Вы тут

Фільм Квенціна Таранціна «Аднойчы... у Галівудзе» выходзіць у беларускі пракат


У рэшце рэшт сінефільства Квенціна Таранціна, якога называюць то самым важным з сучасных рэжысёраў, то самым пераацэненым, праявілася не толькі ў цытаванні любімых фільмаў, але і ў сутнасці сюжэта. Кіно як цудоўная, надзвычайная, магічная трансфармацыя рэальнасці альбо нават паралельная рэальнасць, якой можна агарнуцца і насыціцца спаўна, — у карціне «Аднойчы... у Галівудзе» Таранціна прызнаецца яму ў бязмежнай, непадзельнай, адданай любові. Традыцыйна з закручастай гісторыяй, невытлумачальным шыкоўным гумарам і жорсткімі крывавымі сцэнамі, але і з, уявіце такое спалучэнне, пяшчотай, чуллівасцю і сентыментальнасцю.


Дзявяты фільм Квенціна Таранціна, усё ж аднаго з найважнейшых сучасных рэжысёраў, выходзіць у беларускі пракат. Прэм'ера «Аднойчы... у Галівудзе» адбылася на Канскім кінафестывалі — вяртанне Таранціна ў Каны выклікала, вядома ж, ажыятаж, але значных узнагарод фільму не прынесла, толькі Прэмію пальмавага сабакі.

Гэтым разам рэжысёр расказвае пра Галівуд канца 1960-х, калі яго «залатыя» гады засталіся ў мінулым, на пяткі традыцыйнаму амерыканскаму жанру вестэрна наступіў спагеці-вестэрн, і ўся вытворчасць фабрыкі мрояў апынулася напярэдадні вялікіх змен.

У гэтым цалкам рэальным свеце — тут ёсць будучая зорка Брус Лі, знакаміты Сціў МакКуін, нарэшце, рэжысёр «Дзіця Размары» Раман Паланскі і яго жонка Шэран Тэйт перад тым, як яе забілі члены «сям'і» Мэнсан, — галоўнымі дзеючымі асобамі становяцца выдуманыя акцёр Рык Далтан і яго дублёр Кіф Бут. А паколькі апошніх іграюць сусветныя зоркі Леанарда Дзі Капрыа і Брэд Піт, сучасны Галівуд аказаўся інтэграваным у Галівуд 1960-х, і з гэтага атрымалася нешта неверагоднае.

Квенцін Таранціна ў новым фільме і добра знаёмы, і непазнавальны, Леанарда Дзі Капрыа і Брэд Піт выконваюць адны са сваіх найлепшых роляў, Марго Робі, што іграе Шэран Тэйт, увесь час прамяніць, быццам з яе гераіняй нічога не можа здарыцца. Праз фільм у непасціжна трапных, па-таранцінаўску, сцэнах і стылізацыях праходзяць як кур'ёзы кінапляцоўкі ў яе празаічным значэнні, так і зачараванне кіно ў яго самым паэтычным прачытанні.

Рык Далтан і Кіф Бут уяўляюцца цудоўнай парачкай. Першы, пакуль у суседнім доме жыве знак самага «высокага» амерыканскага кіно Раман Паланскі, страчвае заробленую на вестэрнах 1950-х папулярнасць, іграе ў тым ліку ў тэлесерыялах і захрасае ў ролі «дрэннага хлопца». У гэты час Кіф Бут — у жыцці такі, якім Далтан з'яўляецца на экране. Ён спрытна заскоквае на дах, у размове вытрымлівае самаўпэўненыя паўзы, па-сапраўднаму б'ецца з Брусам Лі, трапляе ў — гучаць трывожныя музычныя матывы — рознага кшталту заварушкі і становіцца іх галоўным героем.

Вядома ж, асобным складнікам «Аднойчы...» з'яўляецца спецыфічны гумар Таранціна, бачны нават у тым, як адлюстроўваецца галівудскае і еўрапейскае кіно, і як адно з адным суседнічае: у карціну ўключаны сцэны з фільмаў, дзе здымаўся альбо здымаецца Далтан, што прыносіць асобны тып задавальнення. Рэжысёр паспявае паіранізаваць над кіназоркамі, фемінізмам, італьянцамі, сяброўствам, хіпі, шаблонамі, чаканнямі гледача — літаральна над усім, але пакідае ў фабрыцы мрояў і ў дачыненні да фабрыкі мрояў нейкую непасрэднасць і пяшчоту.

Бачна, самым частым каментарыем да «Аднойчы... у Галівудзе» з'яўляецца маленькая колькасць крывавых сцэн, якімі Таранціна, як бы цынічна гэта ні гучала, упісаны ў аналы. У сваім дзявятым фільме такі экспрэсіўны спосаб выказвання рэжысёр пакідае на кульмінацыю, і яго дазаванасць і своечасовасць спрацоўваюць надзвычайна.

Кульмінацыя і фінал увогуле вырашаюць шмат што: нездарма рэжысёр падводзіць да іх эпізодамі-папярэджаннямі ці сцэнамі-прадвеснікамі, а ў Канах асобна просіць журналістаў і кінакрытыкаў не раскрываць канцоўку ў сваіх матэрыялах. Фінал «Аднойчы... у Галівудзе» — асобная гульня, якая спрацоўвае і на карысць класічных таранцінаўскіх штучак, і на карысць — ужо па-за гумарам — пэўнай сентыментальнасці, і на карысць сэнсаўтваральных ці нават перавытваральных рэчаў. Уся гісторыя і яе фінал — вартае ўвагі адмысловае спалучэнне, такога Таранціна вы яшчэ не бачылі, але ўбачыць павінны.

Дарэчы, і адсутнасць узнагарод Канскага кінафестывалю выглядае лагічнай, бо Квенцін Таранціна даўно перастаў чытацца ў кантэксце фестывальных прызоў: яго кіно стаіць вышэй нават за Залатую пальмавую галіну. «Аднойчы... у Галівудзе», фільм не толькі вялікага рэжысёра, але і, што важна, вялікага сінефіла, паказваецца на вялікім экране з сённяшняга дня.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Загаловак у газеце: Сантыменты Таранціна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».