Вы тут

Не танна, а якасна: на школьным базары з Ксеніяй Галецкай


Айчынныя вытворцы, падрыхтаваўшыся да новага навучальнага года, выпусцілі новыя мадэлі адзення і абутку дзелавога стылю, шырокі асартымент канцылярскіх прылад, заплечнікаў і г. д. У МАРГ, дарэчы, падлічылі, у якую сумму абыдзецца поўная «аптымальная экіпіроўка» для вучняў малодшых класаў. Але гэта ў тэорыі, а што выбіраюць на практыцы самі вучні і бацькі? Карэспандэнт «Звязды» пабывала на адным са школьных кірмашоў сталіцы з пераможцай дзіцячага конкурсу «Славянскага базару ў Віцебску — 2019» Ксеніяй ГАЛЕЦКАЙ, якая сёлета пойдзе ў 7 клас, і яе мамай Ірынай.


 

— Заплечнік нам ужо не патрэбны, — звужае поле пошукаў Ірына. — Ксюшы яшчэ на Новы год Дзед Мароз падарыў вельмі добры, артапедычны і ўмяшчальны. Спецыяльна выбіралі не сумку, а заплечнік, у якім правільна размяркоўваецца нагрузка. І паколькі гэта быў ужо шосты клас, то звярталі ўвагу на аздабленне — без усякіх там кветачак ці сабачак...

— Пенал у мяне таксама ёсць, — дадае Ксюша. — Як выбірала? Галоўнае, каб туды ўмяшчаліся ручка, аловак, лінейка, ласцік і тачылка, каб нармальна адкрываўся і не займаў шмат месца ў заплечніку. Ну і звонку каб быў прыгожы, канешне. Так... Альбомы, каляровыя алоўкі, фарбы — гэта ўсё для вучобы ўжо не трэба, хоць дома, канешне, ёсць. Мой малодшы брацік часта ўсё гэта раскідвае, асабліва любіць сашчэпкі — рассыпае каробачку, і потым збіраем па ўсёй кватэры.

...У Галецкіх двое старэйшых дзяцей ужо выйшлі са школьнага ўзросту, таму Ірына — мама вопытная ў справе падбору вучнёўскай экіпіроўкі і кіруецца правілам «выбіраць не таннае, а якаснае». Успамінае: раней дачка часта ездзіла па чарнобыльскай лініі на аздараўленне ў Германію, і тамтэйшая сям'я дарыла на дзень нараджэння якасныя канцтавары. Некаторыя, як механічная тачылка, захаваліся і да сёння, а запасы пісьмовых і канцылярскіх прылад клапатлівая мама папаўняе на працягу ўсяго года па меры неабходнасці, скарыстоўваючы зніжкі і распродажы, таму школьны ажыятаж — гэта не пра сямейства Галецкіх.

— Каго больш складана сабраць у школу — хлопчыка ці дзяўчынку? — ставім пытанне рубам.

— Нейкай асаблівай розніцы я не адчула, — усміхаецца Ірына. — Адзенне і абутак мусяць добра сядзець і на хлопчыках, і на дзяўчатах, быць камфортнымі, не замінаць рухам. А вось пры выбары сшыткаў дзяўчаткі больш пераборлівыя: ім хочацца не аднатонныя, а прыгожыя, нават гламурныя, з бліскаўкамі ці чымсьці такім. Хлопчыкам, наадварот, чым прасцей, тым лепш. Што мы ў свой час выбіралі вельмі ўважліва, дык гэта нажніцы, — Ксюша ляўша, так што шукалі спецыяльныя. Але гэта, зразумела, рэч, якую адзін раз набыў і яна засталася надоўга. Пры выбары школьнага адзення звяртаю ўвагу на састаў: калі абутак — то абавязкова фабрычнай вытворчасці і скураны, у гэтым сэнсе мяне вельмі радуюць нашы беларускія вытворцы, тым больш у Ксюшы ўжо 36-ы памер, можна падабраць штосьці больш моднае і ў дарослым аддзеле. Калі адзенне — то натуральнасць тканіны. Сінтэтыка можа быць, каб сукенка ці штаны менш зміналіся і даўжэй служылі, але пераважаць мусяць усё ж натуральныя валокны. Блузкі і кофтачкі выбіраем з Ксюшай такія, каб не апраналіся праз галаву, а зашпільваліся на кнопкі ці гузікі — так зручней пераадзявацца на фізкультуру, а яна ў нашай гімназіі калі не кожны дзень, то праз дзень.

Вывучаем доўгія шэрагі спадніц, кашуль і блузак. Першыя, як нам здаецца, прадстаўлены даволі аднастайна: чорныя альбо цёмна-сінія, хіба пара-тройка клятчастых мадэляў. А вось вешалкі з паўсядзённымі і святочнымі блузкамі выглядаюць больш прывабна.

— О, мама, глядзі, якая кашуля! — Ксюша прыкладвае да сябе ўпадабаную мадэль.

— Між іншым, цікава глядзіцца, калі толькі гэтыя дэкаратыўныя палоскі зносаўстойлівыя, — ацэньвае Ірына. — І састаў неблагі, і цана прымальная, тым больш калі прыйсці ў дні зніжак... Мне як маці больш даспадобы блузкі з карункамі па каўняры — на мой погляд, яны ўпрыгожваюць любую дзяўчынку, — а наверх, калі холадна, можна падабраць камізэльку ці кофтачку.

— Спадніцы мне падабаюцца досыць свабодныя, як зараз на мне, — дэманструе дзяўчынка. — Хоць у школу ў спадніцы я хаджу і нячаста, напэўна, толькі ў пачатку восені, потым «перабіраюся» ў штаны, бо дабірацца да школы далекавата, і зручную кофту. Таму і з калготкамі асабліва доўга не выбіраю — некалькі пар капронавых на восень, а пад штаны ўсё роўна, які там малюнак. На фізкультуру — дзве белыя майкі і спартыўныя штаны накшталт легінсаў.

У школьных сарафанах і сукенках, у адзін голас сцвярджаюць маці і дачка, на першым месцы зручнасць: «Старэйшай дачцэ ў свой час набылі прыгожы сарафан з засцежкай на спіне — і хоць у першым класе я ёй дапамагала з адзеннем, але самастойна малодшым школьнікам такую засцежку зашпільваць цяжка, цяпер таксама звяртаю на гэта ўвагу», — расказвае Ірына Галецкая.

— Сёння многія бацькі адчуваюць пэўную настальгію па савецкай школьнай форме...

— З пункту гледжання практычнасці і натуральнасці — так, мне падабалася форма, хоць шарсцяныя сукенкі і калоліся, але затое не зношваліся гадамі. У мяне, дарэчы, таксама захаваліся тыя карычневая сукенка і фартух — прыгожы, не «хэбэшны», а капронавы, яго набывалі ў Славакіі яшчэ ў час страшнага дэфіцыту, і я была вельмі модная дзяўчынка.

— А я звярнула ўвагу, калі праглядала старонкі ў «Інстаграме», што многія старшакласнікі і сёння выбіралі для выпускнога вечара савецкую школьную форму, — дадае Ксюша.

Пераходзім да паліц з канцылярскімі таварамі. «Так, ручкі трэба паспрабаваць, пажадана каб быў тонкі стрыжань і цёмнае чарніла, але ўрэшце галоўнае, каб якасна пісала», — разглядае без пяці хвілін сямікласніца прапанаваны асартымент. Уважліва перабірае і тоўстыя сшыткі, якіх трэба многа: Ксенія вывучае ажно чатыры замежныя мовы — англійскую, французскую, кітайскую і нямецкую плюс руская і беларуская, ды матэматыка, ды яшчэ сёлета пачнецца фізіка...

— У вашай гімназіі ёсць якія-небудзь патрабаванні да сшыткаў — напрыклад, каб былі толькі аднатонныя, без малюнкаў?

— Мы і самі ўжо, напэўна, «перараслі» сшыткі з матылькамі і кветачкамі на вокладках. У школе, дзе я цяпер вучуся, ёсць такая завядзёнка — на ўвесь клас закупляем аднолькавага колеру сшыткі для кантрольных, а іншых абавязковых патрабаванняў няма. Сама стараюся падбіраць на кожны прадмет розныя, каб не блытаць — напрыклад, летась у мяне была цэлая калекцыя сшыткаў, аформленых у марскім стылі. Дарэчы, раней я вельмі любіла збіраць сшыткі, нават калі яны не былі патрэбныя. І, мабыць, на кожным школьным кірмашу мы з мамай куплялі што-небудзь новенькае і прыгожае — я магла іх нават не спісаць цалкам, проста скласці ў стосік, каб ляжалі і радавалі вока. Таксама ў мяне некалькі папак для замежных моў — там змяшчаюцца і раздрукоўкі з заданнямі, і рабочыя сшыткі.

Наогул, расказвае мама, Ксенія вельмі самастойная і адказная вучаніца. Яе не трэба будзіць і прыспешваць, дзяўчынка робіць усё самастойна і паспявае не толькі паспяхова вучыцца, але яшчэ займацца ў дзіцячай студыі Malіnovka by Spamash, удзельнічаць у рэспубліканскіх і міжнародных вакальных конкурсах — і, натуральна, марыць звязаць жыццё з музыкай. «А яшчэ хацелася б вучыцца ў Оксфардзе, не дзеля прэстыжу, а таму, што ўзровень ведаў, якія там даюць, прызнаны ва ўсім свеце», — дзеліцца Ксюша на развітанне. І хто сказаў, што гэтыя планы нязбыўныя?

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».