Вы тут

Старшыня Палаты прадстаўнікоў сустрэўся з кіраўніком місіі Еўрапейскага саюза


Андрэа Віктарын узначальвае прадстаўніцтва ЕС у Беларусі з верасня 2015 года. У гэтыя дні яна завяршае сваю місію ў нашай краіне ў сувязі з прызначэннем у Арменію. Дыпламат учора развіталася са старшынёй і дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў.


«Вы, напэўна, ведаеце, што вы заўсёды жаданы госць у парламенце Рэспублікі Беларусь, — вітаў кіраўніка Прадстаўніцтва ЕС Уладзімір Андрэйчанка. — І таму мы сёння са шкадаваннем і нават сумам успрымаем тое, што вы завяршаеце сваю місію ў Беларусі. Шкадуем, бо за час вашай работы вельмі шмат зроблена для вываду адносін нашай краіны з Еўрапейскім саюзам на новы, больш якасны ўзровень».

Адносіны гэтыя, лічыць спікер ніжняй палаты, нармалізаваліся, і самае галоўнае — развіваюцца па многіх кірунках. Важна, што за час работы Андрэа Віктарын адбылося шмат візітаў у нашу краіну высокапастаўленых асоб, парламентарыяў Еўрапейскага саюза.

«Вы бралі вельмі актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Беларусі, — заўважыў старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Заўсёды былі на ўсіх дзяржаўных святах, вельмі шчыльна працавалі з рэгіёнамі, дапамагалі ім у выкарыстанні грантаў».

Асобна Уладзімір Андрэйчанка спыніўся на міжпарламенцкіх адносінах. «Вы ведаеце, што нашы адносіны сёння, мякка кажучы, на недастатковым узроўні. Тым не менш наша пазіцыя — іх важна развіваць, знаходзіць пункты судакранання, узаемадзеяння. Няхай нашы крокі наперад будуць невялікія, але іх трэба рабіць больш, — сказаў парламентарый. — Еўрапарламентарыі павінны разумець, што так, ёсць сёння адчувальныя пытанні, якія трэба вырашаць, і мы адкрытыя да гэтай размовы, у тым ліку і па пытаннях адмены смяротнага пакарання. Вы ведаеце, што парламент вельмі шчыльна ў гэтым кірунку працуе, нядаўна збіралася рабочая група Савета Еўропы па Беларусі і Азіі, рыхтуемся праводзіць 27 жніўня ў Беларусі сумесны з сакратарыятам Савета Еўропы семінар. Мы ў гэтым кірунку працуем, не трэба нас прыціскаць, падганяць. Думаю, што патрэбны час, і мы выйдзем на пэўнае рашэнне».

Яшчэ адзін важны аспект узаемаадносін з Еўрасаюзам — гандлёва-эканамічны. ЕС з'яўляецца другім па значнасці рынкам для беларускага экспарту. Летась з краін — членаў гэтага інтэграцыйнага аб'яднання прыцягнута 5,4 мільярда долараў інвестыцый, у тым ліку прамых — 4,6 мільярда долараў. «Мы задаволены інвестыцыйным супрацоўніцтвам з Еўропай, лічым, што сёння найлепшыя тэхналогіі — еўрапейскія, — сказаў Уладзімір Андрэйчанка. — Уся наша мяса-малочная прамысловасць працуе на нямецкім і італьянскім абсталяванні. Мы маем намер развіваць гэта. Вы бачыце, што ў апошнія гады парламент зрабіў шмат намаганняў па абароне замежных інвестараў, у цэлым па развіцці бізнесу ў Беларусі».

За апошні час добра развіваліся і гуманітарныя кантакты, супрацоўніцтва ў сферы спорту. Спікер Палаты прадстаўнікоў нагадаў Андрэа Віктарын яе словы пра тое, што да восені або восенню пагадненне паміж Беларуссю і ЕС аб спрашчэнні візавага рэжыму будзе падпісана і адбудзецца візіт у нашу краіну вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Фредэрыкі Магерыні.

Андрэа Віктарын пагадзілася з тым, што за апошнія чатыры гады адносіны паміж ЕС і Беларуссю прыкметна прасунуліся наперад. «Дзякую вам і кожнаму беларускаму парламентарыю за адкрытасць. Пытанні, якія мы абмяркоўвалі, былі няпростыя, тым не менш вы заўсёды гатовыя да дыялогу, — сказала яна. — У нас было добрае супрацоўніцтва пры абмеркаванні пытанняў правоў чалавека, свабоды сходаў, тэматыкі смяротнага пакарання. Гэтыя тэмы вельмі блізкія для жыхароў Еўрапейскага саюза, і я зноў хачу падкрэсліць вашу гатоўнасць да ўзаемадзеяння».

Прадстаўнік ЕС заявіла: «Мы зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь была свабоднай, незалежнай, суверэннай краінай з квітнеючай эканомікай. Краінай, у якой у павазе правы чалавека, забяспечваюцца прынцып вяршэнства права, дэмакратычныя каштоўнасці. І мы жадаем развіваць супрацоўніцтва ва ўсіх сферах. Еўрапейскі саюз пацвярджае і прызнае канструктыўную пазіцыю, якую Беларусь займае на міжнароднай арэне па пытаннях урэгулявання крызісу ва Украіне. Мы прызнаем ваш унёсак у забеспячэнне міру ў вашым рэгіёне. Мы таксама цэнім супрацоўніцтва Беларусі ў рамках «Усходняга партнёрства» і бачым рост зацікаўленасці Беларусі ў гэтым праекце».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Падзяка на развітанне

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.