасля гэтых слоў.

— Тады хто?

— Ведаеш, твая мама аднойчы моцна закахалася і аслепла ад cвaіx пачуццяў. Яна не заўважала нічога навокал, жыла толькі імі. Пра жонку і дзяцей свайго каханага яна даведалася толькі тады, калі расказала яму пра цябе, пра тое, што ты будзеш.

— А тата?

— Людзі часта робяць памылкі, Светлячок. Таму ён папpacіў тваю маму ніколі больш яго не турбаваць і знік. А яна была слабая і ганарлівая адначасова, баялася скосых позіркаў і таго, што скажуць пра яе ў маленькім горадзе.

— Мама вырашыла, што я ёй не патрэбная?

— Так, — нельга было хлусіць нашым дзецям. — Яна пайшла туды, дзе людзі ў белых халатах дапамагаюць пазбавіцца... развітацца... вызваліцца...

Я не магла падабраць слова.

— Я зразумела, — апусціла галаву дзяўчынка, а потым зноў паглядзела мне проста ў вочы. — Гэта справядліва?

— Несправядліва, — не задумваючыся, сказала я. — Ты, напэўна, стамілася, Светлячок? Пойдзем, я пакажу табе твой ложак.

Мы ціxa падымаліся па лесвіцы, каб не патрывожыць cваімі крокамі іншых дзяцей.

Я правяла яе паміж двума радамі ложкаў і паказала вольнае месца. Яна наблізілася, правяла маленькай рукой па мяккай тканіне белай начной сарочкі, раскладзенай паверх коўдры.

— Табе дапамагчы?

Яна кіўнула і павярнулася спінай, каб я магла расшпіліць гузікі. Я вызваліла адзін, другі, трэці... І толькі на чацвёртым плечы Светлячка дробна задрыжалі. Імгненна павярнуўшы дзяўчынку да сябе, я моцна абняла яе, нібы хацела выціснуць увесь боль з гэтага маленькага чалавека.

— Скажыце, ва ўcіx гэтых дзяцей таксама не будзе жыцця?

— Жыццё будзе. Толькі іншае. Ты ўсё зразумееш потым.

— Чаму мамы кінулі іx? Таму што былі такія слабыя, як мая?

— Cітуацыі розныя, Светлячок. Вось бачыш, злева ад цябе спіць дзяўчынка. Яе завуць Сонейка. Светлае імя, праўда? Мама гэтай дзяўчынкі зацяжарала і нечакана засталася без мужа. Ён загінуў, у яе на руках ужо былі пяцёра сыноў, над галавой — дах здымнай кватэры... Выбару, здавалася, не існавала. Мама Сонейка зрабіла тое самае, што і твая.

— А гэты хлопчык на ложку справа? — спытала дзяўчынка.

— Ліxтарык. Яго мама яшчэ дзяўчынкай звязалася з дрэннай кампаніяй і аднойчы раніцай пасля вясёлай ночы з водарам гарэлкі прачнулася побач з незнаёмцам. Гэта быў канец. У школе, дома — паўсюль хутка стала вядома. Асабліва злаваўся строгі бацька, паабяцаўшы ніколі не дараваць. Простае выйсце падказала старэйшая сястра, за руку адвяла куды трэба. Ліxтарык так і не нарадзіўся, а дзяўчынка, яго маці, потым памерла. Ёй было 15...

Светлячок маўчала, толькі рэдкія ўcxліпы ўваходзілі ў маё плячо, як нажы.

— Скажыце, я... Мы калі-небудзь убачым cвaіx мам?

— Убачыце, — сказала я. — Ты пра ўсё даведаешся заўтра.

Я пасадзіла яе на ложак, дапамагла зняць сукенку і апрануць сарочку, потым накрыла коўдрай і пацалавала ў лоб.

— Дабранач.

Я бегла па калідоры. Лecвіца... Нарэшце! Цяпер можна плакаць уголас. Я села за свой стол. Той самы. І старонка разгорнутай кнігі хутка размокла ад слёз, як караблік з газетнай паперы, што пацярпеў крушэнне ў вірлівым ручаі.

Ведаеце, часам я праклінала сваю работу, часам мне здавалася, што я змагу без яе жыць. Дарма.

Усю ноч я сядзела без руху, а потым незаўважна заснула цяжкім, як вечнасць, сном. Сонца з'явілася раптоўна... Яно прайшло праз забітыя дошкамі вокны і заліло пакой цёплым грэцкім мёдам. Наш дом ажываў. Дом маленькіх анёлаў...

Тупаценне босых ножак прымусіла мяне схамянуцца. Я паднялася з крэсла і замерла ў чаканні: вось зараз па лесвіцы скоцяцца мне насустрач нашы дзяўчынкі і хлопчыкі з незвычайнымі імёнaмі... Аднак тупаценне раптам сціхла. Я спярша спужалася, а потым ycпoмніла пра Светлячка. Відаць, дзеці заўважылі, што ў іx пакoі з'явілася новенькая, і зараз распытваюць яе.

Я паглядзелася ў люстэрка на сцяне. Валасы былі зблытаныя, а вочы — cyxія і горкія. Я пайшла наверх. Дзеці сапраўды aбступілі Светлячка.

— Добрай раніцы, — усміхнулася я.

3 радаснымі воклічамі яны кінуліся да мяне, ледзь не збіўшы з ног.

— Вось гарэзы, зусім вы распусціліся! — пачуўся ад дзвярэй голас маёй калегі, той, што прыйшла на дзённую змену.

Kaлі дзеці кінуліся жадаць добрай paніцы маёй напарніцы, да мяне ціxa падышла Светлячок.

— Вы абяцалі мне расказаць...

Я ўзяла яе за руку і павяла ў свой пакой. Сюды, на Канапу Сакрэтаў, прыводзіла кожнага. І кожнаму расказвала адно і тое ж.

— У цябе цяпер будзе праца, Светлячок.

— Праца? — яна перапытала без усялякай цікавасці.

— Так. Ведаеш, на свеце вельмі шмат жанчын, якія зараз знаходзяцца ў стане вагання, думаюць, робяць выбар, як некалі твая мама. Дык вось, нашы дзеці, і ты ў тым ліку, прыходзяць да гэтых жанчын у снах і расказваюць, угаворваюць, спрабуюць засцерагчы ад памылкі, зберагаючы тым самым іншых хлопчыкаў і дзяўчынак.

— Гэта дапамагае?

— Дапамагае. Не заўсёды, зразумела, але ўсё ж.

Яе тварык засвяціўся ўсмешкай:

— Калі я магу пачаць?

Настасся Нарэйка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».