Вы тут

Вучоны Пётр Нікіценка: Я веру ў новую логіку стваральных паводзін чалавека


Год малой радзімы і будучыня Беларусі — тэма гутаркі карэспандэнта «МС» з Пятром Нікіценкам, вучоным і практыкам дзяржкіравання, акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктарам эканамічных навук, прафесарам, экспертам Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН (ЕЭК ААН) па інавацыйным развіцці, стваральнікам беларускай міжнароднай навуковай школы інавацыйнага і наасфернага ўстойлівага развіцця.


Фота Яўгена Пясецкага.

— Пётр Георгіевіч, тэма Года малой радзімы перыядычна ўзнікае ў грамадстве ў розных аспектах. Звычайна агучваюцца падзеі і факты, якія датычацца зробленага, дасягнутага, пэўных планаў на найбліжэйшую перспектыву. Давайце паспрабуем зазірнуць значна далей, адштурхнуўшыся ад ідэй такога ёмістага паняцця, як малая радзіма, пагаварыць пра будучыню краіны ў шырокім сэнсе. Што б вы вылучылі найперш?

— На маю думку, галоўнае, што мы можам і павінны «ўзяць» ад Года малой радзімы, дык гэта агульнымі намаганнямі сфарміраваць нацыянальную ідэю, якая аб'ядноўвала б усіх нас, дапамагла завяршыць стварэнне эканамічна моцнай, духоўна багатай, маральнай Беларусі, у якой рэалізацыя простых і зразумелых усім задач дасягнення годнай зарплаты і пенсійнага забеспячэння насельніцтва ў кожным населеным пункце краіны стала б моцным стымулам для эфектыўнай працы і далейшага разняволення ініцыятывы нашых суграмадзян, вываду эканомікі на якасна новы ўзровень праз укараненне інавацыйных тэхналогій.

А для гэтага варта выкарыстаць патэнцыял кожнай тэрыторыі краіны. Заўважу, ён уяўляе сабой не толькі звыклыя нам прамысловасць, сельскую гаспадарку, фінансы, працоўныя рэсурсы і сродкі вытворчасці, але і прыродныя рэсурсы, інтэлектуальную ўласнасць, іншае нацыянальнае багацце. Беларусь, як вядома, багатая вадой: і мінеральнай, і чыстай пітной. І мы можам сёння толькі на кластары «Вада» забяспечыць дастаткова ўстойлівае развіццё эканомікі.

— Карацей, вы бачыце рэзервы ў кардынальным абуджэнні магчымасцяў чалавека на яго ж карысць?

— Так. Я не раз казаў і паўтаруся зноў: чалавек — гэта галоўная прадукцыйная сіла і носьбіт вытворчых адносін у любой сацыяльна-эканамічнай сістэме. Раней памылкова лічылася, што адукацыя, стварэнне інтэлектуальнага прадукту, мастацкіх твораў, выхаванне дзяцей, хатняя праца не з'яўляюцца прадукцыйнай катэгорыяй. Цяпер поспех развіцця эканомікі краіны, яе рэгіёнаў (там ёсць мясціны, якія мы называем малой радзімай) вызначаецца ўзроўнем і якасцю чалавечага розуму, светапоглядам, ідэалогіяй. Там, у рэгіёнах, наш галоўны рэсурс, прадукцыйная і натхняючая на справы сіла.

— Але часам здаецца, што рэгіёны і цэнтр жывуць нібы кожны па сваіх не бачных звонку правілах. А вы як лічыце?

— Мы ўсе і даўно жывём ва ўзаемазалежным свеце. Кантыненты, вялікія і малыя краіны залежаць адно ад аднаго. І ў нашай краіне рэгіёны і цэнтр таксама ўзаемазалежныя. Ад іх партнёрства, а не жорсткай падпарадкаванасці, адносін у рэжыме «загад-выкананне» будзе шмат у чым залежаць наш паступальны рух наперад.

— А як рэгіёнам і цэнтру стаць паўнавартаснымі партнёрамі? Ці гатовая правінцыя да істотных перамен?

— Неабходна новае мысленне. Прычым як у цэнтры, так і ў не меншай, а, можа, і ў большай ступені на месцах. Рэгіёны на клопаты цэнтра абавязкова адгукнуцца павышэннем эфектыўнасці дзейнасці ў розных сферах, у выніку цэнтр пры такой рэальнай падтрымцы знізу будзе больш паспяхова выконваць свае палітычныя, эканамічныя і адміністрацыйныя функцыі. Увогуле, у нашы дні думка становіцца галоўнай энергетычнай сілай. Праўда, не ўсе вераць у гэта. Пакуль. Але час на баку няўрымслівых, энергічных і прадпрымальных людзей, якія здолеюць грунтоўна пераасэнсаваць звыклыя рэчы, састарэлыя правілы, устойлівыя паняцці, адмовіцца ад стэрэатыпаў.

У гэтым сэнсе наасферная сацыяльна арыентаваная эканоміка (яна ўяўляе сабой новую логіку сацыяльна-эканамічных стваральных паводзін чалавека) можа выступіць у якасці платформы, ролі галоўнага фактара спалучэння інтарэсаў, мэт і задач рэгіёнаў і цэнтра. Наасфера, нагадаю, вывучае ўзаемадзеянне прыроды і грамадства, калі разумовая дзейнасць чалавека набывае вырашальнае значэнне на сучасным этапе развіцця. Наасферу многія вучоныя, у тым ліку і я, лічаць новай, вышэйшай стадыяй эвалюцыі грамадства.

Аднак чамусьці да наасферы ў нас яшчэ ставяцца як да нечага абстрактнага, эфемернага, далёкага ад рэальнай эканомікі, яна нібы знаходзіцца па-за дужкамі сучасных вытворчых адносін. А гэта не так, бо розум чалавека ў новых тэхналагічных умовах дасягае ўсё новых вышынь.

— Напрыклад?

— Прыкладаў шмат. Прыемна і радасна ўсведамляць, што маладымі талентамі багатыя па-ранейшаму і сталіца, і рэгіёны Беларусі. Яны далі нямала знакамітых у свеце ІТ-прадпрымальнікаў. Відаць, не выпадкова вядомая дзелавая амерыканская газета Wall Street journal назвала Беларусь «Сіліконавай далінай» Усходняй Еўропы. І гэта сапраўды так. Сёння ў Беларусі функцыянуе вялікі хаб распрацоўшчыкаў, прадукты і стартапы якіх знаходзяць прызнанне на міжнародным узроўні. Напрыклад, мабільнай праграмай для жаночага здароўя FLO, у развіццё якога інвеставала мадэль з сусветнай вядомасцю Наталля Вадзянава, актыўна карыстаюцца больш за 28 мільёнаў чалавек. На слыху і гучныя здзелкі па набыцці беларускіх стартапаў. Так, напрыклад, карпарацыя Google набыла кампанію ў галіне штучнага інтэлекту AІMatter, Facebook набыў стартап MSQRD, а расійская кампанія Maіl.ru — картаграфічны сэрвіс Maps.me. Я ужо не кажу пра дасягненні Парка высокіх тэхналогій у Мінску. Яшчэ доўга можна пералічваць.

— Дарэчы, унёсак маладых у правядзенне ў Мінску Другіх еўрапейскіх гульняў таксама ўражвае. Наколькі я ведаю, падрыхтоўка знакавых спартыўных падзей для вас справа знаёмая. Ваша ацэнка арганізацыі Еўрапейскіх гульняў у нашай сталіцы?

— Сапраўды, у свой час я меў непасрэднае дачыненне да XXІІ Алімпійскіх гульняў 1980 года ў Маскве. Я, тады кіраўнік Маскоўскага раёна Мінска, быў у ліку тых, хто адказваў за рэканструкцыю спартыўнай і гарадской інфраструктуры для правядзення футбольных матчаў у рамках Алімпіяды. Таму цяпер з цікавасцю сачыў за падрыхтоўкай і ходам ІІ Еўрапейскіх гульняў. Яны прайшлі выдатна, што б ні казалі асобныя нядобразычліўцы, якія далей свайго носа не бачаць.

Плюсы для Беларусі бясспрэчныя: значна палепшыўся імідж краіны ў свеце, рэканструявалі і адрамантавалі спартыўныя збудаванні, дарогі, на новы ўзровень узнялі сэрвіс, грамадскае харчаванне і г. д. Набыты досвед варта ўкараняць у рэгіёнах. Прыемна, што нямала выхадцаў адтуль, якія сталі пераможцамі і прызёрамі Другіх Еўрапейскіх гульняў, частку сваіх прызавых грашовых узнагароджанняў перадалі на ўмацаванне матэрыяльнай базы мясцовых спартыўных школ.

Увогуле, не толькі сталіца Беларусі, але і яе абласныя і нават некаторыя раённыя гарады ў недалёкай будучыні маюць усе шанцы стаць цэнтрамі правядзення еўрапейскіх і сусветных спартыўных спаборніцтваў. І гэта будзе дадатковы стымул для развіцця рэгіёнаў.

— Чым яшчэ цэнтр можа рэальна і без асаблівых фінансавых выдаткаў (грошы ўсім заўсёды і ўсюды патрэбны) дапамагчы рэгіёнам?

— Напрыклад, гарады і райцэнтры рэгіёнаў, нават пасёлкі і аграгарадкі могуць стаць пляцоўкай для дыялогу дзяржаўных структур і бізнес-супольнасці Беларусі па надзённых практычных пытаннях жыцця іх насельнікаў. Скажам, з мэтай дапамагчы наладзіць экспарт іх прадукцыі на тэрыторыі ЕАЭС і тым самым папоўніць мясцовыя бюджэты. Таму неабходны семінары, сустрэчы, пэўныя захады па стварэнні дзейсных інструментаў развіцця бізнесу і ўмацаванні канкурэнтаздольнасці беларускіх вытворцаў з глыбінкі. Напрыклад, актуальным з'яўляецца забеспячэнне прававых механізмаў абароны гандлёвых марак іх прадукцыі ў рамках ЕАЭС ад нядобрасумленных канкурэнтаў.

Нагадаю, сфера інтэлектуальнай уласнасці з'яўляецца прыярытэтнай для еўразійскай інтэграцыі. Таму трэба актыўна працаваць над уніфікацыяй заканадаўства, фарміраваннем цывілізаванага рынку інтэлектуальнай уласнасці на тэрыторыі ЕАЭС, арганізацыяй міжнароднага супрацоўніцтва і іншым. Гэта залежыць не толькі ад прыняцця адпаведных міжнародных дагавораў, але і ад ініцыятывы і паводзін усіх зацікаўленых бакоў, у тым ліку і беларускай бізнес-супольнасці.

—А кадры для рэгіёнаў? Іх там часта не хапае.

— Гэта асобнае і вялікае пытанне. Патрэбны не проста дыпламаваныя кадры, а спецыялісты з наасферным мысленнем. А для гэтага павінна хутчэй перабудоўвацца вышэйшая школа краіны. Трэба мець на ўвазе, што ў 90-я гады ў многіх постсавецкіх рэспубліках (праўда, у нас не ў такой вострай ступені) адбыўся разрыў паміж вышэйшай і прафесійнай адукацыяй. Ён і цяпер адчуваецца. Сёння відавочна, что многія неабходныя эканомікам рэгіёнаў спецыяльнасці не патрабуюць заканчэння ВНУ. Таму наспела патрэба рэарганізацыі ўсёй сістэмы адукацыі, яе максімальнага набліжэння да вытворчасці, іншай гаспадарчай дзейнасці. Пра гэта шмат гаворыцца і мала робіцца.

— Чаму менавіта цяпер узнікла ідэя Года малой радзімы, а не 50—60 гадоў таму? Выпадкова, ці ў гэтым ёсць пэўная заканамернасць?

— Мы 50—60 гадоў таму жылі толькі светлай будучыняй. Аж празмерна, нават хваравіта: пабудова камунізму, скарэнне цаліны, узвядзенне БАМа, марылі пра палёт на Марс і г. д. Жыццём сваіх продкаў мала цікавіліся, сямейныя генеалагічныя дрэвы не малявалі. Ды многім гэтага і не хацелася рабіць, бо сярод блізкіх сваякоў былі рэпрэсаваныя, вязні сталінскіх лагераў, так званыя «ворагі народа». Успамінамі пра іх можна было пашкодзіць кар'еры дзяцей. Ды і радзіма тады была адна на ўсіх: вялікі Савецкі Саюз. Пасля яго развалу сітуацыя змянілася, мы сталі іншыя, нас пацягнула да роднай гісторыі, традыцый, культуры, вывучэння менавіта сваёй малой радзімы. Мы ўвогуле засяродзіліся на стварэнні нацыянальнай беларускай дзяржавы. Вось так паступова і заканамерна прыйшлі да Года малой радзімы. Ён
наўпрост звязаны з будучыняй краіны.

Я, напрыклад, ніколі не забываў пра родныя мясціны. У думках часта звяртаюся да сваей малой радзімы, дакладней Віцебшчыны. Я пастаянна адчуваю повязь з роднымі мясцінамі, нярэдка бачу ў снах Заходнюю Дзвіну, на беразе якой правёў шмат шчаслівых дзён, дзе бавіў вольны час з сябрамі, рыхтаваўся да школьных выпускных экзаменаў, паступлення ў ВНУ. Думкі пра малую радзіму натхняюць, даюць новыя сілы не толькі мне. Упэўнены.

Гутарыў Леанід ЛАХМАНЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».