Вы тут

Дырыжор Аляксандр Хумала: Я павінен помніць пра норму па запаўняльнасці залы...


Пакуль у сталічным Верхнім горадзе гучаць суботнія «класічныя» канцэрты, мы запрасілі на сустрэчу галоўнага дырыжора капэлы «Санорус» Аляксандра Хумалу. З адным з самых прадстаўнічых маладых беларускіх музыкантаў, за плячыма (і на плячах) якога ў тым ліку Ротэрдамская кансерваторыя і надзвычайны міжнародны досвед, мы пагаварылі пра сферу акадэмічнай музыкі ў Беларусі і ўспрыманне класікі публікай.


— У мінулую суботу капэла «Санорус» выступіла на фестывалі «Класіка ля Ратушы», дзе найлепшыя калектывы даюць канцэрты пад адкрытым небам, а публіка можа бясплатна паслухаць акадэмічную музыку. Вядома, такі папулярны фармат здольны павялічыць колькасць прыхільнікаў класікі і ўпрыгожыць гарадское жыццё, але ці не абясцэньвае ён ва ўсведамленні людзей акадэмічную, «элітную», музыку?

— Ореn аіr канцэрты класічнай музыкі папулярныя ва ўсім свеце, у першую чаргу ў ЗША, дзе ў вялікіх і маленькіх гарадах кожны ўік-энд арганізуюцца пікнікі з аркестрамі — у асноўным духавымі, часам сімфанічнымі, гэта могуць быць і проста рэчыталы. Такі фармат заявіў пра сябе даўно, але для Беларусі застаецца ноу-хау: у нашых гарадах пакуль рэдка пачуеш жывую музыку, што, вядома, уплывае на іх успрыманне. Не згаджуся, што падобныя івэнты могуць прыцягнуць да класікі, мне падаецца, з тых, хто пачуе музыку на вуліцы, свядома ў канцэртную залу пойдзе толькі пара чалавек і тое на ўзроўні арыфметычнай хібнасці. Такія канцэрты для людзей — перш за ўсё прыемнае баўленне часу, што нядрэнна, бо можна не проста прагуляцца, але і атрымаць ад прагулкі карысць. Калі ў цягніку ці ў самалёце адкрыць кнігу Дастаеўскага, час у дарозе не пройдзе дарэмна, прычым гэта не абясцэніць пісьменніка. Класічная музыка таксама не абясцэніцца праз ореn аіr канцэрт: яна ўвогуле самадастатковая і не мае патрэбы ў тым, каб завабліваць людзей. Завабліваць мусіць эстрадная, поп- і рок-музыка, а сапраўдныя рэчы — не. Сапраўдная кніга не «крычыць»: «Вазьмі мяне і прачытай» — вы самі дацягваецеся, адкрываеце і пачынаеце чытаць, напрыклад «Вайну і мір».

— То-бок паняцце «індустрыя» і класічная музыка несумяшчальныя?

— Ва ўсім свеце акадэмічная музыка, як і любая іншая, з'яўляецца часткай шоу-бізнесу: людзі ўкладваюць сродкі ў яе развіццё і зарабляюць на гэтым. Але калі гаварыць пра структурнае стаўленне да музыкі — яна не мае патрэбы ў прасоўванні. Творы Баха, адны з найлепшых і найцікавейшых у свеце, пасля яго смерці не выконваліся сто гадоў — пра іх проста забылі і ў рэшце рэшт знайшлі ў кутах старых бібліятэк.

— А ў Беларусі паняцце «індустрыя» мае нейкае дачыненне да сферы класічнай музыкі?

— Хоць у пытаннях беларускага рынку я выступаю хутчэй у якасці прафана, магу сказаць, што ён знаходзіцца на зародкавым узроўні — гэта датычыцца і класікі, і папулярнай музыкі. Мне незразумела, як мы збіраемся канкурыраваць з усім светам, калі не вытрымліваем параўнання нават з Украінай і Расіяй. Папулярная музыка лягчэйшая для ўспрымання, гэта музыка фаст-фуду, яе не трэба «гатаваць» і «пераварваць», таму лягчэй узяць у абарот і атрымаць фінансавую аддачу. Але ж мы ходзім у добрыя рэстараны, дзе спецыяльна для нас добры повар гатуе добрую ежу, таму хоць з акадэмічнай музыкай і складаней, на ёй ва ўсім свеце таксама робяць грошы. Наша праблема ў тым, што ў краіне амаль адсутнічаюць менеджары культуры, а тыя нешматлікія, хто займаецца музыкай, часта прасоўваюць не культуру, а сябе, таму апроч ролі менеджара выступаюць у якасці экспертаў, хоць ніякага ўяўлення пра музыку могуць і не мець.

— Шмат класікі ў нашым жыцці застаецца на фоне — у рэкламе, рынгтонах, як ненавязлівае суправаджэнне на рознага кшталту мерапрыемствах. Вам не здаецца, што на фоне яе больш, чым у свядомым спажыванні?

— Я параўноўваю гэта з «разумнымі» цытатамі з літаратурных твораў у сацсетках — вытрымкамі з Чэхава альбо Антуана дэ Сент-Экзюперы накшталт «Мы ў адказе за тых, каго прыручылі». Гэтыя цытаты вырваныя з кантэксту, у наш час лягчэй прачытаць адну фразу і пабегчы па справах, бо каб яе знайсці, трэба адолець цэлую кнігу. Класічная музыка на фоне гучыць як цытата і нічога агульнага з поўным творам не мае. Выказванне вядомага пісьменніка, магчыма, і застанецца ў галаве на найбліжэйшую гадзіну, але хутка вылеціць, вы яго забудзеце, для вашага жыцця яно не прынясе ніякай карысці. Тое ж самае з класічнай музыкай: рынгтон сальецца з шумам натоўпу, а дзякуючы сімфоніі вы перажывяце цэлую гісторыю.

— У нас не так шмат месцаў, дзе выконваецца класіка: адна філармонія, два музычныя тэатры, некалькі фестываляў і асобныя ініцыятывы. Капэла «Санорус» неяк іграла «Месячнага П'еро» Шонберга, што ў нашай краіне гучала ўпершыню. Наколькі поўна тое, што выконваецца ў Беларусі, адлюстроўвае пласт акадэмічнай музыкі?

 

— Прафесійныя калектывы кіруюцца не толькі тым, што хочацца іграць: краевугольным каменем з'яўляецца фінансавае пытанне, то-бок разлік на тых, хто набудзе білеты. «Месячны П'еро» — архіскладаны твор, я думаў, што выступленне будзе правальным, але на яго прыйшло столькі людзей, што мы арганізавалі другое і зноў адыгралі перад поўнай залай. Тут трэба мець смеласць і рызыкаваць, а, напрыклад, у Маскве, дзе я шмат працую, з рызыкай ніхто не звязваецца: арганізатары павінны быць упэўненыя ў тым, што публіка прыйдзе на канцэрт, таму кіруюцца звычайным рэпертуарам і запрашаюць зорак. Сучасная акадэмічная музыка ў Маскве таксама іграецца, але ў большасці выпадкаў — чарговы раз Чайкоўскі, чарговы раз Вердзі, чарговы раз Брамс. У нас іграюць класічны рэпертуар, нашмат радзей беларускую акадэмічную музыку і яшчэ радзей сучасную акадэмічную музыку, хоць сучасная яна толькі ўмоўна, бо створанае 10—20 гадоў таму новым больш не з'яўляецца. Праблемай мне падаецца і тое, што некаторых аўтараў, якія маюць дачыненне да Беларусі, мы баімся іграць і прасоўваць як сваіх. Папулярнай зараз стала музыка Маісея Вайнберга, які лічыцца польскім і расійскім кампазітарам, але ніхто не ўспамінае, што прафесійныя асновы ён атрымаў у Беларусі, калі тры гады вучыўся ў роданачальніка нашай кампазітарскай школы Васіля Залатарова. Мы не ўспамінаем, што ў Шастаковіча ёсць беларускія карані, і баімся сказаць, што Манюшка — беларускі кампазітар. Дык вось калі я хачу сыграць «сучаснага» кампазітара накшталт Шонберга, я павінен помніць пра норму па запаўняльнасці залы і быць упэўнены, што 75 працэнтаў білетаў будзе раскуплена, а я ў гэтым не ўпэўнены.

— Капэла «Санорус» — дзяржаўная ўстанова, а ці магчымыя ў нас іншыя формы існавання для музычнага калектыву такога маштабу?

— Магчымыя, але па антрэпрэнёрскай сістэме, калі музыканты аб'ядноўваюцца вакол пэўнага праекта. Гэта вядомы фармат, і ён у нас выкарыстоўваецца. «Санорус» — пастаянны калектыў з пастаянным «месцам жыхарства», рэпетыцыямі кожны дзень, канцэртна-гастрольным планам, планам па запаўняльнасці залы і дзяржаўным фінансаваннем.

— Шмат беларускіх музыкантаў з'язджаюць самарэалізоўвацца за мяжу, і многія з іх сапраўды дасягаюць поспеху. Вы ж маеце шырокую карту выступленняў, але застаяцеся ў Беларусі. Раскажыце, на якія перспектывы ў нашай краіне могуць разлічваць маладыя музыканты?

— Важна, які поспех маецца на ўвазе. Фінансавага поспеху многія нашы музыканты сапраўды дасягаюць менавіта за мяжой — канешне, для гэтага трэба сур'ёзна працаваць, грошы не льюцца проста так быццам з рога дастатку, але прынамсі магчымасць зарабіць ёсць. Калі ты на тым жа ўзроўні сыграеш адзін і той жа канцэрт у Беларусі і ў Польшчы, там заробіш у некалькі разоў больш, і гэта, вядома ж, несправядліва. Таму музыканты з'язджаюць і вінаваціць іх у гэтым нельга. Што датычыцца міжнароднага прызнання, для гэтага не абавязкова з'язджаць: шмат музыкантаў жыве ў Беларусі і мае пры гэтым міжнародную вядомасць. Праўда, атрымаць яе складана, бо за мяжой вялікая канкурэнцыя, а ў музычных гарадах накшталт Вены, Парыжа, Лондана яна проста шалёная. Але ёсць і лакальны поспех — гэта таксама добра, калі ты робіш важныя рэчы ў роднай краіне для роднай публікі. Перспектывы для музыкантаў менавіта ў Беларусі, на мой погляд, не радасныя, бо ўсё ўпіраецца ў фінансавае пытанне: канцэрт можа як заўгодна моцна спадабацца публіцы, але калі калектыў за яго нічога не атрымае, то ў рэшце рэшт у яго не застанецца грошай на тое, каб да сваіх канцэртаў дабірацца. У нашай сферы акадэмічнай музыкі грошай няма, а калі ёсць, то па рэшткавым прынцыпе. Трэба сказаць, шмат хто з музыкантаў застаецца альбо нават вяртаецца. Я пяць гадоў пражыў у Галандыі і вярнуўся, таму што хачу быць у сваім доме — не ў чужым шыкоўным палацы, а ў маленькай кватэры, якую магу назваць домам.

— Вы казалі пра лакальны поспех, але калі ў нас няма музычнай індустрыі, а публіка вялікай любоўю да класічнай музыкі не адзначаецца, ці не з'яўляецца ён умоўным?

— Усё залежыць ад чалавека і яго запытаў. Калі ён хоча міжнароднага прызнання — робіць для гэтага адпаведныя крокі, а калі ставіць задачай данесці сваю ідэю, «любоў, братэрства і мір», — пачынае нешта іншае. У маім разуменні лакальны поспех — гэта добра, таму што мне дастаткова закрануць музыкай хоць бы аднаго чалавека. Калі са ста два-тры слухачы мяне зразумеюць, мэта дасягнута. Я адчуваю сябе медыумам паміж кампазітарам і публікай, які павінен данесці да другога ідэю першага. Само па сабе мастацтва — яно не для сябе, я перакананы, таму і задача зрабіць кар'еру не першарадная. У метро ніхто не просіць у мяне аўтограф, а ў краме не прапускаюць без чаргі, але для мяне гэта не з'яўляецца паказчыкам, таму што поспех у тым, каб данесці ідэю музычнага твора, каб аркестр прагучаў, каб атрымаўся добры канцэрт.

— Часам творчасць, гэтаму ёсць нядаўнія прыклады, сустракаецца з непаразуменнем чыноўніцкіх структур. Калі казаць пра беларускую акадэмічную музыку, ці ёсць тут нейкія сілы, што перашкаджаюць сферы музыкі развівацца?

— Развіццю нашай акадэмічнай музыкі перашкаджаюць адсутнасць належнага фінансавання і распаўсюджанае перакананне ў тым, што класіка для выбраных, хоць яна для ўсіх, проста аўдыторыю трэба выхоўваць, пачынаючы з першых класаў. Ва ўсе часы былі чыноўнікі без адпаведных ведаў, але са сваім меркаваннем. Яны ёсць паўсюль, а нам у такіх умовах трэба проста рабіць сваю справу.

— Беларуская публіка і замежная публіка — ці ёсць розніца?

— Прынцыповай розніцы няма, таму што водгук на музыку мае ірацыянальны характар: ты ўспрымаеш яе не толькі мозгам, але і сэрцам. Паўсюль жа аднолькавы водгук на словы «Я цябе кахаю» — альбо «я цябе таксама», альбо «а я цябе не», адрозненне толькі ў кантэксце. Музыка таксама альбо даходзіць, альбо не, людзі альбо прымаюць яе, альбо не, вочы ў іх альбо гараць, альбо сумуюць. І еўрапейцы вельмі розныя — ёсць скаваныя скандынавы, а ёсць экспрэсіўныя італьянцы, але водгук на музыку паўсюль адзін і той жа.

Гутарыла Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Фота з асабістага архіва Аляксандра ХУМАЛЫ і Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?