Вы тут

Прычыны сакрэту самага працяглага ў беларускай адукацыі праекта


Лета, ліпень, пачатак доўгачаканага настаўніцкага адпачынку. Яго чакаеш увесь год, рыхтуешся, выбіраеш маршруты для падарожжаў. Але для многіх беларускіх настаўнікаў адзін маршрут застаецца нязменным ужо шмат гадоў: Гродзенская вобласць, Астравецкі раён, бераг ракі Страча каля вёскі Альхоўка. Менавіта тут кожны год збіраюцца педагогі ў свой метадычны летнік, каб правесці незабыўны тыдзень творчасці і адкрыццяў.


Ідэя яго правядзення належыць Анатолю Бацюлеву і Мікалаю Запрудскаму. Яна нарадзілася падчас дэсанту нашых вядомых настаўнікаў фізікі ў Гродна шмат гадоў таму, а сёлета ўжо адбыўся юбілейны трыццаты летнік. Праект, які існуе столькі гадоў, варты ўвагі і заслугоўвае асаблівай павагі. Чаму? Паспрабую адказаць. Назаву сем прычын, чаму настаўнікі едуць у Альхоўку.

Прычына першая. Якім бы ні быў ваш вопыт педагагічнай дзейнасці, тут заўсёды ёсць чаму павучыцца. Тэма летніка кожны раз новая і запатрабаваная часам. Напрыклад, сёлета ў цэнтры ўвагі аказалася праектнае навучанне. Каб патрапіць у летнік, трэба даслаць асабістую заяўку і прайсці пэўны конкурс, але для навічкоў адмоў амаль не бывае.

Прычына другая. Тут не бывае сумна і нецікава. Заняткі праводзяцца або ў школе, або пад спевы птушак у «зялёным класе» на свежым паветры. Інтэрактыўныя лекцыі чаргуюцца з практычнымі заняткамі, прадстаўленне ўласнага вопыту — з групавой распрацоўкай праектаў. Падчас трыццатага летніка кожны ўдзельнік распрацаваў з калегамі і прэзентаваў два праекты. Былі нават прэзентацыі ў выглядзе ўрока для дарослых, а гэта найвышэйшы пілатаж у рабоце з дарослай педагагічнай аудыторыяй.

Прычына трэцяя — лідар. Нязменным арганізатарам праекта застаецца прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук Мікалай Іванавіч ЗАПРУДСКІ. Менавіта яго аўтарскія курсы складаюць вучэбную аснову летніка ў апошнія два дзесяцігоддзі. Падчас трыццатага летніка альхоўская грамадскасць прысвоіла яму званне народнага дыдакта — педагога, які ўмее запальваць вочы настаўнікаў новымі ідэямі, ствараць цікавыя агульныя справы, адкрываць новыя гарызонты ў педагогіцы. Як сапраўдны лідар, ён вядзе за сабой, натхняе і падтрымлівае.

Прычына чацвёртая — стасункі падчас летніка. Тут збіраюцца настаўнікі, аб'яднаныя агульнай мэтай, са свежым крэатыўным мысленнем, гатовыя вучыцца і дзяліцца сваімі прафесійнымі знаходкамі. У Альхоўцы знаходзіш новых сяброў і з радасцю сустракаешся са старымі. Цяпло чалавечых сэрцаў, сапраўднае сяброўства і высокі прафесіяналізм ствараюць асаблівы настрой і энергетыку гэтага месца. Тут няма выпадковых людзей — сюды прыязджаюць асэнсавана...

Прычына пятая — актыўнае «пазакласнае» жыццё. Не вучобай адзінай жывы настаўнік. Кожны дзень у летніку праходзяць мерапрыемствы, якія рыхтуюць самі ўдзельнікі. Многія з іх за 30 гадоў сталі традыцыяй. Напрыклад, чароўнае Купалле з песнямі, карагодамі, скачкамі праз вогнішча і, вядома ж, пошукамі папараць-кветкі. Урачыстая «Акадэмія», падчас якой тых, хто працаваў у летніку дзесяць гадоў, прымаюць у Акадэмію альхоўскіх навук, а таксама віншуюць юбіляраў летніка, якія прыехалі сюды пяты, пятнаццаты, дваццаты і дваццаць пяты разы. Начное арыентаванне, калі каманды настаўнікаў ноччу шукаюць пікеты ў лесе і выконваюць жартоўныя заданні пікетчыкаў.

Кожны раз уражвае сваім крэатывам канцэрт першагодак (так называюць тых педагогаў, якія прыехалі ў летнік упершыню). Нельга не згадаць і пра інтэлектуальна-спартыўную паласу перашкод, дзе трэба думаць, бегчы, страляць, рашаць, плаваць і... атрымліваць ад гэтага задавальненне. Ну і, вядома, пра абавязковую паходную лазню з купаннем у возеры Страча з бярозавымі і дубовымі венікамі.

Прычына шостая — мова, родная беларуская мова. Заняткі Мікалай Запрудскі праводзіць толькі на ёй. Беларускую мову можна чуць падчас пазакласных мерапрыемстваў, у зносінах паміж удзельнікамі, у песнях пад гітару каля вячэрняга вогнішча. Гэта не значыць, што нельга размаўляць па-руску. Кожны размаўляе на той мове, на якой яму больш зручна, але факт застаецца фактам — падчас летніка беларуская гучыць часцей! І гэта вельмі прыемна...

Прычына сёмая — прырода. Казачную прыгажосць паляны, акружанай соснамі, на беразе возера словамі перадаць немагчыма. Тут ёсць сям'я лебедзяў, якія кожны год прыплываюць, каб павітацца з педагогамі і пачаставацца. Чорныя рукі і вусны ад смачных чарніц, грыбны пах ад вогнішча, дзе булькае вячэра. Менавіта сярод такой прыгажосці раскінуўся палатачны гарадок, дзе ёсць нават свае вуліцы: Рачная, Французскі бульвар, Шанхай. Чаму Французскі бульвар у беларускім лесе? Таму што яго «жыхары» калісьці прыязджалі ў летнік пераважна на французскіх марках аўтамашын.

Я згадала толькі сем прычын феномена метадычнага летніка для настаўнікаў, хоць насамрэч іх нашмат больш. Проста ў кожнага яны будуць свае: у таго, хто прыехаў упершыню, і ў таго, хто запаўняе свой аўтамабіль палаткамі, кнігамі, падарункамі для сяброў, вудамі ўжо ў дваццаты раз. Калі ты прыязджаеш на паляну, да цябе з усіх бакоў бягуць з абдымкамі і прывітаннямі старыя і новыя сябры. І ты ведаеш, што наперадзе цябе чакае незвычайны тыдзень. З намаганняў, старанняў і працы кожнага ўдзельніка будзе складацца чароўная атмасфера, якая дасць натхненне і зарад творчасці настаўнікам на будучы навучальны год. Таму не сумнявайцеся і прыязджайце на трыццаць першую Альхоўку. Абяцаю вам — не пашкадуеце!

Эла ЯКУБОЎСКАЯ, настаўнік фізікі гімназіі № 1 г. Жодзіна, ганаровы член Акадэміі альхоўскіх навук.

Фота Святланы ЗДАРАНКОВАЙ

Загаловак у газеце: Адкуль настаўнікі чэрпаюць натхненне?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».