Вы тут

Тэмпы ўборкі ўраджаю і паказчыкі прадукцыйнасці культур вышэйшыя за леташнія


Гэта стала магчыма дзякуючы прынятым на найвышэйшым узроўні і на месцах рашэнням, высокай прафесійнай гатоўнасці кадраў і іх самаадданай працы — такое меркаванне выказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль ЯДЛОЎСКІ.


«Збожжавых убрана 75 працэнтаў і намалочана больш за 5 мільёнаў тон збожжа. Гэта на 31 працэнт больш, чым у гэты час летась. Плюс 4,5 цэнтнера з гектара перавышэнне ўраджайнасці. Пры гэтым тэмпы ўборкі на 13 працэнтаў вышэйшыя, чым у мінулым годзе. Адпаведна і пастаўкі збожжа ідуць лепш (на 23 працэнты) — ужо 66 працэнтаў збожжа дзяржаве. Мы ўпэўненыя, што сёлета харчовае збожжа будзе пастаўлена ў поўным аб'ёме, і прадпрыемствы хлебапякарнай і перапрацоўчай прамысловасці недахопу адчуваць не будуць», — паведаміў на прэс-канферэнцыі ў сераду Васіль Ядлоўскі.

Ідзе актыўная ўборка льнотрасты. Тут таксама тэмпы і паказчыкі вышэйшыя за леташнія: выцераблена на 30 працэнтаў больш лёну, а ўраджайнасць вырасла на 49 працэнтаў.

Паралельна нарыхтоўваюць і травяныя кармы. Скошана 80 працэнтаў траў другім укосам, нарыхтавана на пяць працэнтаў больш кармавых адзінак.

«Прыняты і іншыя меры, якія дазваляюць забяспечваць і падтрымліваць дастаткова высокую гатоўнасць збожжаўборачных камбайнаў і зернесушыльных комплексаў — на ўзроўні 94—97 %», — адзначыў прадстаўнік міністэрства.

Пра спецыфіку і асаблівасці ўборачнай кампаніі ў cталічным рэгіёне расказаў намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сяргей ПРЫМАЧЭНКА: «І прафсаюзны абласны камітэт, і камітэт па сельскай гаспадарцы гэту работу адсочвае. Людзі стараюцца працаваць і ведаюць, за што працуюць. Гэта ляжыць у аснове ў Мінскай вобласці. Кожны механізатар, кожны камбайнер ведае, колькі ён зарабляе».

Тэмп уборкі ў Мінскай вобласці складае да пяці працэнтаў штодзённа.

«Усяго ў нас тысячнікаў 373 экіпажы. 23 з іх пераадолелі планку ў дзве тысячы тон. Найбольш радуе, што 18 маладых экіпажаў пераадолелі планку ў тысячу і адзін экіпаж пераадолеў планку ў дзве тысячы», — ганарыцца вынікамі Сяргей Прымачэнка.

Спецыяліст падкрэсліў, што важная задача для вобласці — якасна і паўнацэнна нарыхтаваць кармы. Для гэтага на Міншчыне створаны ў тым ліку міжгаспадарчыя атрады. Прынцып работы такі — у адной гаспадарцы бяруць касілку, у другой граблі, у трэцяй прэс. Яны комплексна працуюць па трох гаспадарках, калі наступіла фаза ўборкі.

Прадстаўнікі прафсаюзаў праводзяць маніторынгі выканання ўмоў аховы працы, санітарных нормаў, забеспячэння гарачым харчаваннем. Прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу за прадуктыўную працу ўзнагародзіў больш за 3100 механізатараў. У краіне вызначылі ўжо пяць экіпажаў, якія пераадолелі рубеж у 3000 тон.

«Сёлета ва ўборцы ўраджаю ўдзельнічаюць 59 жанчын-механізатараў. Яны альбо самі за штурвалам, альбо побач з ім, — расказаў Мікалай ЛАБУШАЎ, старшыня Рэспубліканскага камітэта прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу. — Такога ў свеце няма, каб жанчына была за штурвалам камбайна».

Усяго, па словах Васіля Ядлоўскага, у краіне плануюць сабраць каля 8,5 мільёна тон збожжа разам з кукурузай у бункернай вазе. Калі ўлічваць сялянска-фермерскія гаспадаркі, прыватны сектар (там плануецца сабраць каля 400 тысяч тон збожжа) і ўжо намалочаныя 600 тысяч тон рапсу, выйдзе лічба ў 9,5 мільёна тон.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Калектыўная дапамога, экіпажы-тысячнікі і жанчыны за штурвалам

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.