Вы тут

​Як ствараецца прыгожы ландшафт для камфортнага жыцця ў гарадах і сёлах


Зрабіць мястэчкі Беларусі больш прывабнымі і зручнымі для жыцця і паказаць іх самабытную прыгажосць даволі проста — дастаткова мець жаданне добраўпарадкаваць двор і тэрыторыю вакол дома. А калі разам з запланаваным азеляненнем двароў, рамонтам дарог, стварэннем пляцовак для веласіпедаў і парковак, устаноўкай абсталявання для гульняў на дзіцячых пляцоўках і павелічэннем фінансавання зрабіць гэта ўсё яшчэ і арыгінальна... Нездарма штогадовыя конкурсы на найлепшы горад, двор і падворак, якія праводзяць камунальнікі, робяцца яшчэ больш актуальныя падчас Года малой радзімы, разлічанага на тры гады, і прыцягваюць да стварэння прыгажосці ўсё больш людзей. Ініцыятыва насельніцтва фактычна ўжо можа лічыцца трэцім кірункам работ па добраўпарадкаванні архітэктурных і ландшафтных аб'ектаў нароўні з іх утрыманнем і рамонтам за кошт бюджэтнага фінансавання, мяркуюць спецыялісты жыллёвай і будаўнічай гаспадаркі краіны, якія расказалі, што робіцца для добраўпарадкавання двароў нашых гарадоў.


Фота Ірыны Сідарок.

Больш дрэў, менш кустоў

Будуць саджаць у гарадах у залежнасці ад памераў раслін, якія выкарыстоўваюцца пры азеляненні жылых тэрыторый, устаноў і арганізацый. Буйнапамерныя дрэвы цяпер павінны складаць у раслінным інтэр'еры больш за 20 %, раней — 5 %. Саджанцы сярэдняга памеру — 80 % супраць ранейшых 60 %. А ад маламерных раслін вырашана ўвогуле адмовіцца, хоць раней іх было 3 % у складзе саджанцаў пры азеляненні, расказала Вольга ВЕРАМЕЙ, начальнік галоўнага ўпраўлення горадабудаўніцтва, праектнай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі:

— Правілы добраўпарадкавання і ўтрымання гарадоў і населеных пунктаў скіраваны на стварэнне спрыяльных умоў жыццядзейнасці насельніцтва і фарміраванне экалагічнага, пажарабяспечнага і эстэтычна выразнага асяродку і належнага ўтрымання стану тэрыторый і прапісаны ў розных дакументах. Пастановай Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва ад 25 ліпеня 2019 года № 43 прадугледжваецца ўнясенне змен у ТКП № 69 «Добраўпарадкаванне тэрыторый, азеляненне, правілы праектавання і ўладкавання» і ТКП № 295 «Будаўніцтва, праектная дакументацыя, склад і змест». Гэтымі дакументамі і прадугледжаны патрабаванні да колькасці саджанцаў дрэў.

Змены ў дакуменце абумоўлены тым, што дрэвы і кусты з маленькім дыяметрам ствала досыць складана прыжываюцца. Калі ж дыяметр дрэва сантыметраў дзесяць, і ў расліны сфарміравана карэнне, то ўжо адразу падчас пасадкі будзе бачны завершаны выгляд твора ландшафтнай архітэктуры, які будзе сінтэзавацца з аб'ёмнай архітэктурай: будынкамі і збудаваннямі. А маленькія дрэвы змогуць «паказаць» ідэю архітэктара гадоў праз 20-30. Таму цяпер на жылых тэрыторыях будуць праектавацца і высаджвацца «дарослыя» дрэвы і кусты ў большым аб'ёме, дадала яна.

Падчас вясенняга месячніка ў сталіцы, напрыклад, было высаджана 31 345 дрэў, 74 567 кустоў і больш за мільён кветак, створаны 63 дэкаратыўныя кампазіцыі.

У дакументах таксама ўпершыню дадзена вызначэнне тэрміну «ландшафтная кампазіцыя» з указаннем складу яе элементаў.

— Да ландшафтнай кампазіцыі адносяцца: месцазнаходжанне, рэльеф, насаджэнні, вадаёмы, дарожная сетка, пакрыццё, паркавае звужэнне, малыя формы, — пералічыла Вольга Верамей. — Неабходна аддаць асаблівую ўвагу прынцыпам будавання ландшафтнай кампазіцыі, таму што яна стварае неабходны асяродак, вобраз і камфорт для жыцця.

Грошы насельніцтва і бюджэту

Фота Анатоля Клешчука.

Удзел насельніцтва ў добраўпарадкаванні можна вымяраць як фактычнай работай жыхароў, якую складана ацаніць, так і набыццём за іх сродкі нейкага абсталявання. Існуюць таксама і таварыствы ўласнікаў, якія самастойна добраўпарадкоўваюць сваю тэрыторыю, адлічваючы на гэта грошы на працягу года. Таму дакладна ацаніць, колькі сродкаў ідзе на ўладкаванне тэрыторыі з бюджэту і ад людзей, складана. Тым больш што ініцыятыва насельніцтва ў добраўпарадкаванні з кожным годам павялічваецца, упэўнены Андрэй РАМАШКА, начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ:

— Мясцовым органам улады даручана ажыццяўляць добраўпарадкаванне населеных пунктаў на канкурэнтнай аснове. Работа гэтая вядзецца ў асноўным у двух кірунках. Найперш гэта ўтрыманне аб'ектаў добраўпарадкавання за кошт бюджэтных сродкаў. Другі кірунак — рамонт, у тым ліку падчас капрамонту. У межах стварэння аб'ектаў добраўпарадкавання і іх далейшага ўтрымання немалую ролю адыгрывае ініцыятыва насельніцтва, якая фактычна можа лічыцца трэцім кірункам работ па добраўпарадкаванні. Найбольш актыўна гэта працуе ў дробных населеных пунктах. Асобна адзначу ў гэтым плане Наваполацк, дзе актыўнасць праяўляецца і з боку жыхароў, і з боку ўлад.

Сёлета ўрадам вырашана павялічыць долю работ, якія выконваюцца па добраўпарадкаванні ў межах капрамонту, да 15 % замест існуючых 8 %. За кошт бюджэту летась работ па добраўпарадкаванні і санітарным утрыманні было выканана на чвэрць больш, чым у 2017-м. На гэта пайшло амаль 100 мільёнаў рублёў. Сёлета на добраўпарадкаванне прадугледжана яшчэ больш сродкаў, і тэндэнцыя да павелічэння фінансавання і работ працягнецца, дадаў прадстаўнік міністэрства:

— Конкурс на найлепшае добраўпарадкаванне і ўтрыманне населеных пунктаў, які праводзіць Мінжылкамгас, дазваляе кожнаму мястэчку не толькі ўпрыгожыцца і не страціць тэмп па развіцці, але і атрымаць грашовы прыз, які будзе скіраваны на далейшае добраўпарадкаванне пераможца.

«Зялёны горад»

Фота Анатоля Клешчука.

Каб далучыць мінчан да ўдзелу ў азеляненні прыдамавых тэрыторый, цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама распрацаваў пілотны праект «Зялёны горад разам». Ён утрымлівае зялёную карту сталіцы, дзе з разбіўкай па раёнах нанесены ўчасткі для азелянення, на якіх можна прапанаваць сваю дапамогу. А ўжо ў гэтым месяцы пройдзе агляд-конкурс на найлепшае добраўпарадкаванне, санітарнае ўтрыманне і архітэктурна эстэтычны стан жыллёвага фонду ў намінацыях «найлепшы двор» і «найлепшы праект», паведаміла Валянціна БАРКОЎСКАЯ, намеснік генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі:

— За першае паўгоддзе добраўпарадкавана 385 аб'ектаў з 635. Выкананы бягучы рамонт удасканаленага пакрыцця на плошчы больш за 132 тысячы квадратных метраў пры плане 141 тысяча. Адрамантаваны 54 вонкавыя лесвіцы, 119 кантэйнерных пляцовак, заменена і папраўлена 3448 кантэйнераў для збору цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА), 849 з якіх — для другасных матэрыяльных рэсурсаў. Адрамантавана таксама больш за 27 гектараў газонаў, 17,5 тысячы з існуючых 27 тысяч адзінак дзіцячага абсталявання для гульняў.

Сёлета запланавана выканаць капітальны рамонт 32 двароў, на 12 аб'ектах ужо распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя. Праектамі прадугледжана частковае пераразмеркаванне дваровай прасторы для ўладкавання агароджаных пляцовак і стварэння месцаў для захоўвання ровараў.

— На санітарнае ўтрыманне дваровых тэрыторый выдзелена больш за 28 мільёнаў рублёў, на добраўпарадкаванне аб'ектаў — больш за 10 мільёнаў. На добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый падчас капрамонту — 3 мільёны 800 тысяч рублёў. Гэтых сродкаў было недастаткова, мы пастаянна прасілі дадатковае фінансаванне, — заўважыла Валянціна Баркоўская. — На ямачны рамонт, напрыклад, дадаткова было выдзелена больш за два мільёны рублёў. Налета грошай будзе патрэбна яшчэ больш, бо з'яўляюцца новабудоўлі, частка двароў і жылых дамоў, якія належаць таварыствам уласнікаў і жыллёва-будаўнічым кааператывам, пераходзіць на абслугоўванне камунальнымі службамі.

Матываваныя здзіўляюць

Фота Анатоля Клешчука.

Фота Анатоля Клешчука.

Мінская вобласць таксама ўдзельнічае ў конкурсах ЖКГ. Больш за тое, Мінскі абласны саюз ветэранаў зацвердзіў палажэнне аб тым, каб з мінулага года праводзіць конкурсы па вызначэнні ў дварах вобласці найлепшага пад'езда і найлепшага прыватнага падворка, падзяліўся Андрэй ШУЛЬГА, намеснік генеральнага дырэктара па камунальнай гаспадарцы ЖКГ Мінскай вобласці:

— Людзі за ўласныя сродкі добраўпарадкоўваюць гэтыя месцы настолькі прыгожа, што здзіўляешся, на што здатныя жыхары, калі яны матываваныя. У буйных гарадах і населеных пунктах, якія маюць горадаўтваральныя прадпрыемствы, работа па добраўпарадкаванні тэрыторыі вядзецца з прыцягненнем спонсарскай дапамогі.

На ўладкаванне Мінскай вобласці сёлета затрачана ўжо 1 мільён 275 тысяч рублёў, і доля сродкаў на добраўпарадкаванне падчас капрамонту пры гэтым вагаецца ад 2 да 5 %. Падчас рэспубліканскага суботніка прадпрыемствамі ЖКГ наведзены парадак у 1912 дварах. Адрамантавана 234 адзінкі спартыўнага і гульнявога абсталявання, заменены пясок у 243 пясочніцах, адрамантавана і заменена агароджа на 34 пляцоўках, адрамантавана каля 22 дваравых прыбіральняў, каля 400 квадратных метраў пешаходных сцежак, устаноўлены 33 кантэйнерныя пляцоўкі для збору смецця і адрамантаваны 158. Сёлета ў Барысаве, напрыклад, плануецца адрамантаваць да Дажынак 198 двароў з прыцягненнем сродкаў прадпрыемстваў. Тое ж адбываецца ў Жодзіне, Салігорску, Маладзечне. А па даручэнні Прэзідэнта пасёлак Чырвоная Слабада ў Салігорскім раёне і пасёлак Радашковічы ў Маладзечанскім вызначаны як аграгарадкі, якія неабходна ўладкаваць па прыкладзе пасёлка Копысь. Так што работа па добраўпарадкаванні адной вялікай радзімы праз упрыгожванне мноства малых працягваецца агульнымі намаганнямі дзяржавы, прадпрыемстваў і людзей.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Ініцыятыва вітаецца!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Доктар Камароўскі: Паглядзіце, як елі нашы продкі. І выжылі

Доктар Камароўскі: Паглядзіце, як елі нашы продкі. І выжылі

Ён даў парады наконт харчавання і не толькі.