Вы тут

Чым займаюцца на варкаўт-пляцоўцы ў Светлагорску


Сёння пляцоўка для заняткаў вулічнай гімнастыкай у Светлагорску — месца, любімае як падлеткамі, так і звычайнымі адпачывальнікамі. Зусім побач знаходзіцца ўладкаваная тэрыторыя, дзе могуць адпачыць матулі з зусім маленькімі дзеткамі. Тут жа і галоўны гандлёвы цэнтр горада, пакупнікі якога часцяком затрымліваюцца ў міні-парку.


А яшчэ пяць гадоў таму ў горадзе ўвогуле не было парка для адпачынку. І, як кажуць чыноўнікі райвыканкама, жыхары проста засыпалі іх скаргамі пра тое, што няма дзе правесці вольны час.

Дарэчы, варкаўт у Светлагорску пачаў развівацца каля дзесяці гадоў таму. Аматарам спорту тады даводзілася займацца гімнастыкай на старых стадыёнах і ў дварах. Маладыя светлагорцы пачалі ездзіць на спаборніцтвы, здымаць відэаролікі пра свой рух і выходзіць да гарадскіх улад з просьбамі ўсталяваць прафесійную пляцоўку. Гэтыя звароты тады ператварыліся ў наказ выбаршчыкаў Галіне Філіповіч, неўзабаве выбранай дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад Светлагорскай акругі № 46.

Спатрэбіліся намаганні не толькі ўлад, хоць менавіта яны зрабілі першы ўнёсак у справу ўладкавання тэрыторыі на перакрыжаванні вуліц Свярдлова і Калініна. Потым прыцягваліся грошы, заробленыя на суботніках. Выкарыстаны былі і сродкі па праграме міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

Вось такім чынам у 2015 годзе да Дня горада была адкрыта пляцоўка для варкаўта. Між іншым цяпер яна выкарыстоўваецца і для правядзення фестывалю вулічных субкультур «Лайф-стрыт» і для іншых шматлікіх спаборніцтваў: па падцягванні на перакладзіне, адцісканнях на брусах і так званым фрыстайле — сілавых практыкаваннях на брусах і турніку.

Цяпер дзеці, якія займаюцца тут, аб'яднаны ў нефармальную групу вулічнай гімнастыкі. Грамадскае аб'яднанне курыруе аддзел спорту і турызму. Пляцоўка знаходзіцца на балансе спартыўнай школы № 2. Ёсць інструктар-метадыст, які дапамагае юным фізкультурнікам.

Галоўнае, што відавочна: пляцоўка карыстаецца попытам. Тут заўсёды многа дзяцей. Не ўсе адразу адважацца зрабіць складаныя спартыўныя практыкаванні, але ж многія спрабуюць. Азарт, з якім займаюцца хлопчыкі, натхняе многіх. Дарэчы, і выразная мускулатура таксама. Так з гледачоў некаторыя паступова пераходзяць у заўзятых прыхільнікаў. Таму ж спрыяюць і спартыўныя мерапрыемствы, якія тут пастаянна праводзяцца. Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Светлагорскага райвыканкама Марына Граюшава расказвае, што ўлады ўважліва адносяцца да ініцыятыў школьнікаў:

— Дзеці прапанавалі правядзенне чэмпіянату па вулічным баскетболе. Праводзіцца ў нас таксама чэмпіянат па аўтагуку і спаборніцтвы для экстрэмалаў на пазадарожніках. Спартыўная пляцоўка для ролераў і скейтбардыстаў была зроблена на набярэжнай Бярэзіны. Ініцыятыва зыходзіла не ад аднаго гараджаніна — заявы ў райвыканкам пісалі і бацькі, і самі спартсмены. Дзеці намалявалі схему і перадалі яе інжынерам мясцовага завода жалезабетонных вырабаў і канструкцый. У выніку пляцоўка атрымалася вельмі папулярная і запатрабаваная сярод людзей розных узростаў. Уся наша работа пабудавана такім чынам, каб любы ініцыятыўны чалавек знайшоў сваё месца і магчымасць увасаблення ідэй.

У Светлагорску, дарэчы, ёсць грамадская арганізацыя «Рэальны свет». Маладыя людзі, якія ў яе ўваходзяць, ужо рэалізавалі некалькі цікавых праектаў пры садзейнічанні міжнародных праграм. «Я такі ж, як ты» — прысвечаны развіццю творчага патэнцыялу ў дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Ініцыятыва «Дзеці — дзецям» была ажыццёўлена ў партнёрстве з Васілевіцкім домам-інтэрнатам. Падлеткі зрабілі аўдыязапіс кніг для дзяцей, якія дрэнна бачаць. Трэцяя ініцыятыва — «Дваровыя перавароты». Валанцёры падкрэсліваюць, што вельмі дзейсны спосаб навучання, калі падлеткі вучаць сваіх равеснікаў. А дэпутат Палаты прадстаўнікоў, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Галіна Філіповіч адзначае, што грамадскія арганізацыі ў Светлагорску ажыццяўляюць свае ініцыятывы разам з органамі мясцовай улады:

— Добра, што не засталіся ўбаку грамадскія арганізацыі і далучыліся да ідэі ўладкавання паркавай зоны. Дзякуючы гэтаму тут з'явіліся новыя пляцоўкі для адпачынку маладых сем'яў з дзецьмі. Важна прыцягваць насельніцтва да рашэння такіх праблем. Гэта дапамагае аб'яднаць намаганні. Цяпер ідуць пазітыўныя водгукі, але ж жыццё не стаіць на месцы, і жыхары горада задаюць пытанні наконт далейшага развіцця і добраўпарадкавання тэрыторый. Будзем разам шукаць магчымасці.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Уздым з пераваротам? Лёгка!

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.