Вы тут

Гісторыя белай сукенкі


На гэты ўбор я звярнула ўвагу адразу, як толькі ўбачыла яго на картачцы. Сяброўка, што жыве ў Берліне, даслала здымкі з першага прычасця старэйшай дачкі. На ім наша Маша вылучалася сярод дзяўчатак менавіта сукенкай — вакол былі пышныя белыя «прынцэсіны», а гэта выглядала больш строгай, даўгаватай — крыху ніжэй за калена, і колер мела не іскрыста-снежны, а хутчэй слановай косткі. Адным словам, старамодная. Але чамусьці прыгадалася блокаўскае «...белое платье пело в луче» — нават на фота ўгадвалася, што звычайная дзіцячая сукенка мае адметную цікавую гісторыю.


joom.com

У сваіх прадчуваннях я не памылілася. Праўда, Блок са сваім кранальным сімвалізмам тут аказаўся зусім недарэчы. Але ў гэтым невялікім кавалку тканіны, калі задумацца, дзівосным чынам увасобілася сапраўдная, рэальная найноўшая гісторыя Еўропы.

«Як ты думаеш, што гэта за матэрыял?» — ужо ў берлінскай кватэры працягнула мне тую сукенку сяброўка. Навобмацак тканіна была мяккая, але на дзіва трывалая. «Шоўк? Але нейкі ён занадта шчыльны...» — «Правільна, бо гэта не звычайны шоўк, а парашутны. Гэта быў парашут амерыканскага лётчыка, які скокнуў з падбітага самалёта і, пэўна, уратаваўся, а парашут павіс на дрэве...» Было гэта ў 1945-м, на самым захадзе Германіі, там, дзе зусім побач Францыя і Люксембург — да славутага мястэчка Шэнген нейкіх пятнаццаць хвілін язды на машыне. Мясцовыя сяляне пайшлі нарыхтоўваць дровы і здалёк заўважылі вялікае белае палатно, што звісала з верхавіны. З цяжкасцю, але сцягнулі яго на зямлю, падзялілі паміж сабой, разрэзаўшы на чатыры кавалкі. Пэўна, вельмі радаваліся такой неспадзяванай здабычы — пасляваенны час не быў лёгкі ні для пераможцаў, ні для пераможаных.

Як распарадзіліся той парашутнай тканінай іншыя сем'і — невядома. А ў нашым выпадку адрэз паклалі ў шафу, каб выкарыстаць для нейкай асаблівай нагоды. І калі праз пяць гадоў дзесяцігадовай унучцы Марыі настаў час ісці да першага прычасця ў белай сукенцы, а сукенкі не было і пашыць яе не было з чаго — у невялікай вёсцы жылі па-ранейшаму бедна, — тут нехта і ўспомніў пра амерыканскі «падарунак». Прычасце было ўжо назаўтра, швейнай машынкі не было, але цётка дзяўчынкі за ноч пры святле свечкі ўручную пашыла-такі ёй убор. Прычым паспела прышыць і маленькія гузічкі, і хвальбонкі на грудзях парабіць. Сукенка ў дзяўчынкі была самая прыгожая сярод равесніц.

Больш яе ніхто ні з якой нагоды не надзяваў. Але гаспадыня беражліва захоўвала сукенку, спадзеючыся, што яе дачка пойдзе на сваё першае прычасце менавіта ў гэтым убранні. Не атрымалася — нарадзіліся тры сыны. Але потым з'явілася ўнучка, таксама Марыя. Гэта цудоўная дзяўчынка з блакітнымі вачыма і светлымі доўгімі валасамі — сапраўднае дзіця еўрапейскага «пакалення Z».
У свае дзесяць з невялікім яна выдатна валодае трыма мовамі — свабодна размаўляе і піша на рускай, нямецкай і французскай. Загарэлася ідэяй вывучыць беларускую, бо, як разважае Маша зусім па-даросламу, маючы беларускі пашпарт, трэба ведаць і мову нашай краіны. Здаецца, усюды, дзе бывае (а яе сям'я шмат падарожнічае), яна пачувае сябе сваёй, абсалютна не саромеецца ў стасунках з чужымі людзьмі, лёгка пераскоквае з адной мовы на другую, а калі не хапае слоў, дадае жэсты і ўсмешку. Пры гэтым вельмі ўразлівая — сёлета ўпершыню трапіла ў наш музей Вялікай Айчыннай і ў зале, прысвечанай ахвярам фашызму, так горка плакала, што мы вымушаны былі адтуль хутчэй сысці. А на балеце — мы глядзелі ў нашым Вялікім «Рамэа і Джульету» — яна ўвесь спектакль праседзела, амаль не паварушыўшыся, шырока раскрытымі захопленымі вачыма гледзячы на сцэну. Як і ўсе дзяўчынкі яе ўзросту, Маша вельмі любіць новыя ўборы, уважліва сочыць за падлеткавай модай. Але на сваё першае прычасце — ішла на яго не па абавязку, захацела сама — з ахвотай надзела бабуліну нямодную «парашутную» сукенку.

Такога развіцця падзей, напэўна, не маглі ўявіць ні яе прабабуля, якая ў беларускай вёсцы хавалася за комінам на гарышчы ад фашыстаў, што адлоўлівалі моладзь, каб звезці ў рабства, ні яе прадзед, якога адарвалі ад сялянскіх клопатаў і сям'і, прызваўшы ў войска вермахта і закінуўшы служыць у Афрыку, ні той амерыканскі лётчык, які, ратуючыся з падбітага самалёта, пакінуў на дрэве каля нямецкай вёскі вялікі кавалак надзвычай трывалага белага шоўку. Жыццё расставіла ўсё па сваіх месцах. Дзяўчынка з беларускімі і нямецкімі каранямі ў гэтым дзіўным амерыканскім адзенні, якая ідзе ў храм, — ці не ёсць гэта сімвал памяці, згоды і даравання? Тых паняццяў, кіруючыся якімі, наш такі супярэчлівы і такі разнастайны шалёны свет усё-ткі можа неяк абысціся без вайны.

Машына сукенка, беражліва вымытая, адпрасаваная, цяпер вісіць у яе шафе. Чакае, калі народзіцца і падрасце новая гаспадыня — дачка ці ўнучка сённяшняй. Дасць Бог, дазволяць людзі — дачакаецца. Парашутны шоўк — тканіна надзвычай трывалая.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».