Вы тут

Хворых на шаленства жывёл стала менш, але яны ўсё роўна ідуць да людзей


Сёлета ў першым паўгоддзі захваральнасць на шаленства сярод драпежных і хатніх жывёл знізілася ў 1,5 раза ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Тым не менш смяротна небяспечная хвароба, якая не вылечваецца, можа напаткаць любога, і важна захоўваць асцярожнасць. Кантактаванне з хворымі на шаленства жывёламі не рэдкасць. У чэрвені жыхар Лепеля знайшоў у агародзе вожыка, прынёс у дом, а звярок яго ўкусіў. Праз два дні вожык памёр. Высветлілася, што ён быў хворы, і мужчыну давялося прайсці курс прышчэпак ад шаленства. Падобны выпадак быў і ў Лёзне. Дзеці знайшлі ў пад'ездзе дома двух лісянят. Аднаго з іх адвезлі ў Віцебскі заапарк, дзе праз два дні жывёла загінула. У яе таксама было шаленства. Людзі, якія прынеслі лісяня, а таксама супрацоўнікі заапарка праходзілі курс вакцынацыі... Пра тое, як засцерагчы сябе і сваіх гадаванцаў ад шаленства, ці можна «на вока» распазнаць хворую жывёлу (і чаму так лепш не рабіць), расказалі спецыялісты.


Дастаткова ўкусу, аслінення ці драпіны

За першае паўгоддзе захваральнасць на шаленства сярод драпежных жывёл знізілася на 1,6 раза, сельскагаспадарчых — на 2,2 раза, хатніх — на 11,5 %, расказала загадчык аддзялення асабліва небяспечных інфекцый Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Анастасія ЛЯШКЕВІЧ. Асноўнай крыніцай шаленства з'яўляюцца хворыя жывёлы, у першую чаргу лісіцы, янотападобныя сабакі, ваўкі. Праз укусы яны заражаюць хатніх жывёл, пераважна сабак і катоў, а на пашах могуць перадаць вірус і скаціне — каровам, коням, авечкам і козам.

— Рызыка заражэння існуе заўсёды, пакуль шаленства ёсць сярод жывёл. Штогод да медыкаў звяртаецца каля 20 тысяч чалавек — каля 500 з іх кантактавалі з жывёламі, якім дакладна ўстаноўлены дыягназ шаленства, — прыводзіць статыстыку Анастасія Ляшкевіч. — Ужо сёлета да ўрачоў звярнулася больш за 11 тысяч чалавек. Амаль 30 % з іх — дзеці да 18 гадоў, і гэта лічба, дарэчы, не мяняецца з году ў год. За шэсць месяцаў зарэгістравана каля 300 выпадкаў кантактавання з жывёламі, у якіх было выяўлена шаленства.

Здараюцца і масавыя кантакты, калі ад укусаў адной хворай жывёлы пакутуюць некалькі чалавек. Сёлета зарэгістраваны 21 такі выпадак, у якіх пацярпелі 170 чалавек, у тым ліку 29 дзяцей.

Вірус шаленства знаходзіцца ў сліне хворай жывёлы, і для заражэння чалавека дастаткова аслінення ці ўкусу, або нават драпіны: рэшткі сліны могуць знаходзіцца на лапах і кіпцюрах жывёлы. Спецыяліст падкрэслівае: па дапамогу варта звяртацца адразу пасля такога кантактавання — чым раней, тым лепш. Некаторыя выпадкі патрабуюць не толькі прышчэпак, але і ўвядзення імунаглабуліну. А рабіць гэта мэтазгодна ў першыя трое сутак.

Шэсць прышчэпак замест сарака

Калі раней пасля ўкусу хворай жывёлы рабілі да сарака ўколаў у жывот, то сёння прафілактыка гэтага захворвання выглядае куды больш гуманнай. Гэта шэсць прышчэпак у дэльтападобную мышцу (на руцэ), прычым уводзіцца нежывая вакцына, якая пераносіцца значна лягчэй. Але спецыялісты папярэджваюць: перарываць лячэнне самастойна нельга ні ў якім разе.

— Звычайна, калі ёсць такая магчымасць, за жывёлай, з якой быў кантакт, на працягу дзесяці дзён назірае ветэрынарная служба. За гэты час хворая гіне, і ёй устанаўліваюць дыягназ, або яна застаецца здаровай. У такім выпадку ветэрынарная служба накіроўвае адпаведнае заключэнне ў медыцынскую ўстанову, дзе чалавек праходзіць антырабічную вакцынацыю. І толькі на яго падставе адмяняецца курс лячэння. За гэты час чалавеку паспяваюць зрабіць тры прышчэпкі, астатнія тры адмяняюць, — тлумачыць Анастасія Ляшкевіч.

Самымі небяспечнымі лічацца ўкусы ў галаву, шыю, твар, канечнасці, асабліва ступні і кісці, геніталіі — месцы, дзе блізка размешчаны нервовыя канчаткі, якія з'яўляюцца праводнымі шляхамі для віруса ў галаўны мозг. У такіх выпадках, як правіла, і прызначаецца ўвядзенне імунаглабуліну.

З выгляду і не скажаш

Каб не было небяспекі заражэння, варта пазбягаць кантакту з драпежнымі і безнагляднымі жывёламі, а хатніх штогод прышчэпліваць. У горадзе і асабліва на дачах нярэдка разгульваюць жывёлы, выгляд якіх дастаткова пашарпаны. Трымацца з такімі жывёламі лепш асцярожна: вызначыць па знешнім выглядзе, хворы сабака на шаленства ці не, часта немагчыма.

— Хвароба можа працякаць у розных формах. Яе класічнымі праявамі з'яўляюцца агрэсіўныя паводзіны, вадабоязь, падціснуты хвост, пена з рота, хісткая хада. Але шаленства мае дзве фазы: агрэсія можа быць кароткатэрміновай і пераходзіць у стадыю паралічоў, калі жывёла робіцца вялая, — тлумачыць дацэнт кафедры інфекцыйных хвароб і дзіцячых інфекцый Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат медыцынскіх навук, урач-інфекцыяніст вышэйшай катэгорыі Мікалай ГАЛАБАРОДЗЬКА.

Калі чалавек не звярнуўся па своечасовую дапамогу і ўсё ж заразіўся, шанцаў у яго няма. У Беларусі выпадкаў заражэння шаленствам не было з 2012 года. Увядзенне імунаглабуліну і вакцынацыя ва ўсіх выпадках даюць добры вынік.

— У літаратуры апісана да двух дзясяткаў выпадкаў, калі людзям удалося выжыць. Але да ўсіх іх ёсць пытанні: ці быў гэта вірус шаленства? — кажа Мікалай Галабародзька. — Выратаваць жыццё можа толькі неадкладна пачатая пасля ўкусу вакцынацыя.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Смяротна небяспечна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».