Вы тут

Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія адзначае 25-гадовы юбілей


На гэтым тыдні адзначае 25-гадовы юбілей Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь. І калі чвэрць стагоддзя таму ў беларускага тэлебачання была адна «кнопка» і адно правадное радыё, то сёння ў структуры медыяхолдынга — сем тэлевізійных каналаў рознага кірунку, пяць радыёканалаў, пяць абласных тэлекампаній, афіцыйны партал www.tvr.by і асобныя сайты брэндаў, старонкі ў сацыяльных сетках, YouTube-каналы, а таксама спартыўны інтэрнэт-канал «Беларусь 5» і некалькі мабільных праграм, сярод якіх «Навіны АТН».


Фота Анатоля Клешчука.

Безумоўна, пазыўныя «Гаворыць Мінск!» у тэлевізійным эфіры прагучалі значна раней — Мінская тэлестудыя пачала працаваць яшчэ 1 студзеня 1956 года, спачатку 2-3 гадзіны на суткі, паступова павялічваючы аб'ём. Гэтая дата лічыцца днём нараджэння беларускага тэлебачання, але да самастойнага і паўнавартаснага вяшчання яно дарасло значна пазней.

У 1962 годзе пачаўся абмен праграмамі з іншымі рэспублікамі Савецкага Саюза, а з 1974 года ў эфіры з'явіліся каляровыя тэлеперадачы ўласнай вытворчасці. У 1991 годзе Дзяржтэлерадыё БССР было перайменавана ў Дзяржаўны камітэт Рэспублікі Беларусь па тэлебачанні і радыёвяшчанні — і менавіта на яго базе ў жніўні 1994-га Указам Прэзідэнта была створана Белтэлерадыёкампанія. «Звязда» прапануе згадаць, што адбылося на Макаёнка, 9 за 25 гадоў.

З 1993-га кампанія стала паўнапраўным і адзіным у нашай краіне ўдзельнікам Еўрапейскага вяшчальнага саюза, што дало магчымасць абмену праграмамі ўжо не толькі з постсавецкімі, але і з еўрапейскімі краінамі. У прыватнасці, мы пачалі назіраць за «Еўрабачаннем». Праўда, тады беларусы маглі «хварэць» хіба за суседзяў — Расію, Польшчу, Літву, бо дэбют нашых землякоў, дуэта «Аляксандра і Канстанцін», адбыўся толькі праз 10 гадоў.

20 гадоў таму, у 1999-м, выйшаў у эфір наш адказ лацінаамерыканскім мыльным операм — першы нацыянальны тэлесерыял «Пракляты ўтульны дом», які зняў на «Беларусьфільме» рэжысёр Уладзімір Арлоў. Ці помніце — на працягу 34 серый у гістарычнай меладраме расказвалася гісторыя паненкі Саламеі і закаханых у яе ўдзельніка паўстання Кастуся Каліноўскага князя Юзэфа і паручніка царскай арміі Вясніцына...

Адзін за адным у структуры Белтэлерадыёкампаніі з'явіліся ўласныя каналы: галоўны інфармацыйны канал «Беларусь 1» (1992 год; да 2011-га насіў назвы «ТБК», «БТ», «Першы нацыянальны»), сямейна-забаўляльны «Беларусь 2» (2003; да 2011-га — «ЛАД»), спадарожнікавы «Беларусь 24» (2005; да 2013-га — «Беларусь-ТБ»). У 2006 годзе ў папулярнага расійскага федэральнага канала НТБ з'явілася ліцэнзаваная версія «НТБ-Беларусь». У 2013 годзе быў запушчаны сацыякультурны канал «Беларусь 3» і нацыянальны спартыўны «Беларусь 5», у 2015-м — рэгіянальны «Беларусь 4», самастойныя версіі якога выходзяць у 5 абласцях краіны на базе рэгіянальных тэлерадыёкампаній.

Сярод праграм медыяхолдынга хапае «доўгажыхароў», якія трымаюцца ў эфіры шмат сезонаў і нават гадоў: «Калыханка», «Беларуская часінка», «Тэлебарометр», «Добрай раніцы, Беларусь!», «Панарама»... Мабыць, рэч у асаблівай тэлевізійнай магіі?

— Безумоўна, яна існуе, — пагаджаецца тэлевядучая Святлана ПАНКРАТАВА, якую гледачы шмат гадоў ведаюць і любяць як «дзяжурную па надвор'і». — Асабіста я вельмі шчаслівая, што мы з тэлебачаннем знайшлі адно аднаго, што я амаль адразу трапіла ў сваю тэму, з якой працую ўжо шмат гадоў і не страчваю цікавасці. Спадзяюся, калі і пайду з эфіру, то хіба ў чарговы дэкрэт альбо на пенсію (Смяецца).

— Уявіце: вось ужо задзьмутыя 25 свечак на карпаратыўным торце... Што пажадаеце калегам на наступныя 25 гадоў і далей?

— Каб яны рэалізоўвалі свае мары і раскрывалі напоўніцу таленты, якія ў іх ёсць. Каб не страчвалі працаздольнасці, імпэту і аптымізму. Магчымасцяў рэалізаваць сябе на сучасным тэлебачанні шмат — таму прыдумляйце тое, што цікава і карысна вам і гледачам!

Апошняе пажаданне, сцвярджаюць супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі, яны ўжо выконваюць і рыхтуюць для сезона 2019/2020 шэраг новых арыгінальных праектаў.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Дваццаць пяць. Палёт нармальны!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».