Вы тут

І межы нам — не перашкода


Дні славянскай культуры ў Таліне аб’ядналі беларусаў Эстоніі ды Латвіі


Беларусы Даўгаўпілса на экскурсіі ў Таліне

Праца ў беларускіх суполках цікавая й тым, што мы адчуваем сябе сваімі — па ўсім свеце, дзе жывуць нашы супляменнікі-беларусы. На гэты раз нам давялося здзейсніць цікавае падарожжа. 25–26 мая ў эстонскім Таліне ў плыні Дзён славянскага пісьменства й культуры ладзіўся Дзень беларускай культуры “Фарбы Беларусі”. У ім паўдзельнічалі вакальныя калектывы з беларускіх суполак Эстоніі. Асновай жа праграмы — і тое нам асабліва прыемна! — стала выступленне творчых гуртоў Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК): ансамбля народнай песні “Купалінка” ды танцавальнага “Лянка”.

Варта згадаць, што ЦБК даўно й плённа супрацоўнічае з беларускімі суполкамі з Таліна, Нарвы, Маарду. Увогуле, сябраваць — гэта ж заўсёды больш разумнай й прадуктыўна, чым варагаваць… Прадстаўнікі, творчыя гурты з эстонскіх гарадоў бывалі гасцямі на нашым Міжнародным фестывалі “Кірмаш беларускі ў Даўгаўпілсе”.

На гэты раз па запрашэнні Беларускага таварыства “Ялінка” (Маарду), яе кіраўніцы Алены Калягінай майскай суботняй раніцай у Талін адправілася вялікая й прадстаўнічая дэлегацыя ў складзе “Купалінкі” (кіраўнік Вячаслаў Пятроў) і “Лянка” (кіраўніца Марына Медунецкая). Сонейка ды камфартабельны аўтобус, дружная кампанія творчых, пазітыўна настроеных артыстаў спрыялі вандроўцы. І хоць сустрэў нас Талін хмарамі, невялікім дажджом і ветрам, ды настрою тое нікому не сапсавала. Цёплая й прыветная ўсмешка спадарыні Алены Калягінай, арганізатаркі свята, якая сустракала нашу дэлегацыю й прыязна суправаджала ўвесь час, казала: вам тут рады! І ўнікальны будынак Рускага культурнага цэнтра, узведзены ў стылі неакласіцызму, у якім праходзіў канцэрт, настроіў на пазітыўную хвалю. Было жаданне выступіць так, каб усім было хораша.

Адкрываючы святочны канцэрт Дня беларускай культуры, Надзвычайны й Паўнамоцны Амбасадар Беларусі ў Эстоніі Вячаслаў Качанаў казаў пра важную ролю беларускіх суполак замежжа ў зберажэнні культурнай спадчыны беларусаў. Падкрэсліў паяднальную ролю песні ва ўмацаванні сувязяў між людзьмі, арганізацыямі, гарадамі й краінамі. Далей выступалі самадзейныя артысты з беларускіх суполак “Сябры” (Нарва), “Лёс” (Талін), “Ялінка” (Маарду), а потым сцэна больш чым на гадзіну — наша. Праграму склалі так, што час выступу праляцеў непрыкметна. Вясёлыя й лірычныя песні “Купалінкі” чаргаваліся з не менш яркімі ды захапляльнымі танцавальнымі нумарамі “Лянка”. Сольныя песні ў выкананні Віталя Міхайлаўскага й Андрэя Праневіча мяняліся на танцы Валерыя Медунецкага й Людмілы Малыгінай. Яркія, маляўнічыя нумары злучыліся ў адзіную гарманічную палітру лагічнымі ды маляўнічымі звязкамі ў прозе й вершах на беларускай мове вядучай канцэрта Марыі Памецькі.

Заключную песню “Мы вам жадаем” спявала “Купалінка” — і яе дружна падхапілі ўсе ўдзельнікі канцэрту. Публіка падпявала, бурна апладыравала, не хацела адпускаць артыстаў.

Пазітыўны настрой пасля выступлення захаваўся на наступны дзень. Новыя прыемныя ўражанні мы атрымалі ў часе экскурсіі па Таліне, які гарманічна спалучае ў сабе і даўніну, і сучаснасць. Там куткі з рысамі Сярэднявечча (гатычныя дамы, непрыступныя сцены, вузкія вулачкі, старадаўнія будынкі…) суседзяць з сучаснымі вежамі й хмарачосамі, моднымі кварталамі й буйнымі гандлёвымі цэнтрамі. А для творчых гуртоў паездка за мяжу — гэта ж і магчымасць атрымаць новы досвед, завязаць новыя знаёмствы для далейшай супрацы.

Марыя Памецька

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».