Вы тут

Што пакажуць беларусы на 45-м чэмпіянаце WоrldSkіlls Іntеrnаtіоnаl?


З 22 да 27 жніўня ў Казані пройдзе 45-ы чэмпіянат WоrldSkіlls Іntеrnаtіоnаl, у якім возьмуць удзел і беларусы. Размова ідзе пра самы прэстыжны ў свеце конкурс прафесійнага майстэрства.


Галоўная яго мэта — папулярызацыя рабочых прафесій у сучасным грамадстве, у тым ліку праз правядзенне міжнародных спаборніцтваў, якія яшчэ называюць алімпіядай у прафесійным майстэрстве. Удзельнічаць у іх могуць навучэнцы прафесійных устаноў адукацыі (у тым ліку і студэнты ВНУ) ці маладыя спецыялісты ва ўзросце да 22 гадоў (у асобных кампетэнцыях — да 25 гадоў).

На сённяшні дзень асацыяцыя WorldSkіlls Іnternatіonal аб'ядноўвае 78 краін-удзельніц, дзе пражывае больш за 70 працэнтаў насельніцтва зямнога шара. Спаборніцтвы праводзяцца кожныя два гады ў міжнародным фармаце на працягу ўжо больш як 60 гадоў. Для ўдзелу ў чэмпіянаце, які прыме ў канцы жніўня Казань, зарэгістравалася больш за 1,5 тысячы ахвотных з 63 краін. За работай канкурсантаў будуць сачыць дзве тысячы экспертаў. Адкуль такая вялікая цікавасць у свеце да руху WоrldSkіlls?

— Пераацаніць значэнне руху WоrldSkіlls немагчыма. Гэта проста ідэальная пляцоўка для абмену ведамі, вопытам і найлепшымі практыкамі ўдасканалення сістэмы падрыхтоўкі кадраў, — разважае начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей КАСПЯРОВІЧ. — Спаборніцтвы праходзяць у такіх прафесійных сферах, як транспарт і лагістыка, будаўніцтва, тэхналогіі машынабудавання, інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі, сфера паслуг, творчыя прафесіі і дызайн. Але спаборніцтвы праводзяцца не дзеля саміх спаборніцтваў. Іх фармат выкарыстоўваецца для таго, каб павысіць прэстыж рабочых прафесій сярод моладзі і спрыяць распаўсюджванню ў свеце міжнародных прафесійных стандартаў.

Заданні на міжнародных чэмпіянатах з'яўляюцца, па сутнасці, адлюстраваннем тых найноўшых тэхналогій, што ўкараняюцца ў рэальны сектар эканомікі і фарміруюцца экспертамі з усяго свету ў канкрэтнай кампетэнцыі. Увогуле, прафесійныя стандарты WоrldSkіlls — гэта своеасаблівы выклік для нацыянальнай сістэмы прафесійнай адукацыі, паколькі патэнцыйныя інвестары ацэньваюць перш-наперш нашу краіну. Для таго каб выпускаць канкурэнтаздольную на знешніх рынках прадукцыю, патрабуюцца не толькі сучасныя тэхналогіі, але і спецыялісты самай высокай кваліфікацыі, якія змогуць працаваць на сучасным абсталяванні. А каб зразумець, наколькі кампетэнцыі, якімі валодаюць навучэнцы і выпускнікі нашых устаноў адукацыі, адпавядаюць сусветным стандартам падрыхтоўкі спецыялістаў, мы павінны выкарыстоўваць міжнародныя індыкатары якасці.

— У Казані спаборніцтвы будуць праходзіць па 56 конкурсных кампетэнцыях. Таксама ўпершыню будзе прадстаўлены блок Future Skіlls — прафесіі будучыні: квантавыя тэхналогіі, тэхналогія інфармацыйнага мадэлявання будынкаў, тэхналогіі кампазітаў, 3D-прататыпаванне, інтэрнэт рэчаў, індустрыя 4.0, інжынерыя касмічных сістэм, віртуальная дапоўненая рэальнасць, рабатызаваная зварка, лічбавы мадэльер, лазерныя тэхналогіі, геномная інжынерыя, эксплуатацыя беспілотных авіяцыйных сістэм і іншыя, — расказвае рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый ГАЛУБОЎСКІ. — Спаборніцтвы абяцаюць быць не толькі самымі маштабнымі, але і самымі цікавымі. Пройдзе і чэмпіянат юніёраў WorldSkіlls Junіors па 13 конкурсных кампетэнцыях, на які мы выстаўляем чатырох сваіх удзельнікаў.

Беларусь будуць прадстаўляць на 45-м чэмпіянаце WоrldSkіlls Іntеrnаtіоnаl 36 канкурсантаў — усе яны былі пераможцамі ці прызёрамі чэмпіянату WorldSkіlls Belarus 2018. Іх падрыхтоўка да міжнародных спаборніцтваў вялася цэлы год. Яны стажыраваліся ў 18 краінах, прымалі ўдзел у рэгіянальных чэмпіянатах WSІ, самыя буйныя з іх Worldskіlls Asіa — Abu Dhabі 2018 і VІ Адкрыты чэмпіянат «Маладыя прафесіяналы» ў Расіі.

А яшчэ ўсе члены нацыянальнай зборнай прайшлі пяцідзённы псіхалагічны трэнінг на стрэсаўстойлівасць і ўменне кіраваць сваімі эмоцыямі. Іх навучылі быць сапраўднай камандай!

На 44-м сусветным першынстве ў Абу-Дабі (ААЭ) два гады таму ўдзельнічалі больш як 1200 канкурсантаў з 59 краін. Беларусь заняла ў агульнакамандным рэйтынгу 16-е месца. Але поўнай нечаканасцю для многіх сталі новыя ўмовы для атрымання медаля выдатніка. (На англійскай мове назва ўзнагароды гучыць як Medal of Excellence — медаль дасканаласці, або перавагі.) У 2015 годзе на сусветным першынстве ў Бразіліі іх выдавалі ўдзельнікам чэмпіянату, якія набралі 500 і больш балаў, але не былі ўзнагароджаны залатым, сярэбраным ці бронзавым медалём. А ў Абу-Дабі неабходна было набраць у асабістым заліку ўжо 700 балаў. Большасць членаў беларускай каманды атрымалі больш як 650 балаў, прычым аднаму з іх да пераможнага медаля не хапіла ўсяго трох балаў. Медаль выдатніка ў намінацыі «цырульнае мастацтва» заваявала толькі выпускніца Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання Надзея Кашцялян.

У тым, што ў Казані беларусам не будзе проста, ніхто не сумняваецца. І планка для атрымання медаля выдатніка ўжо не апусціцца.

— У руху WоrldSkіlls намецілася тэндэнцыя — зрабіць як мага большы аб'ём заданняў невядомым для канкурсантаў, — тлумачыць Валерый Галубоўскі. — Калі раней 70 % конкурснага задання раскрывалася загадзя, а 30 % захоўвалася ў «чорнай скрыні», то цяпер большасць экспертаў кажуць пра тое, што адкрытыя заданні дазваляюць прадстаўнікам некаторых краін (пераважна азіяцкіх, якія традыцыйна лідзіруюць у рэйтынгу WSІ) за два гады натрэніраваць свае навыкі да аўтаматызму, каб паказаць максімальныя вынікі на спаборніцтвах. Але гэта не адлюстроўвае рэальны ўзровень падрыхтоўкі кадраў у краіне. І мы пры правядзенні нацыянальнага чэмпіянату разумеем, што чэмпіянат прафесійнага майстэрства — не спорт: там не вызначаюць, хто самы хуткі ці самы дужы. Галоўнае для нас — удасканаленне якасці прафесійнай адукацыі на ўсіх яе ўзроўнях.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: WоrldSkіlls — не спорт

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».