Вы тут

За перамогу на «Спораўскіх сенакосах — 2019» будуць змагацца і жаночыя каманды


Галоўнай падзеяй экалагічнага фестывалю, які пройдзе ў гэтую суботу ў вёсцы Высокае Бярозаўскага раёна, стане XІІІ чэмпіянат па ручной касьбе. Больш за 20 камандаў з розных абласцей Беларусі заявілі пра свой удзел у гэтым цікавым спаборніцтве. Выйдуць на пакос і прадстаўніцы трох жаночых камандаў, сярод якіх і супрацоўніцы Бярэзінскага біясфернага запаведніка Вольга Маскалёва і Наталля Фралова.


Фота Наталлі Трацэўскай.

— У спаборніцтвах па ручной касьбе прадстаўнікі запаведніка — як мужчыны, так і жанчыны — удзельнічаюць каля 15 гадоў, — расказала Вольга Маскалёва. — Пачыналі яшчэ ў 2004 годзе з падобнага чэмпіянату ў Польшчы, а потым дырэктар заказніка «Спораўскі» Вадзім Пратасевіч запрасіў у Высокае.

Як чалавек вясковы Вольга і да чэмпіянату ўмела карыстацца касой. Але спачатку яна, як і некаторыя іншыя ўдзельнікі, касіла траву адна і на «льготных» умовах (на меншай дыстанцыі). Калі ж сабралася каманда, вырашылі змагацца за прызы нароўні з мужчынамі (на што адважваліся не ўсе) — і не пашкадавалі пра гэта.

І ў апошнія гады, нягледзячы на складанасць сенакосу на балоце, усё больш жанчын імкнуцца праверыць свае сілы ў спаборніцтвах. Таму і прызы заваёўваць стала больш складана. Але, па словах Вольгі Маскалёвай, «Спораўскія сенакосы» — гэта не толькі змаганне за прызы, але і сустрэча з сябрамі, якімі сталыя ўдзельнікі чэмпіянату сталі за гэтыя гады.

— Сёлета бяром на «Спораўскія сенакосы» сваіх дзяцей, каб і яны адчулі атмасферу свята, што пануе на фестывалі, — падзялілася Вольга Маскалёва.

* * *

Змагацца за перамогу будуць і падчас футбола на балоце, які праходзіць у заказніку шосты год запар.

Для гасцей экафестывалю арганізатары падрыхтавалі насычаную забаўляльную праграму. Так, ахвотныя змогуць прайсціся па экалагічнай сцежцы, маршрут якой пракладзены па балоце, паназіраць за птушкамі на спецыяльна абсталяванай пляцоўцы, пракаціцца на конях, палётаць на дэльтаплане ці паветраным шары.

Згодна з правіламі чэмпіянату, камандам неабходна на час (залічваецца і чысціня ўкосу) пракасіць паласу шырынёй 3 м і даўжынёй 100 м. Па выніках каманднага першынства найлепшыя касцы стартуюць у асабістым заліку на 100-метровай дыстанцыі з шырынёй пракосу 1,5 м.

Праект «БЕЛМЕД» (фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя) прэзентуе 35 мясцовых ініцыятыў, якія сталі пераможцамі трох конкурсаў «Будзь здаровы!». Запланаваны навучальныя, спартыўныя і творчыя мерапрыемствы: турнір дваровых гульняў, майстар-класы па скандынаўскай хадзьбе і гімнастыцы, асновах бяспечнай жыццядзейнасці, здаровым харчаванні, маляванні пяском і роспісе па шкле.

Завершыць мерапрыемства канцэрт з удзелам папулярных беларускіх выканаўцаў Тэа, кавер-групы «Мята», групы «Цягні-Штурхай» і іншых творчых калектываў.

Дабрацца з райцэнтра да месца свята можна будзе бясплатна — адмысловыя аўтобусныя рэйсы адправяцца 10 жніўня з Бярозы ў Высокае.

Чэмпіянат па ручной касьбе «Спораўскія сенакосы» праходзіць на тэрыторыі рэспубліканскага біялагічнага заказніка «Спораўскі» з 2006 года. Гэта не толькі цікавае, але і карыснае для прыроды мерапрыемства. Дзякуючы ачышчэнню нізінных балот ад зарастання травой і хмызняком на гэтых участках пачынаюць гнездавацца рэдкія птушкі, у тым ліку і глабальна пагражаемы від — вяртлявая чаротаўка.

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Дзяўчаты, на пакосы!

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».