Вы тут

У Жыровічах пройдзе круглы стол «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго»


На Гродзеншчыне, у Жыровічах, пройдзе круглы стол «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго» — сярод ключавых мерапрыемстваў Дня беларускага пісьменства, які сёлета ладзіцца ў Слоніме і яго ваколіцах. Нагадаем, што круглы стол — даўняя традыцыя, якая запачаткавана ў 2007 годзе. Арганізатарамі праекта штогод выступаюць Міністэрства інфармацыі, Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура» і Саюз пісьменнікаў Беларусі.


Ужо вядома, што ўдзел у сёлетняй сустрэчы паэтаў, празаікаў, публіцыстаў, літаратуразнаўцаў, крытыкаў, перакладчыкаў прымуць літаратары з Азербайджана, Вялікабрытаніі, Грузіі, Індыі, Казахстана, Кітая, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Сербіі, Узбекістана, Украіны. Шмат хто з гасцей не ўпершыню прыязджае ў Беларусь. Публіцыст, літаратуразнавец, краязнавец, перакладчык Глеб Кудрашоў з Палтавы (Украіна) шмат асабіста робіць для ўмацавання беларуска-ўкраінскіх літаратурных, культурных, увогуле гуманітарных сувязяў. Не меней актыўнай у сваёй увазе да беларускай літаратуры з'яўляецца празаік, перакладчык з Узбекістана Рысалат Хайдарава. Дзякуючы яе намаганням у далёкай ад Беларусі цэнтральнаазіяцкай краіне з'яўляюцца ўсё новыя і новыя публікацыі твораў беларускіх пісьменнікаў у перакладзе на ўзбекскую мову. Сталым удзельнікам круглых сталоў у рамках Дня беларускага пісьменства з'яўляецца дзіцячы пісьменнік з Літвы Яронімас Лаўцюс. Часопіс «Зорачка», які ён рэдагуе ў Вільнюсе, не аднойчы аддаваў свае старонкі беларускай дзіцячай літаратуры. І сам Яронімас Лаўцюс — добра знаёмы беларускаму чытачу аўтар. Многія яго кнігі пабачылі свет у Мінску на беларускай і рускай мовах.

Па традыцыі прыязджае вялікая дэлегацыя з Казахстана — на чале з загадчыкам аддзела аналітыкі і знешніх літаратурных сувязяў Інстытута літаратуры і мастацтва імя М. А. Аўэзава Міністэрства навукі і адукацыі кандыдатам філалагічных навук Святланай Ананьевай. У Беларусі і Казахстана ў апошнія гады з'явілася шмат пунктаў судакранання ў частцы арганізацыі беларуска-казахскіх літаратурных сувязяў. Выходзяць у Алмаце і Нур-Султане, іншых гарадах Казахстана творы беларускіх пісьменнікаў у перакладзе на казахскую мову. Адна са школ горада Мінска носіць імя Мухтара Ауэзава — класіка казахскай літаратуры. За апошнія дзесяць-пятнаццаць гадоў многія казахскія пісьменнікі пабывалі ў Мінску, у розных гарадах Беларусі. Гэта і Мурат Аўэзаў, сын легендарнага літаратара, культуролаг, публіцыст, і Алжас Сулейменаў, і Кайрат Бакбергенаў, і Любоў Шашкова, і Валерый Міхайлаў, і Нурдаўлет Акыш, і шмат хто яшчэ. Што адметна, сустрэчы, дыялогі, дыскусіі, якія адбываюцца на пляцоўцы круглага стала «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго», становяцца своеасаблівай дарогай для наладжвання сувязяў казахстанскіх і беларускіх літаратуразнаўцаў. Пра гэта сведчаць дзясяткі навуковых, навукова-публіцыстычных публікацый у перыёдыцы Казахстана і Беларусі. І сёлета казахскія госці правядуць у Мінску шэраг мерапрыемстваў і па-за рамкамі круглага стала. А гэта — і прэзентацыі, і сустрэчы з літаратурнай моладдзю, іншыя імпрэзы, перамовы. Усё спланавана дзеля таго, каб нашы старонкі, нашы краіны былі бліжэйшыя адна да адной, пашыралі свае адносіны ва ўсіх сферах жыццядзейнасці.

Сяргей ШЫЧКО

Загаловак у газеце: Гасцей чакаюць і з Расіі, і з Вялікабрытаніі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.