Вы тут

“Яечня сяброўства” ў Краславе


Дзень беларускай культуры прайшоў у горадзе на Дзвіне-Даўгаве, што ў Латгальскім рэгіёне Латвіі


Шматколернае, арыгінальнае свята прымаў у Краславе замкавы комплекс Плятэраў: там 1 чэрвеня 2019 года ладзіўся Дзень беларускай культуры. Гэта праект Генеральнага консульства Беларусі ў Даўгаўпілсе ў супрацы з Краслаўскаю краявой думай. Маштабную музычна-пазнавальную імпрэзу падтрымалі беларускія суполкі Латгальскага рэгіёну, у тым ліку й Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры. На тэрыторыі велічнага родавага маёнтка Плятэраў, дзе ажывае гісторыя, працуюць сёння Цэнтр турінфармацыі Краслаўскага краю й Міжнародны цэнтр кулінарнай спадчыны, Краслаўскі гістарычны й мастацкі музей, Дом рамёстваў (у рэканструяваных графскіх стайнях), там прыгожы пейзажны парк. У першы дзень лета, які выдаўся гарачым і сонечным, краслаўчане й госці краю маглі пазнаёміцца бліжэй з разнастайнасцю беларускай культуры, звычаяў і традыцый, песнямі й танцамі.

На выставе беларускіх ручнікоў у краслаўскім Доме рамёстваў

Як адзначыў на ўрачыстасці ў Краславе Генконсул Беларусі ў Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў, “Беларускі дзень у Краславе” — гэта складнік такіх праектаў краю, як “Пяць вёслаў” і “За адным сталом”: “Прывабнасць іх у выдатным у сваёй простасці, зразумелым кожнаму пасыле — згуртаваць грамадства праз яго разнастайнасць. Праз разнастайнасць культур, традыцый і звычаяў, праз тую разнастайнасць, якая імкнецца да міру, добрасуседства і ўзаемнага духоўнага ўзбагачэння”.

Тэму садружнасці Беларусі й Латвіі прадоўжыў старшыня Краслаўскай краявой думы Гунарс Упеніекс. Ён падкрэсліў, што на краслаўскай зямлі ў міры й згодзе жывуць прадстаўнікі розных народаў, што знайшло адлюстраванне ў гербе горада — гэта ладдзя з пяццю вёсламі на сінім фоне. Вёслы сімвалізуюць асноўныя нацыянальнасці Краславы: гэта латышы, палякі, яўрэі, рускія, беларусы. Таму Дзень беларускай культуры ў Краславе — новы, цікавы й лагічны праект. Пра важнасць супрацы і развіцця двухбаковых стасункаў Латвіі ды Беларусі, іх прымежных тэрыторый казаў консул Латвіі ў Віцебску Угіс Скуя. З ім пагадзіліся старшыня Глыбоцкага райсавета дэпутатаў Галіна Унуковіч і кіраўнік Беларускага бюро Еўрарэгіёну “Азёрны край” Міхаіл Арэхаў.

Шматлюдна й шумна было ў Доме рамёстваў. Прыгажосць Беларусі бачна была ў прэзентацыйным фільме, а на фоне тых кадраў пад меладычныя беларускія песні ладзіліся разнастайныя майстар-класы: па вырабе лялек-абярэгаў, рэчаў з гліны і свістулек. Яшчэ паказвалі, як рабіць фігурны роспіс на дошчачках, размалёўкі, роспіс па тканіне ды іншыя прамудрасці. На стэндах — матэрыялы аб дзяржаўнай сімволіцы, статыстычныя дадзеныя пра Беларусь, разнастайнія кнігі, буклеты, мапы. Жывую цікавасць у наведнікаў выклікала выстава-прэзентацыя беларускіх ручнікоў з фондаў Даўгаўпілскага ЦБК. У нас у музейным пакоі “Беларуская хатка” экспануюцца аўтэнтычныя нацыянальныя ручнікі з усіх абласцей Беларусі. Сабралі гэты скарб жыхары Даўгаўпілса, сябры беларускай суполкі “Уздым” ды нашыя сябры. Тканыя разнастайнымі ўзорамі ды арнаментамі, аздобленыя карункамі, адбеленыя й накрухмаленыя, вышытыя ўмелымі, працавітымі рукамі мам і бабуль, ручнікі нашы праменяць асаблівае цяпло, выклікаюць настальгію ў тых, хто далучаны да Беларускага Мацерыка. І шмат хто з наведнікаў Дома рамёстваў, асабліва людзі ва ўзросце, цікавіліся калекцыяй ручнікоў, якія мы прэзентавалі. Цікавасць падагравала й гульня: трэба было знайсці на ручніках пэўныя сімвалы-арнаменты. Каму ўдавалася, той атрымліваў прыз ад Генконсульства Беларусі.

У зале Краслаўскага музея зладзілі выставу карцін “Папяровыя сны”, выкананых у тэхніцы выцінанкі — гэта творы вядомай мастачкі, сяброўкі Саюза майстроў народнай творчасці Беларусі Алена Шалімы з Мінска. Некалькі дзён гледачы знаёміліся з рэдкім відам дэкаратыўна-прыкладной творчасці беларусаў.

А ля мураваных будынкаў наведнікі траплялі ў шумную ды вясёлую атмасферу беларускага свята. Там спявалі ансамблі “Накцюрн” Краслаўскага дома культуры і “Аколіца” Дагдскага беларускага таварыства “Вербіца”. Пасля латгальскіх беларусаў выступаў Народны тэатр фальклору “Цярэшка” Цэнтра традыцыйнай культуры й народнай творчасці г. Глыбокае (Беларусь): вясёлыя беларускія песні чаргаваліся з віртуознымі кампазіцыямі гарманістаў. Гледачы падпявалі, прытанцоўвалі, шчодра апладзіравалі артыстам.

Дранікі ад Святланы Стальмачонак

Тым часам у ценю старажытнага парку супрацоўнікі Генконсульства Беларусі рыхтаваліся прэзентаваць беларускую нацыянальную кухню. І першая згадка тут, вядома ж, пра дранікі! Майстар-клас па выпяканні бульбяных бліноў на свежым паветры, на адкрытай жароўні паказвала старшыня Краслаўскага беларускага таварыства “Вясёлка” Святлана Стальмачонак. А як пачалі дэгустацыю, то вельмі шмат ахвочых было паспытаць духмяныя дранікі, ды са смятанай і яечняй, якая нават яшчэ скварчэла. І ўсім хапіла пачастункаў!

Уладзімір Клімаў пачынае гатаваць

Сімвалічным завяршэннем Дня беларускай культуры ў Краславе стаў кулінарны інтэрактыў. Уладзімір Клімаў, Угіс Скуя ды Гунарс Упеніекс, а таксама іх ганаровыя госці разам смажылі “Яечню сяброўства”. Згадаем: як у латышоў, так і ў беларусаў яйка — гэта ж сімвал сонца і адраджэння жыцця. А яшчэ — здароўя, поспеху й багацця, чаго й пажадалі ўсім удзельнікам свята яго арганізатары.

Жанна Раманоўская,  Марыя Памецька,  г. Даўгаўпілс, Цэнтр беларускай культуры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».