Вы тут

Юльяна Пятрэнка. «Вучуся не быць мамай»


Новая рубрыка часопіса «Маладосць» пад назвай «Адкоткі» — спроба альтэрнатывы ютубаўскім коцікам. Тут таксама яны, але жывёлы не смешаць, а нечаму вучаць.


Марго пабывала ў руках ветэрынара — цяпер ёй ніколі не зведаць радасці і смутку мацярынства. Таму яна раўнадушна назірае праз аконную шыбу за тым, як суседская чорная котка перацягвае цераз плот свой непаслухмяны вывадак.

Кацяняты пішчаць і працівяцца, брыкаюцца і валтузяцца між сабой. Толькі мама перацягне за карак першага і возьмецца за другога, як першы зноў падлезе ў шчыліну пад плотам, апынецца ў нашым гародзе і пачне кусаць яе хвост ды цягаць за вушы братоў і сястрычак. Усе чацвёра аднолькава пушыстыя і рудыя — і мы з Марго дакладна ведаем, хто іх тата.

Вялізнаму персу з кірпатай мордачкай і закручанымі вусамі не пашанцавала: ці то згубіўся, ці то выкінулі. З шыкоўнага і велічнага караля ён паступова ператварыўся ў пірата і разбойніка: адно вока, разадраныя вушы, перабітая лапа і выцвілая, з каўтунамі поўсць. Але і ў такім выглядзе былы кароль застаецца манархам: з абурэннем патрабуе на чужых ганках падаткі — рыбу і сасіскі, з пагардай дражніць з платоў ніжэйшую расу сабак, не дае праходу цераз свае ўладанні ніводнаму кату-чужынцу і лёгка даганяе любую котку-фрэйліну, на якую толькі ўпадзе позірк.

Нават мая храбрая каралева і тая асцерагаецца перса. Марго абыходзіць аднавокага за дваццаць крокаў, пакуль той адпачывае ў цяньку пад кустом парэчак, варушыць рудым хвастом і назірае за парадкам. Да шматлікіх сваіх нашчадкаў вялікай справы яму няма. Ляжыць паважна, як леў.

Мой муж таксама леў. Па гараскопе. І таксама любіць паважна паляжаць. Пад парэчкамі — менш, на канапе з пультам ці кніжкай — больш. З сынам асабліва не няньчыцца. Лічыць: усё, што мог, яму даў, у галаву ўклаў. Параду ці дапамогу сын атрымае, калі спатрэбіцца. Астатняму навучыцца сам, праз асабістыя шышкі, сінякі і граблі. Як усе. Інакш немагчыма.

А я? Я — львіца, ваўчыца і мядзведзіца! Рухаюся без шуму, бачу ў цемры, чую здалёк і не сплю начамі! Я — МАМА! Нават калі сабраць з ваколіц усіх клапатлівых котак і курыц-квахтух ды скласці іх на вагі, то і яны не пераважаць: сваё дзіцятка я перанясу цераз любы плот і ўсялякую лужыну. Расчашу, прыбяру і распраўлю хвосцік. Зашпілю гузікі і завяжу шнуркі. Прынясу ежу, падаткну коўдру і правуркачу калыханку. Знайду найлепшых сяброў і настаўнікаў. Расчышчу дарогу, змяту перашкоды і парву ворагаў.

Але чаму, чаму сын не цэніць гэта? Чаму больш цягнецца да таты і бавіць з ім час? Няўжо сам хоча цераз плот лезці? Хоча ўпасці і выпацкаць лапы? Што скажаш, Марго? Ад каго ж маё дзіцятка ўзяло розум і здаровы сэнс?

Котка пазяхнула і скруцілася на падваконні: «Ад цябе. Бацькаў у бацькі застаўся...»

Юльяна Пятрэнка

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.